КДБ Беларусі планаваў скампраметаваць Маю Санду — СМІ
Мая Санду
Камітэт дзяржбяспекі Беларусі планаваў скампраметаваць перад выбарамі Маю Санду і выклікаць напружанне ў адносінах паміж Малдовай і Румыніяй. Важная роля адводзілася былому намесніку службы бяспекі і інфармацыі Малдовы Аляксандру Балану, завербаванаму беларускай спецслужбай. Пра дэталі расследавання яго справы пішуць румынскія СМІ, заўважыў MayDay.
Як паведамлялася раней, Аляксандру Балан быў арыштаваны ў Румыніі 8 верасня 2025 года, калі сетку КДБ выкрылі ў некалькіх краінах Еўропы. Паведамлялася, што ён сустракаўся з агентамі беларускіх службаў у Будапешце і за грошы перадаваў інфармацыю. Цяпер яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве.
Выявілася, што Балан захоўваў сакрэтныя дакументы, у ты ліку інфармацыйныя запіскі, адпраўленыя румынскімі спецслужбамі сваім калегам у Малдове, а таксама файл з фотаздымкамі некаторых дзейных супрацоўнікаў румынскай разведкі. Гэтыя дакументы мелі грыф "Строга сакрэтна". Балан па сваёй высокай пасадзе ведаў асобы некалькіх супрацоўнікаў румынскіх спецслужбаў і меў доступ да іншай канфідэнцыйнай інфармацыі па іх дзейнасці.
Таксама ён меў дакументы, складзеныя разведвальнай службай суседняй дзяржавы наконт Румыніі. Следчыя мяркуюць, што перадача гэтай інфармацыі супрацоўнікам КДБ Беларусі была б небяспечная для нацыянальнай бяспекі Румыніі.
У яго электроннай пошце знайшлі рускамоўны ліст пра палітычную і ваенную сітуацыю ва Украіне. Мяркуецца, што крыніцы інфармацыі паходзяць з украінскіх спецслужбаў ці ўкраінскага войска.
У адным з паведамленняў, ідэнтыфікаваных пракуратурай, нібыта змяшчаліся згадкі пра супрацоўніцтва паміж прэзідэнтамі Румыніі і Малдовы, Нікушорам Данам і Маяй Санду. Следства мяркуе, што прадугледжвалася публікацыя артыкула ў міжнароднай прэсе, каб нанесці інфармацыйны ўдар па Маі Санду перад парламенцкімі выбарамі (яны прайшлі ў Малдове пры канцы верасня, і партыя Санду на іх перамагла).