Вы тут

"Дата генератар": 28 чэрвеня — перамога пад Палонкай

.

У гэтым выпуску "Дата генератара" пісьменнік Анатоль Тарас распавядае пра бітву пад Палонкай, у якой аб’яднанае польска-літоўскае войска разбіла маскоўскае войска. Перамога ў бітве дазволіла Рэчы Паспалітай перахапіць стратэгічную ініцыятыву ў вайне 1654-1667 гг.

Тыя людзі, якія цікавяцца гісторыяй старажытнай Беларусі, ведаюць, што з канца траўня 1654 года і да вясны 1667 года ішла жудасная вайна паміж Рэччу Паспалітай і яе ворагамі. З усходу ўварваліся войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, з поўдня — казакі гетмана Запарожскага Багдана Хмяльніцкага, з поўначы — войска шведскага караля Карла Х Густава. Вядомы пісьменнік Генрык Сянкевіч трапна назваў тыя страшныя часы “патопам”!

На першым этапе вайны — з канца траўня 1654 да 3 лістапада 1656 года — войскі ВКЛ і Польшчы атрымалі шмат параз ад маскоўцаў, казакоў і шведаў. Але потым Масква распачала няўдалую вайну супраць Швецыі і была вымушаная падпісаць перамір’е з Рэччу Паспалітай. Той мір доўжыўся каля двух гадоў. Аднак у 1658-м вайна аднавілася і польска-літоўскае войска ізноў атрымала шэраг параз. Маскоўцы захапілі Гародню і Падляшша, а таксама Бярэсце.

Але з восені 1659 года палякі і ліцвіны пачалі перамагаць шведаў. І вось у лютым 1660-га аб’яднанае войска ВКЛ (на чале з вялікім гетманам Паўлам Янам Сапегам) і Польшчы (на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім) рушыла на ўсход. Даведаўшыся пра гэта, князь Хаванскі пайшоў з Бярэсця да Слоніма і адтуль на Ляхавічы. З 20 сакавіка ён пачаў аблогу Ляхавіцкага замка. У замку зачынілся 450 прафесійных ваяроў-наймітаў і больш за 3 тысячы рушэння са шляхты, мяшчан і сялян. Іх узначальваў адважны і ўмелы камендант Мікалай Юдзіцкі. Штурмы маскоўцаў 26 сакавіка і 24 траўня былі адбітыя.

А 3 траўня 1660 года прадстаўнікі караля Яна II Казіміра ды новага шведскага караля Карла ХI (Карл X Густаў загінуў 13 лютага) падпісалі так званы Аліўскі мір. І адразу ж аб’яднанае польска-літоўскае войска пачало наступ з мэтай вызвалення земляў ВКЛ ад маскоўскіх і казацкіх акупантаў. 3 Бярэсця праз Слонім яно рушыла на Ляхавічы. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай свайго войска (8 тысяч ваяроў) выступіў насустрач. Супраціўнікі сустрэліся побач з вёскай Палонкай, што знаходзіцца за 10 вёрстаў ад Ляхавічаў.

Хаванскі з конніцай заняў правы фланг, левы фланг — конніца князя Восіпа Шчарбатага, сярэдзіну — рэйтары і пяхота. У цэнтры шыхту войска Рэчы Паспалітай стала дывізія Стэфана Чарнецкага (4 тыс. чалавек), на флангах — харугвы Паўла Яна Сапегі, Аляксандра Палубінскага і Самуіла Кміціча (6 тыс. чалавек).

Напад распачалі гусары Рэчы Паспалітай. Яны змялі, пасеклі і патапілі ў рацэ частку маскоўскай пяхоты. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп з ручніц. Паспяховым быў сумесны напад гусараў і панцырных баяраў. Яны прымусілі маскоўскую конніцу ўцякаць і з левага боку, і з правага. Тады палякі і ліцвіны супольна ўдарылі па астатняй пяхоце захопнікаў.

Бітва скончылася поўным разгромам войска маскоўцаў: загінулі каля 2 тысяч пяхоты і яшчэ больш коннікаў. Мноства ратнікаў трапіла ў палон, у тым ліку князь Шчарбаты разам з братам. Хаванскі з рэшткам войска (крыху больш за 2 тысячы) пабег да Ляхавічаў і адтуль разам з той часткай войска, якая знаходзілася вакол замка, хуткім маршам пайшоў на Полацк. А пераможцы захапілі багатыя трафеі: дзясяткі гармат і бочкі з порахам, запасы харчу і нават статак з 6 тысяч кароў.

Наперадзе былі вызваленне Вільні, перамогі на рацэ Басі і пад Кушлікамі, вызваленне ўсіх земляў ВКЛ ад заходняй мяжы да Дзвіны на поўначы і да Дняпра на ўсходзе. Вайна цягнулася яшчэ больш за 6 гадоў, аднак стратэгічная ініцыятыва перайшла да Рэчы Паспалітай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.