Гібель веласіпедысткі: замест пералому чэрапа ўрачы “выявілі” лёгкія траўмы

24-гадовая Наталля Сак загінула ў канцы траўня пасля аварыі на веладарожцы. Дзяўчына сутыкнулася з 40-гадовым веласіпедыстам Юрыем Ч. Яна змагла падняцца на ногі, адказвала на пытанні. “Хуткая” даставіла Наташу ў сталічную бальніцу хуткай меддапамогі. А там не змаглі выявіць цяжкую траўму і адправілі пацыентку ў звычайную палату. Раніцай дзяўчыны не стала.

Блізкія загінулай звярнуліся ў праваахоўныя органы. Аказалася, што ў прыёмным пакоі Наташы не зрабілі нават тамаграфію галавы (так званае КТ).

Толькі ў пачатку снежня Еўрарадыё сталі вядомыя вынікі праверкі Следчага камітэта. Сваякам загінулай паведамілі, што ніхто не вінаваты і крымінальную справу не распачалі.

Юрый Ч., які сутыкнуўся з Наташай: Ехаў на веласіпедзе з хуткасцю 2 км/г

Пастанова аб адмове ў крымінальнай справе ад самага пачатку здзіўляе некаторымі момантамі. 40-гадовы Юрый Ч., які сутыкнуўся з Наташай Сак, паведаміў следчаму, што ў момант сутыкнення “ехаў накатам з хуткасцю ў пару кіламетраў за гадзіну”. Пара кіламетраў ― гэта 2 км/г. З такой хуткасцю шпацыруюць пешаходы. Адзначым, што ў межах праверкі праводзілася нават трасалагічная экспертыза, вывучаліся пашкоджанні на абодвух веласіпедах. Дарэчы, у выніку ўсёй карцінкі сутыкнення ўстанавіць так і не змаглі.

Але, відаць, не сам факт веласіпеднай аварыі стаў для дзяўчыны фатальным.

Пасля пералому костак чэрапа медыкі не заўважылі нічога падазронага

Блізкія Наталлі Сак ракавым лічаць рашэнне ўрача-нейрахірурга Андрэя Т. з прыёмнага пакоя бальніцы. Там пацыентцы зрабілі ўсяго толькі рэнтген, які пералому чэрапа не паказаў. Хоць трывожныя званочкі заўважыў яшчэ фельчар, які прыехаў на месца веласіпеднай аварыі. “Страта прытомнасці і галюцынаторна-бязглуздыя выказванні”, ― так спасылаюцца на словы медыка з “хуткай” ў “Пастанове” следчага.

Ужо ў бальніцы ўрач-нейрахірург Андрэй Т. выставіў Наташы папярэдні дыягназ: “Закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу, удар мяккіх тканак патыліцы”. І адправіў у палату з пацыентамі, якія шлі на папраўку. На справе, як паказала экспертыза, пашкоджанні дзяўчына атрымала сакрушальныя. Смерць, як паведамляецца, наступіла “ад закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, якую суправаджаў пералом костак чэрапу, кровазліцця над мазгавымі абалонкамі і пад імі ў рэчыва галаўнога мозгу. Траўма ўскладнілася развіццём ацёку і змяшчэннем галаўнога мозгу…”.

Дарэчы, Мінздароўя праводзіла у бальніцы хуткай дапамогі сваю праверку і ў крыўду сваю флагманскую лячэбную ўстанову не дало. Вось як следчаму патлумачылі, чаму ўрач меў права не рабіць Наталлі так званае КТ:

“Паводле загаду Мінздароўя №1110 камп’ютарная тамаграфія галаўнога мозгу з’яўляецца дадатковым метадам даследавання і праводзіцца па паказаннях ― пацыентам, з узроўнем свядомасці 12 балаў і ніжэй (вымярэнні праводзяцца па так званай шкале комы Глазга, ― Еўрарадыё). У Сак Н.В. пры паступленні было 15 балаў”.

Усё склалася супраць гэтай дзяўчынкі. Бамжам робяць КТ, а ёй не зрабілі…

Блізкія Наталлі распавядалі пра тое, што гутарылі з пацыентамі палаты, дзе ляжала дзяўчына. З гэтай гутаркі яны зразумелі, што ў ноч перад смерцю за яе станам асабліва не назіралі. Было страчана зашмат часу. А калі раніцай Наталля “захрыпела”, у рэанімацыі дзяўчыну не ўратавалі. 

