Вы тут

Дзіцячы кардыёлаг Алена Баранава расказала, як яе звальнялі з "Ладэ"

Алена Баранава / svaboda.org

Дзіцячы кардыёлаг Алена Баранава ў красавіку страціла працу праз лютаўскі каментар у Facebook. Пад чужым допісам яна пакінула некалькі рэплік пра тое, што пасля ўбачанага ў жніўні на Акрэсціна і затрымання сына яна не хацела б лячыць сілавікоў.

Праз некалькі месяцаў яе каментар заўважыла адыёзная мастачка Святлана Жыгімонт, а затым падхапіў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. Да галоўурача Алену выклікалі проста з прыёму, які яна вяла ў РНПЦ "Маці і дзіця", і прымусілі напісаць заяву. На наступны дзень ёй патэлефанавалі з прыватнага медцэнтра "Ладэ", дзе яна таксама дагэтуль працавала — папрасілі прыехаць на размову.  

"Калі я прыехала туды, было сказана, што дырэктара выклікалі з нагоды мяне ў Міністэрства аховы здароўя. І было сказана канкрэтна — звольніць Баранаву. Без тлумачэння прычын", расказала дзіцячы кардыёлаг у інтэрв'ю "Радыё Свабода".

Баранаву звольнілі і з "Ладэ".

"Мне давялося, праўда, тлумачыць, што здарылася. Там таксама ўсе былі здзіўленыя і ашаломленыя. Але тым не менш змусілі напісаць заяву", — расказала яна.

Доктарка кажа, што ў тым каментары яна выказала тое, што думала і адчувала. "Любіць або ненавідзець кожны мае права. І да справы гэта наогул ніяк не адносіцца", — тлумачыць яна. У жніўні пасля выбараў яна правяла пэўны час у ізалятары на Акрэсціна, дапамагала як доктар-валянцёр людзям, якія выходзілі на свабоду. Паводле яе слоў, тое валанцёрства вельмі моцна на яе паўплывала — "жыць як раней і забыць немагчыма".

Акрамя таго, Алена Баранава перажыла затрыманне сына — яго таксама судзілі, пакаралі штрафам.

Яна разумее, што цяпер яе выціскаюць з медыцыны ў Беларусі. Калі знайсці працу на радзіме не атрымаецца, "давядзецца шукаць працу ў іншым месцы", кажа яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.