Вы тут

Улады хаваюць звесткі па смяротнасці, але забыліся схаваць пару цікавых лічбаў

Лекары транспартуюць COVID-пацыента / TUT.by

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая хавае звесткі па смяротнасці за 2020 год, — іх няма і ў свежым зборніку "Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцця насельніцтва". Зрэшты, некаторыя іншыя паказчыкі, якія дапамагаюць ускосна ацаніць уплыў пандэміі, хаваць чамусьці не сталі.

Як ужо пісала Еўрарадыё, у 2020-м прыкметна вырасла колькасць зарэгістраваных выпадкаў хвароб органаў дыхання. Сюды адносяцца не толькі ВРВІ і грып, але і пнеўманія, якая ўзнікае пры каранавірусе.

Летась колькасць дыягназаў вырасла на 700 тысяч у параўнанні з 2019-м і склала 4,7 мільёна. Звычайна паказчык трымаецца на ўзроўні каля 4 мільёнаў у год.

Афіцыйна зафіксаваны і рост колькасці інфекцыйных захворванняў, куды адносяцца ў тым ліку вірусы. У 2020 годзе яны былі дыягнаставаныя ў 627 тысяч беларусаў — гэта на 300 тысяч больш, чым у 2019 годзе.

Безумоўна, не ўсе "лішнія" выпадкі інфекцыйных хвароб або захворванняў органаў дыхання можна "спісаць" на COVID-19, але рэзкі рост паказчыка ў год пандэміі наўрад ці можа быць выпадковы.

Яшчэ адно цікавае назіранне: рэзка ўзрослыя траты беларусаў на лекі і медвырабы. Калі ў 2019-м адна хатняя гаспадарка выдаткоўвала на іх у сярэднім 30,4 рубля ў месяц, то ў 2020-м гэта былі ўжо 45,8 рубля. Рост склаў больш за 15 рублёў, хоць з году ў год па гэтай графе "дадавалася" па два-тры рублі.

Нарэшце, у зборніку прыводзяцца ўжо вядомыя лічбы пра насельніцтва: на пачатак 2021-га ў краіне пражывала 9,35 мільёна чалавек. У параўнанні з пачаткам 2020-га колькасць знізілася на 60,6 тысячы чалавек, тады як у апошнія гады яна памяншалася звычайна на 20 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.