Але ў “Пастанове” следчага пра допыты сведак з палаты размовы не вядзецца. Затое яшчэ адзін урач, які дзяжурыў у аддзяленні, паведаміў, што ў 6 гадзін 10 хвілін раніцы “паўторна аглядаў пацыентку”. Паводле яго версіі, Наталлі мераўся ціск, яна была ў свядомасці, адказвала на пытанні, скардзілася на рвоту. А ў 8 раніцы да гэтага ж урача прыбегла медсястра і раптоўна паведаміла, што пацыентка ў коме.

Па волі лёсу ў злашчаснай палаце разам з Наталляй ляжала Л., якая ўсё жыццё прапрацавала ў медыцыне. Звязваемся з жанчынай і просім узгадаць, ці аглядаў Наташу ўрач а шостай раніцы.

Адназначна сцвярджаць складана. Тое, што ўрач заходзіў, мераў ціск і размаўляў з пацыенткай ― хутчэй за ўсё, гэта не зусім адпавядае праўдзе. Я яго не бачыла, але і я магла спаць, ― разважае Л. ― Дзяўчынка, калі яе прывезлі, ні на што не скардзілася. Адзінае, што яна спачатку плакала, было ўражанне, што капрызнічае. Я падыходзіла да яе некалькі разоў, выклікала медсястру, тая ўводзіла ёй прэпараты. А потым я высвятляла, што здарылася з ёй у рэанімацыі. Траўма была, як кажуць, несумяшчальная з жыццём. Казалі, што адзіны шанц быў, калі б адразу з прыёмнага пакоя яе даставілі на аперацыйны стол. Але ўсё тады склалася супраць гэтай дзяўчынкі. Бамжам робяць КТ, а ёй не зрабілі…”.

Яшчэ адна жанчына, А.,  прыйшла у палату а восьмай раніцы, каб адведаць хворую маці. Яе і напалохала тое, што Наталля дзіўна дыхае.

“Я прыйшла і пытаюся ў жанчын: “Даўно яна так храпіць?” Адказваюць: “Так, даўно”. І ніхто не прыходзіў, ― узгадвае А. ― Заходзіла толькі санітарачка, памяняла ложак і сышла. Ведаю, што жанчыны, якія былі ў палаце, давалі паказанні наконт таго, што ў палату не заходзілі”.

Судова-медыцынскі эксперт: тамаграфія галавы не дапамагла б

Судова-медыцынскі эксперт абгрунтаваў тое, што ўрачы не маглі прадказаць бяду, якая здарылася з пацыенткай Сак. І тут усё складна. На думку эксперта, раніцай у Наталлі здарылася “крытычнае парушэнне стану”. А што тычыцца тамаграфіі галавы, то такое даследаванне, паводле логікі эксперта, нічым бы не дапамагло: “Не выкананае КТ не паўплывала б на тактыку вядзення пацыенткі Сак у сувязі з адсутнасцю ачаговай і значнай агульнамазгавой сімптаматыкі”. 

Зрэшты, праверка па факце гібелі Наталлі Сак дагэтуль не завершана. Ужо некалькі месяцаў цягнецца так званая судова-медыцынская экспертыза якасці аказання медыцынскай дапамогі. На момант падрыхтоўкі матэрыялу ў Следчым камітэце нам не змаглі паведаміць пра вынікі экспертызы з-за загрузкі супрацоўнікаў. Але, улічваючы “Пастанову”, якую атрымалі блізкія Наталлі Сак, пра нейкія парушэнні ў бальніцы хуткай меддапамогі мы так і не пачуем.

Сумная гісторыя з гібеллю Наташы ― толькі адзін са скандалаў гэтага года ў беларускай медыцыне. За дні да сутыкнення веласіпедыстаў у Мінску трагедыя здарылася ў брэсцкім філіяле медцэнтра “ЛАДЭ”. Дзяўчына прыйшла на прыём да гінеколага, і пасля ўвядзення не названага пакуль прэпарата яна загінула праз анафілактычны шок. Днямі стала вядома пра выпадак на Віцебшчыне. 11-гадоваму хлопчыку няўдала наклалі гіпс і не адрэагавалі належным чынам на скаргі маленькага пацыента.  У выніку дзіцяці ампутавалі левую руку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі