Вы тут

Цяпер яны на сушцы пасля мыцця: дзе той казачны лес, куды вярнуліся Лесікі?

Лесік / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

"Нам хочацца верыць, што, адышоўшы ў свой казачны лес, ты не забудзеш нас і яшчэ не раз вернешся сюды", — сказаў Аляксандр Лукашэнка пра лісяня Лесіка на цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску. 30 чэрвеня Мінск развітаўся з Еўрагульнямі — і з іх талісманам заадно. Дзе ж той казачны лес, куды вярнуліся Лесікі?

"Лесікаў у нас шмат — 31 касцюм. Зараз яны знаходзяцца на сушцы, пасля мыцця. Іх туды адправілі пасля цырымоніі закрыцця. Далей яны будуць у Мінску, — расказвае Еўрарадыё менеджар па камунікацыях фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў — 2019" Аляксей Багдановіч. — Нейкага пэўнага месца пакуль няма. Пакуль што — на складзе, у нас ёсць розныя склады для захоўвання розных рэчаў. Усё будзе вырашацца на ўзроўні ўрада. Але яны будуць дзесьці тут. Магчыма, у кагосьці з нашых заснавальнікаў: Міністэрства спорту або НАК".

Ці з'явіцца Лесік яшчэ калі-небудзь на беларускіх стадыёнах? Гэта наўрад ці магчыма. Талісман II Еўрапейскіх гульняў можа выкарыстоўвацца толькі ў мерапрыемствах, звязаных з імі:

"Па сутнасці, Лесік ужо канчае сваё падарожжа па Беларусі. Зразумела, што ў нейкіх мерапрыемствах ён можа ўдзельнічаць: у падвядзенні вынікаў якіх-небудзь, звязаных непасрэдна з Еўрапейскімі гульнямі. Гэта пажаданне Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, каб талісман асацыяваўся толькі з такімі мерапрыемствамі", — дадае Аляксей Багдановіч.

II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Мінску з 21 да 30 чэрвеня 2019 года. Беларускія спартсмены занялі другое месца ў агульным медальным заліку, на першым размясціліся расіяне. На падрыхтоўку і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала 540 мільёнаў рублёў. З бюджэту была выдзелена амаль палова гэтай сумы — 266 мільёнаў рублёў. Каля 40 % складаюць крэдыты Банка развіцця — 218 мільёнаў рублёў. Астатняя частка грошай — пазабюджэтныя крыніцы: спонсарская дапамога і продаж білетаў.