Украіна ліквідавала сетку, якая дапамагала залятаць "Шахедам" з Беларусі
Беспілотнікі, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at
Украіна змагла разбурыць сучасную сістэму сувязі, якая дапамагала расійскім дронам "Шахед" залятаць на поўнач краіны з боку Беларусі. Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў.
"Нам удалося ліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі "Шахеды" на поўначы, што станоўча паўплывала на абараназдольнасць Кіева і цэнтральнай частцы Украіны", — прыводзіць яго словы "Украінская праўда".
Пры гэтым Фёдараў не ўдакладніў, як менавіта ўдалося знішчыць гэтую сетку.
Раней пра знішчэнне расійскіх рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі паведамляў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Дарадца міністра абароны Сяргей Бяскрэстнаў удакладніў: Mesh-сетка працуе так, што ўсе яе ўдзельнікі з'яўляюцца рэтранслятарамі адзін для аднаго. У ёй адначасова працуюць мноства "Шахедаў", якімі кіруюць расійскія аператары.
"І такія пункты кіравання ёсць на тэрыторыі Расіі і былі на тэрыторыі Беларусі. Як гэта выглядае? Гэта звычайная вежа мабільнага аператара, ці нейкая іншая, вышынёй 70-80 метраў, на якой стаяць магутныя антэны, накіраваныя ў бок Украіны. То бок, гэта такія вузлавыя кропкі, праз якія Інфармацыя ад "Шахедаў" паступае ў пункт кіравання", — расказаў дарадца міністра.