Вы тут

Ад Лі Харві Освальда да Белавежскіх пагадненняў — гісторыя Станіслава Шушкевіча

Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё

"Мне няма пра што пісаць мемуары", — казаў літаральна пару гадоў таму ў інтэрв'ю Еўрарадыё Станіслаў Шушкевіч. Яму — першаму кіраўніку Беларусі, чалавеку, які паставіў свой подпіс пад Белавежскімі пагадненнямі. Але ж у яго жыцці быў і яшчэ адзін захапляльны эпізод — Шушкевіч вучыў рускай мове Лі Харві Освальда, якога пасля абвінавацілі ў забойстве прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Тут хапіла б на некалькі біяграфій.

Ён нарадзіўся ў снежні 1934 года ў Мінску. Бацькі былі настаўнікамі. Бацька прайшоў праз рэпрэсіі, у 30-я быў затрыманы, вызвалены толькі пасля смерці Сталіна, у 1956-м.

Шушкевіч скончыў фізмат БДУ, а затым аспірантуру, яго спецыяльнасць — радыёэлектроніка. Уласна, у часе працы на мінскім радыёзаводзе і пазнаёміўся з Лі Харві Освальдам — амерыканцам, які расчараваўся ў ЗША і вырашыў пажыць у СССР (потым ён расчараваўся ў СССР, вярнуўся ў ЗША і стаў галоўным абвінавачваным у забойстве Кенэдзі). Шушкевіч вучыў Освальда рускай мове. Пазней ён прызнаваўся Еўрарадыё, што не верыць у дачыненне Освальда да гэтага злачынства

"Я заўсёды быў упэўнены, як і 70% амерыканцаў, што Освальд да забойства Кенэдзі не мае ніякага дачынення. Я быў у Канзасе і спецыяльна паехаў у Далас, на месца забойства. Гэта ж бандыцкі край! Мы там усё агледзелі, і я яшчэ больш упэўніўся: версію з Освальдам прыдумалі, гэта было загадзя спланаванае забойства", — казаў Шушкевіч.

Лі Харві Освальд / АР

Фізік-ядзершчык

Яшчэ ў 60-я Шушкевіч абараніў дысертацыю і стаў спачатку дацэнтам кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым прарэктарам Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Потым доктарская, званне прафесара і пасада прарэктара ўжо ў БДУ.

Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, Шушкевіча ўключылі ў склад камісіі для вывучэння наступстваў катастрофы. А потым выключылі: ён патрабаваў шчыра гаварыць пра тое, што адбылося. Ён нават арганізаваў тады на кафедры ядзернай фізікі БДУ падрыхтоўку спецыялістаў па прафілактыцы радыеактыўнай небяспекі.

"Ведаеце, калі я ў 1984 годзе ўбачыў, як Гарбачоў без паперкі адказвае на пытанні замежных журналістаў, то павесіў яго партрэт у сваім кабінеце загадчыка кафедры ядзернай фізікі БДУ. Але калі ў 1986 годзе ён выступіў па Чарнобылі... Ведаеце, гэта было фактычна злачынства! Калі б ён папярэдзіў і сказаў праўду, то значна менш беларускіх дзяцей захварэла б на рак шчытападобнай залозы. Партрэт парваў і выкінуў", — расказваў Шушкевіч у інтэрв'ю Еўрарадыё.

Станіслаў Шушкевіч на кафедры ядзернай фізікі БДУ

Палітычная кар'ера

У 1989 годзе калектыў БДУ вылучыў Шушкевіча кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. Выбары ён выйграў. А ў 1990 годзе стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У траўні 90-га яго выбралі першым віцэ-спікерам. Але потым здарыўся путч, у часе якога кіраўнік беларускага парламента Мікалай Дземянцей не рызыкнуў выступіць супраць перавароту. Калі путч задушылі, ён вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Парламент узначаліў Шушкевіч. У тыя дні пад уражаннем ад здарэння беларускія дэпутаты надалі Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі статус канстытуцыйнага закона. І гэты эпізод Шушкевіч называў адной з самых значных падзей таго часу.

"Гэта адбылося ў жніўні 1991 года, і я не чакаў, што Вярхоўны Савет прыме такое рашэнне. Але запалоханы жнівеньскім путчам у Маскве, ён такое рашэнне прыняў. І таму на падставе гэтай Дэкларацыі распрацоўвалася новая Канстытуцыя Беларусі", — казаў ён Еўрарадыё.

А ў снежні таго ж 1991-га здарылася сустрэча ў Белавежскай пушчы, якая паставіла кропку ў гісторыі Савецкага Саюза. Кіраўнікі трох рэспублік — Беларусі, Расіі і Украіны — падпісалі Пагадненне аб дэнансацыі саюзнай дамовы і стварэнні СНД. Шушкевіч падрабязна і неаднаразова расказваў, чаму і як прымалася гэтае рашэнне. І ніколі не шкадаваў пра яго. На просьбу Еўрарадыё апісаць, што тады адбылося, адказваў так:

"Развод. Без гвалту і крыкаў. І ўсе астатнія рэспублікі СССР гэта прызналі 19–21 снежня 1991 года ў Алма-Аты. Далей трэба было цяпер ужо незалежным краінам будаваць сваё жыццё. А тут дазволена і памыляцца, і ісці за папулістамі, як зрабіла Беларусь. Нічога, Беларусь перажывала розныя перыяды, перажыве і гэты".

Падпісанне Пагаднення аб стварэнні СНД / фота Юрый Іваноў

Выбары і жыццё па-за вялікай палітыкай

Шушкевіч толькі аднойчы ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Самых першых — у 1994 годзе. У першым туры ў Мінску апынуўся на другім месцы (пасля Лукашэнкі), але па рэспубліцы стаў чацвёртым. Набраў усяго каля 10% галасоў.

Да 2018 года ўзначальваў партыю Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, потым пакінуў пасаду. Але на апошніх выбарах прэзідэнта быў даверанай асобай цяперашняга старшыні партыі Сяргея Чэрачня. Той вылучаўся кандыдатам.

У снежні 2021 года журналісты пыталіся Шушкевіча пра бягучую сітуацыю ў краіне. Станіслаў Станіслававіч назваў тое, што адбываецца ў Беларусі, "дзяржаўным тэрарызмам", а потым нагадаў, што "гэта было і ў СССР — там таксама кіраваў страх. Але тут [у Беларусі] ён доўга панаваць не будзе, таму што гэта ўжо немагчыма".

Ён сказаў, што настроены аптымістычна — у краіне з'явіліся новыя дэмакратычныя лідары, "адукаваныя, разумныя, з абгрунтаванай пазіцыяй, паліталагічнай свядомасцю".

"Я перакананы, што нам наканавана лёсам: наша моладзь павінна жыць у нармальнай, светлай, годнай, дэмакратычнай Беларусі. Яна, мне здаецца, гэтага заслугоўвае. І ідзе гэтым шляхам", — казаў каля паўгода таму Станіслаў Шушкевіч.

Сёння стала вядома пра яго смерць. Станіславу Шушкевічу было 87 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.