Дэпутат Вярхоўнай Рады: "беларускае пытанне" паралізавала Украіну

Іна Соўсун у Вярхоўнай Радзе​
Іна Соўсун у Вярхоўнай Радзе​

У жніўні 2020 года дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад партыі "Голас" Іна Соўсун прапаноўвала правесці пазачарговае пасяджэнне па падзеях у Беларусі. Украіна тады прыпыніла дыпламатычныя адносіны з беларускімі ўладамі, там на ўсю моц рыхтаваліся папраўкі, якія спрашчаюць рэлакацыю для грамадзян Беларусі.

Але цяпер рыторыка змянілася. Папраўкі — напрыклад, падаўжэнне тэрміну бязвыезнага пражывання да 180 дзён — так і не былі ўнесены, а МЗС Украіны неадназначна выказваецца пра працяг дыялогу са Святланай Ціханоўскай. Еўрарадыё паразмаўляла з Інай Соўсун, каб зразумець: гэта ўжо "зрада" ці яшчэ не і як далей будуць развівацца беларуска-ўкраінскія адносіны.

Еўрарадыё: Чаму Украіна так і не спрасціла для грамадзян Беларусі атрыманне ВНЖ, не павялічыла колькасць дзён знаходжання? Хоць бы для тых, якія вымушаны бегчы ад пераследу на бацькаўшчыне?

Іна Соўсун: На вялікі жаль, сёння няма ніякіх фінальных рашэнняў па гэтым пытанні з боку ўкраінскіх уладаў. Я як народны дэпутат некалькі разоў звярталася са спробай зразумець іх пазіцыю па "беларускім" пытанні. Магу зрабіць некалькі ключавых высноў.

Першая. Украіна як дзяржава на палітычным узроўні не ўстанавіла, што ў Беларусі адбываецца нешта надзвычайнае. А ў Беларусі цяпер такая сітуацыя, якая змушае грамадзян Беларусі ўцякаць з краіны. Але нашы ўлады не бачаць падстаў рабіць нешта ў дачыненні да грамадзян Беларусі. Гэта праблема будзе да таго часу, пакуль улады не скажуць ад асобы Украіны: "У Беларусі адбываецца нешта дрэннае".

Другая. Да гэтага часу дакладна не абазначана — а хто ва Украіне адказны за гэта пытанне? І тут, на самай справе, ёсць варыянты. МЗС, міграцыйная служба, яшчэ нехта. Але павінен быць адзін пункт прыняцця рашэнняў. Магчыма, які-небудзь спецыяльны камітэт, камісія. На цяперашні момант ніякага адзінага пункта збору па пытанні Беларусі мы не маем. І таму розныя ведамствы кіруюцца сваёй уласнай логікай і разуменнем пытання. Паміж імі ніякай камунікацыі не існуе. У выніку гэтага мы атрымліваем сітуацыю, калі агульнае рашэнне не прымаецца. І атрымліваецца, што Украіна актыўнай салідарнасці з грамадзянамі Беларусі так і не прадэманстравала, на вялікі жаль.

Еўрарадыё: Чыя ў гэтым віна? Зяленскага?

Іна Соўсун: Прэзідэнт, безумоўна, адказны за знешнюю палітыку. Дакладнай фармулёўкі наконт свайго стаўлення з нагоды выбараў у Беларусі і таго, што там адбываецца, ён цяпер не мае. І вось гэта нежаданне заняць нейкую пазіцыю... У гэтым выпадку прэзідэнт і офіс прэзідэнта жадаюць уседзець на двух крэслах. З аднаго боку пратэстоўцы, якіх трэба падтрымаць. З другога боку — жаданне захаваць адносіны з Лукашэнкам.

Еўрарадыё: Што перашкаджае заняць любое з гэтых крэслаў? Уплыў Расіі?

Іна Соўсун: Я не магу казаць, так або не. Але мы ведаем, што кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны [Андрэя Ермака. — Еўрарадыё] называюць чалавекам прарасійскім. Чалавекам, блізкім да расійскіх палітычных эліт, які лічыць за лепшае рухацца ў парадыгме свету з Расіяй. Таму магу сказаць, як мне здаецца, расійскі фактар моцна ўплывае на беларуска-расійскія адносіны. Але ніякіх непасрэдных сведчанняў гэтаму я не маю. Хоць хіба гэта не сведчанне, калі фракцыя "Слуга народа", фракцыя большасці, фракцыя прэзідэнта, не можа сфармуляваць пазіцыю па беларускім пытанні? За гэты доўгі час ужо, у прынцыпе, можна было сказаць, якое ў іх стаўленне да пратэстаў, якія адбываюцца ў Мінску і іншых беларускіх гарадах. Гэта вельмі паказальны фактар.

Депутат Верховной рады: “белорусский вопрос” парализовал Украину

Еўрарадыё: А дыялог са Святланай Ціханоўскай таксама забуксаваў — праз яе пазіцыю па Крыме і Данбасе.

Іна Соўсун: Бясспрэчна, для Украіны пытанні Крыма і Данбаса — балючыя. Гэта пытанні нашага суверэнітэту. І павагі нашага суверэнітэту. Разам з гэтым я выдатна разумею, што існуе вялікая колькасць абмежаванняў праз тое, як сцверджанні пра Украіну ўспрымуць у Беларусі. Я думаю, большай праблемай ёсць не публічныя заявы Ціханоўскай, а адсутнасць адэкватнага кантакту з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі з боку ўкраінскіх уладаў. Калі б такі дыялог існаваў, то большую частку напружання, я б хацела верыць, можна было б зняць. І, як я разумею, большасць у беларускай апазіцыі разумее незаконнасць акупацыі Крыма і абсалютна не прымае дзеянні, якія адбываюцца на ўсходзе Украіны. З дапамогай дыялогу можна было б зразумець, як рухацца далей.

