"Дата генератар": 24 мая 1377 года — памёр вялікі князь Альгерд

"Дата генератар": 24 мая 1377 года — памёр вялікі князь Альгерд

Альгерд разам з братам Кейстутам (маладзейшым на 4 гады) кіраваў дзяржавай 32 гады (з 1345-га).

Як паведамляюць школьныя падручнікі гісторыі, браты падзялілі паміж сабою напрамкі знешняй палітыкі. Кейстут галоўным чынам змагаўся з крыжакамі, з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі. Альгерд жа паспяхова далучаў да Вялікага Княства Літоўскага тыя землі на ўсходзе, паўднёвым усходзе і поўдні, што плацілі даніну Залатой Ардзе. 

Падчас панавання Альгерда (1345–1377) спачатку вялікім ханам 15 гадоў быў Джанібек (1342–1357), потым 3 гады Бердзібек (1357–1360). А потым за 20 гадоў (1360–1380) змяніліся 25 вялікіх ханаў! Гэта сведчыць аб тым, што Залатая Арда страціла былую моц і фактычна развалілася на аўтаномныя ханствы і незалежныя орды. Сітуацыя, што склалася, спрыяла заваёвам Альгерда. 

Перш за ўсё ён далучыў на ўсходзе Оршу, Рагачоў, Мсціслаў і Гомель. А паміж 1359 і 1362 гадамі пайшоў далей і далучыў Ржэў, Мсціслаў і Таропец.

У 1355 г. Альгерд захапіў Бранск. Пасля гэтага яму скарыліся ўсе іншыя ўдзелы колішняга Чарнігава-Северскага княства. Чарнігава-северскія землі Альгерд падзяліў на тры ўдзелы. Сыну Зміцеру (пам. у 1399) ён даў Чарнігаў і Трубчэўск, сыну Зміцеру Карыбуту-малодшаму (1359–1406) — Бранск і Ноўгарад-Северскі, пляменніку Патрыкею Нарымунтавічу (1340–1409) — Старадуб Северскі.

У верасні 1362 г. Альгерд разбіў на беразе ракі Сіняя Вада аб'яднанае войска татарскіх князёў (Крымскай арды і Перакопскай арды) — Качубея і Кутлубуга, а таксама іх хаўрусніка, грэцкага князя з Крыма, Зміцера Мангупскага. Яны спрабавалі зноў захапіць Падольскую зямлю, якую адваяваў Гедзімін, бацька Альгерда.

Пасля гэтай перамогі ўлада Альгерда ахапіла велізарную прастору. Гэта ўся левая частка басейна Днястра, увесь басейн Паўднёвага Буга і дняпроўскія ліманы, большая частка зямель уздоўж Дняпра. Князем Кіеўскім Альгерд пасадзіў свайго сына Уладзіміра (панаваў у 1362–1395 гг.). Падолле ж аддаў навагародскім князям Карыятавічам, войскі якіх адыгралі значную ролю ў бітве на Сіняй Вадзе.

А вось за Валынь, Падляшша і Галіцыю Альгерду прыйшлося шмат гадоў весці барацьбу з польскім каралём Казімірам III. Толькі пад самы канец жыцця, ў студзені ці лютым 1377 г., ён склаў дамову з пераемнікам Казіміра — Людовікам I, каралём Вугоршчыны і Польшчы (у 1370–1382 гг.). Па той дамове Берасцейская, Уладзімірская і Луцкая землі сталі часткай ВКЛ, а Холмская і Белзская землі — часткай Польскага каралеўства.

Альгерд сабраў усе землі беларускага этнасу ў адзінай дзяржаве. Падчас яго панавання тэрыторыя ВКЛ павялічылася ў два разы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі