Вы тут

Тэлевізійшчыкі — 191 рубель, валанцёры — 10: каго і як пакормяць на Еўрагульнях

Ілюстрацыйнае фота / gastronom.by

На II Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня, на харчаванне прадстаўнікам кампаніі дамашняга вяшчальніка будзе вылучацца да 191 рубля за дзень. У гэтую групу ўваходзяць і супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, і прадстаўнікі замежных тэлеканалаў. А вось на валанцёраў плануюць траціць не больш за 10 рублёў. Нормы грашовых выдаткаў на харчаванне, пражыванне і сувеніры зафіксавалі ў пастанове Саўміна Беларусі ад 24 мая 2019 года, афіцыйна апублікаванай 28 траўня.

На харчаванне беларускіх спартовых суддзяў будуць траціць да 52 рублёў за змену, а іх замежных калег — да 191 рубель. А вось супрацоўнікі хуткай дапамогі, выратавальнікі і міліцыянты таксама, як і валанцёры, будуць здавольвацца ўсяго 10 рублямі.

 

Еўрарадыё расказвала, што цяпер паёк салдата ў Беларусі — шэсць рублёў за дзень. Адзін з апошніх указаў Аляксандра Лукашэнкі дазволіў пры неабходнасці прыцягваць ваенных да аховы грамадскага парадку. Пры гэтым яны будуць прыроўненыя да супрацоўнікаў МУС. І тады на Гульнях салдаты будуць харчавацца за цэлых 10 рублёў!

 

Сувеніры VIP-гасцям за 1530 рублёў

Высокапастаўленым гасцям II Еўрапейскіх гульняў будуць уручаць наборы сувеніраў. Кошт кожнага набору — да 60 базавых велічынь, або 1530 рублёў. Да VIP-гасцей аднеслі афіцыйных спонсараў, кіраўнікоў дзяржаў, кіраўнікоў урадаў, прэзідэнтаў Міжнароднага алімпійскага камітэта, Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Міністрам спорту, тэхнічным дэлегатам, нацыянальным спонсарам і афіцыйным пастаўшчыкам пашанцавала менш. Яны атрымаюць пакеты сувеніраў на суму да 20 базавых велічынь.

Усім астатнім дастануцца нашмат больш сціплыя сувеніры. Так, спартыўным дэлегацыям НАК краін-удзельніц, беларускім і міжнародным суддзям па спорце і прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі падораць наборы па кошце да 5 базавых велічынь (127 рублёў 50 капеек). Валанцёры атрымаюць падарункі на суму да 3 базавых велічынь (76 рублёў 50 капеек).

Пражыванне

Прэзідэнты і генеральныя сакратары еўрапейскіх федэрацый, а ў выпадку адсутнасці такіх арганізацый — міжнародных федэрацый па відах спорту, уключаных у праграму Еўрапейскіх гульняў, засяляюцца ў 5-зоркавыя гасцініцы. Кошт пражывання на аднаго чалавека — да 625 рублёў.

Міжнародныя суддзі па спорце, тэхнічныя дэлегаты і прадстаўнікі кампаніі дамашняга вяшчальніка заселяцца ў гасцініцы ўзроўню 3 ці 4 зоркі з коштам пражывання на аднаго чалавека да 375 рублёў.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Пакуль невядомы дакладныя лічбы выдаткаў на арганізацыю Гульняў. Дакладна вядома, што толькі адных тэндараў было абвешчана больш чым на 100 мільёнаў рублёў. А цырымоніі адкрыцця і закрыцця абыйдуцца прыкладна ў 12 мільёнаў долараў.