БТ сцвярджае, што амаль палова насельніцтва Беларусі глядзела Еўрагульні
![БТ сцвярджае, што амаль палова насельніцтва Беларусі глядзела Еўрагульні](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/eurahulni_2.jpg.webp?itok=ppwudnJ9)
Беларускае тэлебачанне апублікавала звесткі пра колькасць гледачоў ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія назіралі за спаборніцтвамі праз тэлетрансляцыю.
Паводле даследавання, зробленага кампаніяй "АМГ-Кансалт" / "Рэальнае вымярэнне", цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў, а таксама спартовыя спаборніцтвы глядзела болей за 60% гарадскога насельніцтва ва ўзросце ад 4 гадоў. Праўда, не ўдакладняецца, ці гэта аўдыторыя кожнай цырымоніі або гаворка пра суму аўдыторый.
Агульная аўдыторыя гледачоў Еўрапейскіх гульняў склала болей за 4 мільёны чалавек, то бок амаль палова насельніцтва краіны.
Трансляцыі адбываліся на каналах "Беларусь 1", "Беларусь 2" і "Беларусь 5". У прэс-рэлізе адзначаецца, што гэта можна суаднесці з трансляцыямі Алімпійскіх гульняў.
Таксама сайт tvr.by сабраў за перыяд Еўрагульняў болей за 800 тысяч анлайн-праглядаў трансляцыяў, пры гэтым падчас паказаў дзейнічала GeolP-блакіроўка, а сігнал быў абаронены ад прагляду замежнымі карыстальнікамі.