Вы тут

"Дата генератар": 4 лютага — нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка

Тадэвуш Касцюшка

Тадэвуш Касцюшка ўзначальваў паўстанне 1794 года, мэтай якога было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і працяг рэформаў, абвешчаных Чатырохгадовым сеймам 1788–1792 гг. А ВКЛ з’яўлялася часткай Рэчы Паспалітай — дзяржавы двух роўных шляхецкіх народаў. Нагадаю, што ў выніку падзелаў 1772 і 1793 гг. усе землі Вялікага Княства ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі. Пасля гэтага наша краіна страціла незалежнасць і ператварылася ў адну са шматлікіх калоній Расіі. Хто не пагаджаецца з такой ацэнкай, няхай прачытае ў энцыклапедыях прыкметы калоній і сам паглядзіць, падыходзяць тыя прыкметы да беларускіх зямель пад расійскай уладай ці не. А мы не будзем марнаваць час на гэта. 

Нехта можа падумаць, што ўсе бітвы адбываліся выключна на тэрыторыі Польскага каралеўства. І памыліцца. Паўстанне, сцяг якога быў узняты ў Кракаве 12 сакавіка 1794 г., падтрымала ў ВКЛ групоўка так званых віленскіх якабінцаў на чале з 33-гадовым палкоўнікам войска ВКЛ Якубам Ясінскім. Якабінцамі іх называлі таму, што яны імкнуліся ператварыць шляхецкае паўстанне ва ўсенароднае і правесці радыкальныя рэформы на ўзор французаў, перш за ўсё — вызваліць сялян ад прыгону і даць ім зямлю.

Коратка пералічу ваенныя падзеі 1794 г. на землях ВКЛ.

23 красавіка — выступ войска ВКЛ у Вільні ноччу на 23 красавіка і захоп у палон часткі расійскага гарнізону. 

24 красавіка — у Вільні створаны рэвалюцыйны ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. Яго ж абралі камендантам усіх войскаў, агульная колькасць якіх дасягнула 30 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні паўстанцы Ясінскага ўзялі ў свае рукі ўладу, акрамя Вільні, яшчэ ў Ашмянах, Браславе, Брэсце, Ваўкавыску, Гародні, Кобрыне, Лідзе, Наваградку, Пінску, Слоніме, а таксама па ўсёй Жамойці.

7 траўня дывізія на чале з Ясінскім разбіла расійцаў каля вёскі Паляны, непадалёк ад Ашмян. Расійскія акупацыйныя войскі вымушаны былі адысці на лінію Мінск — Нясвіж — мясцовасць за Пінскам.

Ян Матейка. «Бітва пад Рацлавіцамі»

12–16 чэрвеня Міхал Клеафас Агінскі на чале кавалерыйскага аддзела паспрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне на Міншчыне. Ён прайшоў праз Валожын і Івянец, аднак пад Вішневам пацярпеў паразу.

У ліпені — жніўні 4-тысячны корпус генерал-маёра Караля Серакоўскага прайшоў рэйдам ад Высокага праз Шарашова, Пружаны і Ружаны да Слоніма. У першай палове жніўня Агінскі з новым аддзелам пайшоў праз Браслаў на Дынабург, каб адцягнуць расійскія войскі, што рушылі на Вільню.

11–12 жніўня віленскі гарнізон змагаўся з 12-тысячным расійскім войскам, якое пасля штурму ўварвалася ў горад, дзе пачаліся вулічныя баі. Паўстанцам давялося адступіць у Гародню.

У другой палове жніўня 2-тысячны конны адзел палкоўніка Стэфана Грабоўскага здзейсніў новы рэйд на Міншчыну. Грабоўскі прайшоў праз Івянец, Ракаў, Койданава, Пухавічы, Асіповічы, Бабруйск, аднак 4 верасня пацярпеў паразу пад Любанню і пайшоў назад.  

17 верасня каля вёскі Крупчыцы (у цяперашнім Жабінкаўскім раёне) корпус Караля Серакоўскага (8 тыс. чалавек) змагаўся з 12-тысячным корпусам А. Суворава. Пасля ўдалага абыходнага манеўру Суворова ў фланг паўстанцаў Серакоўскі вымушаны быў адысці на Брэст.

19 верасня каля вёскі Цярэспаль Сувораў разбіў корпус Серакоўскага і аддзел генерал-маёра Караля Князевіча. Разбітыя часткі паўстанцаў адступілі на тэрыторыю Польшчы, дзе працягвалі змагацца да канца лістападу.

Разгледзім паходжанне Касцюшкі ў святле тых прынцыпаў, якія ўлічвалі падчас размовы пра Каліноўскага. Гэта закон глебы, закон крыві і закон мовы.

Дзе нарадзіўся Касцюшка?

Адны гісторыкі сцвярджаюць, што ён нарадзіўся ў маёнтку Сяхновічы ў Брэсцкім павеце (сёння вёска Малыя Сяхновічы ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці). Іншыя кажуць, што ў фальварку Мерачоўшчына, побач з мястэчкам Косава (у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці). І Сяхновічы, і Мерачоўшчына — тэрыторыя Беларусі. Таму па “законе глебы” Касцюшка быў беларусам.

