Вы тут

"Дата генератар": 19 чэрвеня — дзень памяці Васіля Быкава

.

Хто ж ён такі? Перш за ўсё і галоўным чынам — знакаміты беларускі пісьменнік, больш за тое, народны пісьменнік — як з афіцыйнага пункту гледжання, гэтак і з пункту гледжання папулярнасці сярод чытачоў. Але тут трэба адзначыць, што сёння  папулярнасць усіх пісьменнікаў і паэтаў мінулага, нават зусім недалёкага, нават знакамітых, скарачаецца вельмі хуткімі тэмпамі. Чаму?

Перш за ўсё, абсалютная большасць нашых сучаснікаў наогул мала чытае і асабліва так званую сур’ёзную літаратуру. У апошнія 30 гадоў я супрацоўнічаю з рознымі выдавецтвамі і ведаю гэта вельмі добра. У галіне мастацкай літаратуры найбольшыя наклады маюць так званыя жаночыя раманы, наступнае месца за імі займаюць дэтэктывы і трылеры, потым ідуць гістарычныя раманы і фантастыка. Усё астатняе — на вельмі далёкай перыферыі. 

Тым часам Васіль Быкаў — сур’ёзны пісьменнік, нават занадта сур’ёзны. Яго заўсёды хвалявала праблема маральнага выбару чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця. Вось як ён сам аднойчы сказаў пра гэта:

“Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны і прадухіліць смерць немагчыма?”

Але ж большасць людзей ва ўсе часы, і асабліва ў часы мірнага жыцця, імкнецца пазбягаць разважанняў пра маральны выбар. “Жыві як усе” — вось лозунг сучаснасці! Таму навошта ім тыя разважанні Быкава? 

Па-другое, у большасці твораў Быкава ўсе падзеі адбываюцца ў часе вайны. А ў меншасці — у часе калектывізацыі 30-х гадоў, ізноў жа ў часе вайны і ў цяжкі перыяд адраджэння гаспадаркі пасля вайны. Але разважанні на тэмы вайны ці на тэмы сялянскага жыцця ўжо не цікавяць людзей маладзейшых за 55-60 гадоў.

Ужо тры чвэрці стагоддзя цягнецца мірнае жыццё, і тры чвэрці беларусаў жывуць у гарадах або ў пасёлках гарадскога тыпу. Калі аўтар піша пра нейкія прыгоды, няхай сабе ў часе вайны або на вёсцы, нейкая чытацкая цікавасць яшчэ мае быць. Ну і жанчын заўсёды цікавіць адвечная тэма кахання. Усё астатняе — выбачайце, не цікава!

Па-трэцяе, заняпад беларускай мовы. Гэта ўсім вядома.

Не бачу сэнсу закранаць біяграфію. Ёсць “Вікіпедыя”, там ягоная біяграфія выкладзена і на беларускай мове, і на рускай. Разгледжаны ў інтэрнэце і ўсе творы Быкава: аповесці, апавяданні, успаміны.

Хачу толькі адзначыць, што савецкія ўлады збольшага ставіліся да Быкава прыязна. Ён атрымаў ад уладаў усе ўзнагароды, пра якія мог марыць пісьменнік: 1) Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа (1964); 2) Дзяржаўную прэмію СССР (1974); 3) Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа (1978); 4) званне народнага пісьменніка Беларусі (1980); 5) “Залатую Зорку” Героя Сацыялістычнай Працы (1984); і нават 6) Ленінскую прэмію (1986)! 

А вось у незалежнай Беларусі ўлады яго не палюбілі. Таму ў чэрвені 1998 года Быкаў разам з жонкай ад’ехаў у Фінляндыю, дзе жыў 4,5 года, потым прыблізна год у Чэхіі. Аднак паміраць вярнуўся на Радзіму. Вельмі сімвалічна тое, што ён памёр 22 чэрвеня.

У 2002 годзе Быкаў апублікаваў першы варыянт кнігі ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”. А 14 чэрвеня 2005-га ў перакладзе майго брата Валянціна на рускую мову я выдаў накладам 4 тысячы асобнікаў другі яе варыянт — значна перароблены ў параўнанні з першым. Рукапіс ён перадаў Валянціну за месяц да смерці і папрасіў, каб ён пераклаў кнігу на рускую мову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.