Вы тут

COVID-19 у Беларусі: статыстыка супраць вакцынацыі

Лукашэнка і COVID-19 / калаж Еўрарадыё

Калі верыць статыстыцы Мінздароўя Беларусі, 9 снежня 2021 года ў пункты вакцынацыі ад COVID-19 прыйшла рэкордная колькасць людзей. На наступны дзень тэлеграм-канал "Официальный Минздрав" адрапартаваў, што 85 тысяч беларусаў атрымалі напярэдадні першую дозу вакцыны, а яшчэ 72 тысячы — прышчэпленыя цалкам.

Між тым беларускія чыноўнікі ад медыцыны з канца лістапада запэўнівалі, што "чацвёртая хваля" каранавіруса пайшла на спад. На гэта паказваюць і лічбы, якія Мінздароўя кожны дзень публікуе ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале. Але нават тады, калі непрышчэпленых беларусаў з кожнага праса палохалі рэанімацыяй, яны не ішлі вакцынавацца так бадзёра, як у апошнія дні.

Здзіўляюць і іншыя абставіны. Напрыклад, тое, што за 21 дзень да 9 снежня, калі людзі, якія атрымалі другую дозу вакцыны, павінны былі прышчапляцца першы раз, ніякага ажыятажу вакол пунктаў вакцынацыі не было. Статыстыку па прышчэпках хітрае беларускае Мінздароўя публікуе не кожны дзень, таму аналізаваць яе складана. Але за два дні — 17 і 18 лістапада — першую дозу вакцыны атрымалі каля 52 тысяч пацыентаў. Гэта значыць, у сярэднім каля 26 тысяч у дзень. Адкуль тады 9 снежня "намаляваліся" аж 72 тысячы прышчэпленых цалкам?

Рэзкі ўзлёт колькасці зробленых прышчэпак прыпаў на нічым не прыкметны працоўны дзень. 9 снежня быў звычайны чацвер. Чаму людзі масава пайшлі прышчапляцца менавіта тады, а не ў выходныя, статыстыка па якіх зусім не ўражвае?

Здаецца, мы ведаем прычыну. "Прафілактыка — гэта наша супольная з вамі праца. Вакцынацыя — найважнейшы кампанент. Я рады, што без прымусу, свядома ў нас усё больш і больш становіцца вакцынаваных... Я думаю, што якраз мы да завяршэння гэтага года будзем мець лічбу 5 мільёнаў вакцынаваных, якая дазволіць нам утаймаваць эпідэмічны працэс", — заявіў у канцы кастрычніка міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч.

3 млн 476 тысяч вакцынаваных цалкам па стане на 23 снежня — гэта ну ніяк не 5 млн. А да канца года застаецца тыдзень.

Грамадства і COVID-19 / калаж Еўрарадыё

Статыстыка пад сумневам

Мінздароўя Беларусі практыкуецца са статыстыкай па COVID-19 з вясны 2020 года. Тады чыноўнікі спачатку перасталі праводзіць штотыднёвыя брыфінгі і паведамляць пра колькасць тых, хто захварэў у кожнай з шасці абласцей Беларусі і ў Мінску. А потым пачалі "пад лінеечку" маляваць колькасць новых выпадкаў каранавіруса і смерцяў ад яго наступстваў.

Вы чулі, каб у вірусаў быў псіхалагічны парог, які б яны баяліся перайсці? У 2020 годзе — як бы ні абвастралася пандэмія — у Беларусі не выяўлялі больш за дзве тысячы новых выпадкаў COVID-19. Лічбы сарамліва круціліся вакол: 1939, 1967, 1975, 1961…

Колькасць выяўленых выпадкаў ніяк не карэлявала з колькасцю праведзеных тэстаў. Напрыклад, за 7 студзеня 2021 года было выканана 21 963 тэсты, якія нібыта паказалі 1805 новых пацыентаў з COVID-19. А ў суботу, 8 студзеня, быў праведзены ўсяго 3451 тэст. Але колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса засталася на "ўчорашнім" узроўні — 1767. Гэта значыць, у пятніцу "выніковым" стаўся кожны 12-ы тэст, а ў суботу — кожны другі. Цуд!

Зроблена тэстаў (сінім) / % станоўчых (жоўтым) / Еўрарадыё

А ўвесну 2021 года Мінздароўя Беларусі паставіла сусветны рэкорд па стабільнасці смяротнасці ад каранавіруса. У сакавіку-2021 чыноўнікі 14 дзён запар рапартавалі аб 9 смерцях "пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй". Ні больш ні менш. Красавік прынёс новы неймаверны рэкорд. За 30 дзён 5 раз было зафіксавана 9 смерцяў "пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыі", а астатнія 25 — роўна 10 смерцяў.

Статыстыка смяротнасці за 2020 год у Беларусі дагэтуль не апублікаваная. Чыноўнікі ад медыцыны выдатна разумеюць, што праверыць лічбы, якія яны публікуюць, у журналістаў не атрымаецца. Тым не менш і прэса, і медыкі шматкроць ставілі афіцыйныя беларускія звесткі па COVID-19 пад сумнеў.

Татальнае заніжэнне

Напрыклад, статыстыка па смяротнасці ў Беларусі за другі квартал 2020 года знайшлася ў справаздачах ААН. З яе вынікае, што толькі ў "першую хвалю" COVID-19 памерла на 5605 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года.

Пасля чэрвеня 2020 года публікацыя звестак спынілася.

Знаходзіліся і іншыя ўскосныя доказы таго, што статыстыка Мінздароўя не адпавядае рэчаіснасці. Паводле інфармацыі слухача Еўрарадыё, якую ён даслаў у рэдакцыю, толькі ў Віцебскай вобласці за 2020 год памерла на 2455 чалавек больш, чым за 2019-ы. Смяротнасць вырасла на 14,2%. А чыноўнікі ад медыцыны сцвярджаюць, што ад наступстваў COVID-19 па ўсёй Беларусі за 2020 год памерла ўсяго 1433 чалавекі.

Некаторыя рэальныя звесткі атрымалася ўзяць са статыстычных зборнікаў, якія публікуюцца ў Беларусі штогод. Нягледзячы на агульную "атмасферу сакрэтнасці", іх публікацыя працягнулася. Так, напрыклад, са зборніка "Ахова здароўя ў Рэспубліцы Беларусь" за 2020 год можна было даведацца пра рэзкі рост смяротнасці ў беларускіх лякарнях.

Неўзабаве Мінздароўя выдаліла зборнік з агульнага доступу. Там заявілі, што статыстыку смяротнасці прааналізуюць пасля заканчэння пандэміі, а пакуль паказчыкі і метады іх аналізу даюць "ацэначныя меркаванні".

Са свежага зборніка "Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцця насельніцтва" мы даведаліся, што на пачатак 2021-га ў Беларусі пражывала 9,35 млн чалавек. У параўнанні з пачаткам 2020-га насельніцтва скарацілася на 60,6 тысячы чалавек. Тады як у апошнія гады яно памяншалася дзесьці на 20 тысяч чалавек.

Уявіць рэальны ўдар, які COVID-19 нанёс па здароўі беларусаў, дапамагае і іншая статыстыка са сферы аховы здароўя. Напрыклад, у 2020 годзе ў Беларусі зафіксавана амаль на 700 тысяч больш выпадкаў захворванняў органаў дыхання, чым у 2019-м. А інфекцыйныя захворванні дыягнаставалі ў 627 тысяч чалавек — гэта на 300 тысяч больш, чым у 2019 годзе.

Па словах акадэміка і былога дырэктара РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандра Мрочака, звольненага ў жніўні 2020 года з палітычных прычын, "лішнія" смерці ад каранавіруса хаваюцца таксама ў афіцыйнай статыстыцы ў катэгорыі "хваробы сістэмы кровазвароту": "Можна ставіць дыягназ ішэмічная хвароба сэрца, не звяртаючы ўвагі, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасці, звязанай з "кавіднай" інфекцыяй".

 

Медыкі і COVID-19 / калаж Еўрарадыё

Статыстыка гуляе супраць вакцынацыі

Менавіта ў практыкаваннях Мінздароўя з лічбамі і хаваецца адна з прычын таго, што масавая вакцынацыя ў Беларусі правалілася.

— Лячэння ад каранавіруса няма. Усё, што можа ў гэтай сітуацыі кіраўнік краіны, — гэта гаварыць, расказваць, тлумачыць. Паспрабаваць уплываць на паводзіны людзей, — разважае незалежны аналітык Сяргей Чалы. — Якая задача палітыка ў пандэмію? Не расказваць казачкі пра "каронапсіхоз", а напалохаць. Пажадана нават напалохаць мацней, чым ёсць. Вось тады людзі, усведамляючы небяспеку, пойдуць прышчапляцца. "Хлопцы, гэта нябачная смерць". "Дзеці хварэюць бессімптомна — гэта біялагічная зброя масавага паражэння". У Беларусі ж было зусім іншае.

