Транзіт беларускага калію з Коўлам не абмяркоўваўся — прэм'ерка Літвы
Інга Ругінене і Джон Коўл / фота са старонкі Ругінене ў Фэйсбуку
Пытанне пра транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву на сустрэчы з Джонам Коўлам не падымалася. Пра гэта заявіла кіраўніца літоўскага ўрада Інга Ругінене.
Як паведамлялася раней, спецпрадстаўнік Трампа па Беларусі ў інтэрв'ю літоўскім СМІ выказаў меркаванне, што Літва павінна адкрыць транзіт для беларускіх калійных угнаенняў. ЗША знялі санкцыі з "Беларуськалія" ў абмен на вызваленне палітвязняў.
Аднак беларускае прадпрыемства па-ранейшаму знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза.
"З пасланнікам ЗША ні на якім узроўні не казалі пра транзіт угнаенняў праз Літву. Мы гаварылі пра шары, пра вяртанне грузавікоў, пра нелегальную міграцыю — пра гэта мы сапраўды гаварылі, паколькі гэта нашы ўмовы для сустрэчы з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў", — перадае партал LRT.lt словы літоўскай прэм'ер-міністаркі.
Літва выстаўляе такія ўмовы:
па-першае, праз мяжу не павінны запускацца метэаралагічныя шары, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды;
па-другое, павінны быць вернутыя ўсе грузавікі без якіх-небудзь дадатковых збораў або фінансавых штрафаў;
па-трэцяе, Беларусь павінна не дапускаць незаконных мігрантаў праз мяжу.
Пры гэтым Ругінене падкрэсліла, што гаворка ідзе пра чыста тэхнічную сустрэчу для абмену пазіцыямі. І адбыцца яна можа пасля выканання агучаных умоваў.