Сядзіба Касцюшкі ў Мерачоўшчыне

Паходжанне роду Касцюшак

Род Касцюшак пачаўся з баярына Фёдара. У гербоўніку “Карона польская” (4 кнігі, выдадзеныя ў 1728–1743 гг.) адзначана, што ў 1458 г. нейкі баярын Фёдар атрымаў ад вялікага князя літоўскага Казіміра IV ва ўзнагароду за службу маёнтак Сяхновічы з дзвюма суседнімі вёскамі. Сынам гэтага Фёдара быў праваслаўны ліцвінскі баярын Костка, празваны Касцюшкам, які з 1492 да 1509 гг. быў дзякам у канцылярыі вялікіх князёў (Аляксандра Казіміравіча і Жыгімонта I). Вялікі князь і кароль Жыгімонт I (“Стары”) у 1509 г. пацвердзіў права гэтага Косткі на валоданне Сяхновічамі і дараваў яму шляхецкі герб “Рох III”. З таго часу прадстаўнікоў роду звалі Касцюшкі-Сехнавіцкія. Жонкай Косткі была князёўна Ганна Гальшанская. Яны мелі сыноў Івана (старэйшага) і Фёдара. Ад іх пайшлі дзве лініі Касцюшак-Сехнавіцкіх — Іванавічы і Фёдаравічы. Людвік Тадэвуш (н. 1700), адзін з нашчадкаў Фёдара, палкоўнік войска ВКЛ, мечнік Брэсцкі, быў бацькам Тадэвуша Касцюшкі. Маці Тадэвуша — Фёкла (Тэкля, 1715–1768) — нарадзілася ў Аршанскім павеце, яна паходзіла з праваслаўна-ўніяцкага роду князёў Ратамскіх. Шлюб з Людвікам Касцюшкам Фёкла ўзяла ў 1740 годзе. Такім чынам, па прынцыпе “крыві” Т. Касцюшка таксама быў беларус.

Трэба дадаць, што, дамагаючыся чыну генерала ў войску Рэчы Паспалітай, Касцюшка ў прашэнні на імя караля Станіслава Панятоўскага назваў сябе “прыродным ліцвінам”. А ў той час слова “ліцвін” было адным з двух этнонімаў беларусаў (“ліцвіны і русіны”).

Мова

Пасля Люблінскай уніі 1569 г. пачаўся працэс паланізацыі магнатаў і шляхты ВКЛ. Аднак роднай мовай для ўсіх тутэйшых шляхцічаў заставалася беларуская, вядомая пад назвамі “простая мова” ці “простая гаворка”. Мы ж ведаем, што ва ўсіх шляхецкіх маёнтках панскіх дзяцей кармілі грудзьмі і няньчылі мясцовыя сялянкі. Яны размаўлялі з дзецьмі на сваёй роднай мове — беларускай. Мець справы з “простым народам” (сялянамі, дваровымі людзьмі, рамеснікамі) шляхцічы таксама маглі толькі на беларускай мове. Пра гэты факт сведчаць аўтары мемуараў XVIII і XIX стагоддзяў.

Такім чынам, першай мовай, якую кожны дзень чуў маленькі Тадэвуш, была менавіта беларуская. А потым ён вывучыў польскую мову, французскую, англійскую і нямецкую. Па “прынцыпе мовы” Т. Касцюшка таксама беларус.

Веравызнанне

Сам ён ніколі не выказваўся на карысць якой-небудзь рэлігіі. Гісторыкі высветлілі, што Касцюшкі спачатку былі праваслаўныя. Пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. яны перайшлі ва ўніяцтва. Некаторыя пазней прынялі каталіцтва. Людвік, бацька Тадэвуша, быў каталік, а маці Фёкла — уніятка. Яе бацькі, князі Ратамскія, ахвяравалі грошы на будаўніцтва ўніяцкага сабора Пятра і Паўлы ў Менску. Некаторыя гісторыкі лічаць, што і Тадэвуша хрысцілі па ўніяцкім абрадзе. Пасля смерці бацькі Людвіка ў 1758 г. службы за спачын ягонай душы
жонка і дзеці замовілі ў каталіцкіх касцёлах і ўніяцкіх цэрквах. Цікава і тое, што ордэн Цынцыната, які Тадэвуш атрымаў ад прэзідэнта ЗША Джорджа Вашынгтона, ён падарыў уніяцкай царкве, дзе прыхаджанамі былі яго маці і сястра.

З улікам усіх гэтых фактаў свой артыкул для польскай газеты “Polityka” у красавіку 2017 г. я назваў “Kościuszko był Białorusinem”.

Пра нацыянальную памяць

У кожнай краіны — свае героі. Для грамадзян Расіі герой — А. Сувораў, які ўтапіў у крыві паўстанне 1794 года. А для патрыётаў Беларусі герой — генерал Тадэвуш Касцюшка. На адным з інтэрнэт-форумаў я прачытаў выдатныя словы: “Беларусы занадта доўга вывучалі гісторыю іншых дзяржаў і шанавалі чужых герояў, зусім не задумваючыся пра тое, што іх родная зямля дала свету сотні знакамітых асоб. Нам пара павярнуцца тварам да свайго мінулага, бо такой гісторыяй трэба ганарыцца”.

Касцюшку памятаюць. У Гародні, Жабінцы, Косаве і Брэсце яго імем названыя вуліцы. Выдадзены некалькі кніг, прысвечаных яму: Язэпа Юхо (1990), Юхо і Емяльянчыка (1994), Уладзіміра Емяльянчыка (2002), Леаніда Несцерчука (2006), зборнікі навуковых артыкулаў, артыкулы ў часопісах і газетах…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.