На Дзень Волі ў Беларусі часткова абмяжуюць інтэрнэт
Інтэрнэт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Рэжым Лукашэнкі таксама рыхтуецца да Дня Волі. У Беларусі з 24 да 26 сакавіка абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў краіны.
Пра такое абмежаванне беларускія хостынг-правайдары папярэдзілі сваіх кліентаў. Копія паведамлення ёсць у рэдакцыі выдання "Зеркало".
У ім гаворыцца: "У адпаведнасці з распараджэннем Аператыўна-аналітычнага цэнтра з 20:00 24 сакавіка да 8:00 26 сакавіка 2026 года беларускія хостынг-правайдэры абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь".
Прычынай такога абмежавання называюцца "пагрозы для аб'ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, апрацоўванай з іх выкарыстаннем".
Пад абмежаванне трапяць толькі тыя сайты, якія выкарыстоўваюць "віртуальны хостынг". Як правіла, гэта невялікія сэрвісы і ініцыятывы.
Дарэчы, такія ж абмежаванні ўводзіліся падчас прэзідэнцкіх выбараў у студзені 2025 года.