Сяргей Чалы пра COVID-19 і вакцынацыю

Але ў беларускіх дзяржаўных СМІ лейтматывам навін пра COVID-19 стала "ўсё пад кантролем". Так, чыноўнікі агучвалі, што большая частка пацыентаў, якія трапілі праз каранавірус у рэанімацыю, не былі прышчэпленыя. Але пры гэтым як мантру паўтаралі, што ніякай катастрофы няма. А "правільная" статыстыка па каранавірусе, агучаная пад бадзёрыя пасажы Аляксандра Лукашэнкі пра лазню, трактары і "ты тут бачыш вірус? і я не бачу!", не палохала, а, наадварот, супакойвала.

У "чацвёртую хвалю" Мінздароўя паспрабавала панагнятаць. Колькасць новых выпадкаў COVID-19 перавысіла "псіхалагічны парог" у 2000 у дзень. І хоць лекары, якія практыкуюць, не верылі і ў "рэкордныя" 2073 хворыя і 17 памерлых за суткі (маўляў, іх нашмат больш), для людзей, далёкіх ад медыцыны, гэтыя сціплыя — "амаль як у трэцюю хвалю" — лічбы былі сур'ёзным аргументам на карысць таго, што "ўсё ў парадку".

— Станоўчых вынікаў ПЛР зараз рэгіструецца толькі па Мінску каля 4 тысяч у суткі. Гэта дакладныя звесткі, атрыманыя з надзейных крыніц, якім я давяраю. Пры гэтым мы бачым, што афіцыйная статыстыка дае крыху больш за 2 тысячы ва ўсёй краіне. Не разумею, чаму ў Беларусі баяцца гаварыць адкрыта пра лічбы смяротнасці, пра тое, што толькі ў адной клініцы памірае па 10-15 чалавек у суткі, а нам кажуць пра 10-15 чалавек па ўсёй рэспубліцы? расказвала ў інтэрв'ю Еўрарадыё Вольга Садоўская, былая лекарка 6-й мінскай клінічнай лякарні. Мы размаўлялі з ёй у канцы кастрычніка. — Калі гаварыць праўду, людзі зразумеюць, што гэта цяжкае і страшнае захворванне, што яно сапраўды небяспечнае, пачнуць насіць маскі, прышчапляцца. Беларусы не давяраюць афіцыйнай статыстыцы, разумеюць, што лічбы лжывыя, але небяспекі ўсё роўна ў поўнай меры не ўсведамляюць.

 

Выберуць за вас

Не падштурхоўвае чалавека да паходу ў пункт вакцынацыі і сітуацыя з вакцынамі, даступнымі ў Беларусі. У выніку палітычнага крызісу ўсе закупкі заходніх вакцын, пра якія паведамлялася публічна, былі сарваныя. Нават партыя вакцыны, якая магла б паступіць у Беларусь па лініі "Усходняга партнёрства", да гэтага часу знаходзіцца дзесьці па-за межамі краіны: беларускі ўрад прыпыніў удзел краіны ў гэтай ініцыятыве.

У выніку беларусам даступныя толькі расійская і кітайская вакцыны. Прычым апошняя — не заўсёды: бывала, што па яе выстройваліся чэргі. Абедзве гэтыя вакцыны маюць даказаную эфектыўнасць, а Sputnik V сёння — адна з самых эфектыўных вакцын у прынцыпе. Але абедзве яны не даюць права прыехаць у Еўрасаюз без каранціну. Таму разам з "прышчэпачнымі турамі" ў Беларусь, якія прадаваліся ахвотным "укалоцца" расійскім Sputnik V або кітайскай Sinopharm, беларускія турыстычныя кампаніі сталі арганізоўваць паездкі ў Польшчу — на вакцынацыю "Пфайзерам" або "Янсэнам".

"У чалавека павінен быць выбар. Калі ты не хочаш прышчапляцца на бясплатнай аснове, дайце хоць бы платна вакцыны, якім людзі давяраюць. Трэба ўлічваць меркаванне людзей, — лічыць Вольга Садоўская. — Але, з іншага боку, трэба праводзіць больш звычайных тлумачальных гутарак, больш сацыяльных рэкламных кампаній пра тое, што гэтыя вакцыны працуюць. Дакажыце, пакажыце на ўласным прыкладзе. Міністр аховы здароўя, прышчапіся сам! Уласны прыклад больш на людзей дзейнічае".

Частка беларусаў пад уплывам дзяржпрапаганды да гэтага часу адмаўляецца верыць, што каранавірус уяўляе небяспеку. Бо Лукашэнка не раз заяўляў пра тое, што ўсё гэта псіхоз, які лечыцца "лазняй і гарэлкай", і ў часе "паказальных" наведванняў "чырвоных зон" у лякарнях хадзіў без рэспіратара. Падзяка ў бок Лукашэнкі за тое, што не прымусіў краіну надзяваць "наморднікі", прагучала з залы ў часе "Вялікай размовы з прэзідэнтам" — і, натуральна, была шырока растыражаваная ў СМІ.

 

Кавід калі ёсць — то яго адразу няма

COVID-19 стварыў беларускім уладам нямала праблем. Але нельга таксама адмаўляць, што яны на ўсю моц выкарыстоўваюць вірус у сваіх мэтах. Напрыклад, спрабуючы пераканаць увесь свет у тым, што Беларусь у барацьбе з каранавірусам паспяхова ідзе сваім, унікальным шляхам. Не спыняе прадпрыемствы, не забараняе людзям выходзіць на вуліцу, як суседнія краіны. Застаецца аазісам пасярод кавіднай пустэльні. І вось ужо група турыстаў з Еўрасаюза заяўляе, што з задавальненнем засталіся б жыць у Беларусі — бо цяпер тут камфортней, чым дома.

COVID-19 / калаж Еўрарадыё

Зрэшты, акрамя ідэалагічных, ва "ўнікальнага шляху" ёсць яшчэ і эканамічныя прычыны. "Жэрці што мы будзем?" — так Аляксандр Лукашэнка растлумачыў адсутнасць лакдаўну ў Беларусі ў часе першай хвалі каранавіруса, калі "зачынілася" ўся Еўропа.

У сацсетках Лукашэнку называюць галоўным "вірусолагам" краіны. Пасля яго ўмяшання ў працу Мінздароўя адбываюцца дзівосныя рэчы. Напрыклад, у разгар пандэміі ў перапоўненыя "кавіднымі" пацыентамі лякарні вяртаецца планавая медыцынская дапамога, адмяняюцца  абавязковыя дыстанцыяванне і масачны рэжым, паколькі гэта, па ягоных словах, "здзек з людзей". Пры гэтым лякарні павялічваюць закупкі кіслароду і мяшкоў для трупаў, а ў "кавідных" аддзяленнях ложкі стаяць нават у сталовых.

Год таму ўлады Беларусі на падставе COVID-19 увялі абмежаванні на выезд сваіх грамадзян з краіны праз наземныя пункты пропуску. Да "сваіх грамадзян" прыраўнялі таксама і тых, у каго ёсць беларускі від на жыхарства. Пакінуць Беларусь на аўтобусе ці на аўтамабілі ім не дазвалялася без сур'ёзных падстаў. А выехаць на вучобу за мяжу можна было толькі раз на паўгода (пазней абмежаванне змякчылі да трох месяцаў).

COVID-19 / калаж Еўрарадыё

Такім чынам, "на выезд" з Беларусі каранавірус ёсць — і адмяняць абмежаванні не збіраюцца: "Пакуль што ніякіх паслабленняў не будзе. З'яўляюцца новыя штамы". А што ж "на ўезд"? 21 снежня Мінздароўя абвясціла, што... змякчае патрабаванні для самаізаляцыі. Адмяняецца самаізаляцыя для людзей, якія прыязджаюць у Беларусь, а таксама для кантактаў першага і другога ўзроўняў. Цяпер ізалявацца павінны толькі тыя, каму пастаўлены дыягназ "COVID-19".

Калі ўладам "трэба", каранавірус — сур'ёзная пагроза. Ён перашкаджае свабодна выязджаць з Беларусі. Ад яго чаго б гэта ні каштавала трэба вакцынавацца. І з апошнім сцверджаннем мы не спрачаемся — гэта на самай справе так. Праблема ў іншым: калі ўладам "не трэба", каранавірус нічога не значыць. Ён не перашкаджае прыязджаць у Беларусь (нават самаізаляцыя не патрэбна!) і наогул знаходзіцца пад поўным кантролем — вось жа, паглядзіце на лічбы. Чаго ж здзіўляцца, што ў гэтай сітуацыі, калі COVID-19 то ёсць — то яго адразу няма, — беларусы не бачаць жыццёвай неабходнасці вакцынавацца.

Але ў беларускіх уладаў ёсць правераны рэцэпт ад гэтага: практыкаванні са статыстыкай.

 

Гэтая публікацыя была падрыхтаваная ў межах праекта Online journalism, in-depth, які фінансуецца Федэральным міністэрствам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі (BMZ). Меркаванні, выказаныя ў гэтай публікацыі, належаць выключна незалежным аўтарам і не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання BMZ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.