Стала вядомая смяротнасць у Беларусі падчас кавіду

Пандэмія кавіду

Пандэмія кавіду

Сталі вядомыя лічбы смяротнасці ў Беларусі падчас пандэміі кавіду. Раней улады хавалі гэтыя звесткі.

Статыстыка абнародаваная ў часопісе Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта. Артыкул напісалі кандыдат эканамічных навук Аляксандр Злотнікаў, кандыдат тэхнічных навук, прарэктарка гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта Кацярына Багранцава і старшая выкладчыца гэтага ж універсітэта Алена Нілава.

Аўтары прыходзяць да высновы, што Беларусь знаходзіцца ў глыбокім дэпапуляцыйным крызісе.

У артыкуле адкрыта называюцца лічбы смяротнасці за кавідныя гады — раней улады хавалі гэтую статыстыку: у 2020-м было 149,3 тысячы памерлых, у 2021-м — 177,8 тысячы. Паводле аўтараў, гэта быў самы высокі ўзровень смяротнасці ў пасляваеннай дэмаграфіі Беларусі.

"Паказчыкі агульнага ўзроўню смяротнасці Беларусі за 2020-2021 гады характарызуюць яе 24%-ны рост у 2020 годзе і ўдвая больш — 48%-ный рост у 2021 годзе ў параўнанні з 2019 годам. Гэта адлюстроўвае павышаны рост смяротнасці з каранавіруснымі захворваннямі ў канцы другога дзесяцігоддзя. Масавая супрацьковідная вакцынацыя насельніцтва дазволіла Рэспубліцы Беларусь больш чым на чвэрць (на 26,9%) знізіць узровень смяротнасці ў 2022 годзе. А ў 2023-2024 гадах яе паказчык стаў нават менш дакавіднага ўзроўню — на 4,4 працэнтныя пункты", — адзначаецца ў артыкуле.

Таксама аўтары звяртаюць увагу на рэзкае зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі. Яна зменшылася з 119 тысяч дзяцей у 2015 годзе да 58,9 тысячы ў 2024-м — амаль удвая. Аўтары звязваюць рэзкае падзенне пасля 2016 года з рашэннямі ўладаў — у прыватнасці, з тым, што дэкрэтны адпачынак не ўлічваецца ў працоўным стажы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.