Еўрарадыё: Ці існуе наогул дыялог цяпер паміж Беларуссю і Украінай? Як можна апісаць гэтыя ўзаемаадносіны?

Іна Соўсун: Шчыра сказаўшы, цяпер такая няпэўная сітуацыя. Украіна як дзяржава не можа зразумець, што рабіць. І праз гэта яна фактычна паралізаваная. Яны разумеюць, што Украіна пасля Майдану, пасля таго, што ў нас адбылося, не можа падтрымліваць Лукашэнку, дзякуй богу. З іншага боку, ёсць нейкі страх у падтрымцы апазіцыі. Гэта паралізуе палітычныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Беларусі. Як я ведаю, кантакты на высокіх узроўнях адбываюцца, але на ўзроўні офіса прэзідэнта, гэта, зноў жа, як я ведаю, кантактаў вельмі-вельмі мала. Як няма непасрэдных кантактаў і з апазіцыяй, як я ведаю.

Еўрарадыё: Незразумела чаму.

Іна Соўсун: Я ведаю, што пытанне прыезду Ціханоўскай у Кіеў ужо абмяркоўвалі. Цяпер зноў пачаліся такія размовы. Але ў мяне асабіста няма разумення, на якім узроўні яна зможа правесці гэтыя сустрэчы. У мяне таксама няма разумення, з чым яна да нас прыедзе — гэта пытанне да беларускай апазіцыі. А з іншага боку, ёсць пытанне — хто яе павінен тут сустракаць? І на якой пазіцыі з ёй размаўляць? Так што Украіна — у паралізаванай пазіцыі. І нічога з гэтым не робіць.

Еўрарадыё: Ці шмат наогул цяпер беларусаў, якія разлічваюць на дапамогу Украіны?

Іна Соўсун: Я звярталася ў Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, каб яны далі мне інфармацыю. Паводле інфармацыі памежнай службы, з 1 верасня да 1 кастрычніка на тэрыторыю Украіны ўехала 25 007 грамадзян і выехала 27 173 грамадзяніны Рэспублікі Беларусь. Але гэта паточны рух, у якім беларускія грамадзяне, якія выехалі з палітычных прычын, не фіксуюцца.

Таму ўкраінскімі органамі і выканаўчай уладай лічыцца, што колькасць беларусаў, якія разлічваюць на дапамогу ад Украіны, — невялікая. Але тут ёсць лагічная памылка. Украіна не дае ніякіх адэкватных механізмаў падтрымкі грамадзянам Беларусі, якія прыязджаюць ва Украіну з палітычных прычын. І атрымліваецца, што іх сапраўды аказваецца мала, таму што ім прасцей паехаць у Польшчу ці Літву, дзе ім дапамогуць, чым ехаць ва Украіну, якая ім не дапаможа.

Адпаведна, гэта пытанне "курыца і яйка". Калі б Украіна давала больш падтрымкі, то грамадзян Беларусі прыязджала б больш. А калі беларусы ведаюць, што ва Украіне ім моцна не дапамогуць, то выезд ва Украіну яны выкарыстоўваюць у крайнім выпадку. 

Еўрарадыё: А тут яшчэ і новы штам каранавіруса, і закрыццё беларускіх межаў на выезд.

Іна Соўсун: Сапраўды, сітуацыя няпростая. Але простага рашэння, акрамя максімальнай кансалідацыі міжнароднай супольнасці, быць і не можа. Цяпер трэба настройвацца, што будзе працяглая кампанія і працяглая барацьба. І мне б хацелася тут думаць пра нейкія хуткія рашэнні, але я, на жаль, іх не бачу. Здаецца, іх не існуе.

Цяпер варта, і Украіне ў тым ліку, пабудаваць такую міжнародную лінію падтрымкі Беларусі, каб дамагчыся правядзення новых дэмакратычных выбараў. Але для гэтага трэба, каб Еўрасаюз і іншыя краіны сумесна ажыццяўлялі ціск на рэжым Лукашэнкі. У тым ліку санкцыйны. Тут мая асабістая пазіцыя — увядзенне максімальных санкцый да Беларусі, каб прымусіць Лукашэнку неяк рэагаваць.

Мы, як прадстаўнікі партыі "Голас", і я асабіста вельмі хварэем за тое, каб гэта ўсё было сфармулявана хутчэй. Пасля таго як мы перажылі Майдан, мы проста абавязаныя падтрымліваць працэсы дэмакратызацыі ў суседнім рэгіёне. І гэта стратэгічна, геапалітычна правільна для Украіны. І я асабіста займаюся гэтым пытаннем, раблю ўсё магчымае. Я ўпэўненая, што гэта важна нават для ўкраінскай бяспекі. Разам з гэтым разумею, што гэта будзе доўга і няпроста. І я думаю, што гэта можна было б актуалізаваць, калі б прадстаўнікі беларускай апазіцыі прыехалі ў Кіеў.

Іна Соўсун — віцэ-прэзідэнт Кіеўскай школы эканомікі ў 2018 годзе, першы намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны ў 2014–2016 гадах, цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады ад фракцыі "Голас".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі