Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка "Жэрара"

Аляксандр "Жэрар" Красоўскі

Аляксандр "Жэрар" Красоўскі / nashaniva.com

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Аляксандра "Жэрара" Красоўскага. Пра гэта напісаў у сваім тг-канале добраахвотнік Дзяніс Урбановіч.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Красоўскага арыштавалі 14 сакавіка 2026 года і змясцілі ў СІЗА — папярэдне, на два месяцы.

Урбановіч вінаваціць "Жэрара" ва ўдзеле ў карупцыйных схемах. Ва ўкраінскіх крыніцах такіх абвінавачанняў няма.

"Наша Ніва" піша, быццам у беларуса пры ператрусе знайшлі няўлічаную зброю, а таксама каля 1 мільёна еўра. Таксама яго падазраюць у самавольным пакіданні часці (але, магчыма, сітуацыя ў бюракратычным непаразуменні паміж вайскоўцамі) і перапродажы нейкіх трафеяў.

У дакументах судовага рэестра гаворыцца толькі, што беларус наўмысна не з'явіўся на службу і без дазволу захоўваў боепрыпасы.

Жэрар казаў, што пакінуў Беларусь пасля некалькіх затрыманняў у 2020 годзе. Спачатку ён суправаджаў уцекачоў у Польшчу, а пазней далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў у складзе "Азова". Нейкі час ён служыў сярод каліноўцаў, а потым перайшоў у 225‑ты асобны штурмавы полк УСУ, дзе з цягам часу ўзначаліў падраздзяленне "Тур". У 2024‑м беларусы з "Тура" ўдзельнічалі ва ўкраінскай аперацыі ў Курскай вобласці. Тады ж з'явілася знакамітае відэа з танкам пад БЧБ-сцягам, знятае нібыта ў Курскай вобласці, але насамрэч — на Сумшчыне.

Паведамляецца, што апошнім часам Жэрар займаўся эвакуацыяй параненых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.