Стала вядома, хто здымаў удзельнікаў Дня Волі ў Вільні для спецслужбаў Лукашэнкі

Мікола Багатыр злева, Ганна Б. справа. Пасярэдзіне сябра Міколы, які, з яго словаў, прысутнічаў, але нічога не здымаў

Мікола Багатыр злева, Ганна Б. справа. Пасярэдзіне сябра Міколы, які, з яго словаў, прысутнічаў, але нічога не здымаў / Радыё Свабода

25 сакавіка беларусы Вільні правялі акцыі ў гонар Дня Волі. А на наступны дзень лукашэнкаўская прапаганда паказала кадры з тварамі ўдзельнікаў акцыяў. Пагрозы на іх адрас агучыў Раман Пратасевіч.

Як высветліла Радыё Свабода, відэа знялі ўкраінскія студэнты. На іх выйшаў ананімны акаўнт, нібыта звязаны з журналістамі "Новой газеты Европа". За здымкі яны атрымалі па 70 долараў.

Хлопца з дзяўчынай, якія вялі здымкі некалькіх акцый на працягу дня, заўважылі беларускія актывісты. Тыя не хавалі твараў, таму не выклікалі шмат падазрэнняў у прысутных. На акцыі ўвечары іх было ўжо трое. Маладымі людзьмі зацікавілася паліцыя, што ахоўвала мітынг, але пасля кароткай размовы іх адпусцілі. "Паліцыянты сказалі, што праверылі дакументы незнаёмцаў, што яны з Украіны, але доказаў, што тыя працуюць "на замову", няма. На гэтым усё скончылася", — кажа адна з удзельніц акцыі.

На наступны дзень знятыя імі кадры з'явіліся ў праграме Рамана Пратасевіча.

Журналісты высветлілі, што гэта маладыя людзі з Украіны. Дзяўчына — студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні.

Радыё Свабода пагаварыла з Міколам Багатыром — хлопцам, які вёў здымкі. Яму 19 гадоў, у Літву пераехаў у 2022-м, вучыцца анлайн, завочна ва ўкраінскім універсітэце на спецыяльнасці, звязанай з медыя і СММ.

Хлопец расказаў, што ведае пра сітуацыю ў Беларусі, сам планаваў пайсці на мітынг. Весці здымкі яму прапанавала анлайн-сяброўка, сказаўшы, што гэта для выдання "Новая газета Европа".

"Я прагугліў, што такое „Новая Газета Европа“. Паглядзеў, што добрае медыя, што ёсць такі рэдактар Ірына, чаму не паспрабаваць. Тым больш што паабяцалі 70 долараў", — прызнаецца Мікола.

Цяпер падмануты ўкраінец хвалюецца за лёс знятых ім людзей: "Мне сказалі, што будуць праблемы ў гэтых людзей. Ну вось мужчына, які прыехаў на машынцы Wolt, ён з намі размаўляў, усміхаўся. Гэта шчыры чалавек, вельмі добры. Я б не хацеў яго падставіць. З майго боку я прыношу свае прабачэнні. Я ніколі не думаў, што так пападуся. Асабліва людзей падставіць. Для мяне важная рэпутацыя, таму я з вамі зараз і размаўляю. Я дакладна не хацеў сябе так зарэкамэндаваць. Я маю на ўвазе — я выступаю як чалавек з Украіны, зарэкамэндаваць сваю краіну з такога гнілога боку не хацелася б".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.