Вы тут

Шушкевіч: Белавежскія пагадненні ўратавалі нас ад грамадзянскай вайны

Станіслаў Шушкевіч, фота Еўрарадыё

Напярэдадні 25-й гадавіны падпісання Белавежскіх пагадненняў былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч расказаў у студыі Еўрарадыё, навошта лідары Беларусі, Расіі і Украіны сабраліся ў Белавежскай пушчы, хто на самой справе прапанаваў разбурыць СССР, ці сапраўды ўсе былі “п’яныя ў дым” і дзе цяпер арыгінал дакумента на беларускай мове

Даведка Еўрарадыё: Станіслаў Шушкевіч ― палітык, фізік-ядзершчык. Нарадзіўся 15 снежня 1934 года, дэпутат Вярхоўнага савета 12-га і 13-га скліканняў. З 1991 па 1994 гады ― старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. Адзін з трох падпісантаў Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі “Віскулі”аб юрыдычным замацаванні распаду СССР.

Глядзіце кароткую відэа-версію інтэрв'ю, поўную версію, ці чытайце тэкст.

Еўрарадыё: Прачытаў меркаванне, што развал Савецкага Саюза, вядомыя нам сёння Белавежскія пагадненні, рыхтавалі кіраўнікі Расіі Барыс Ельцын і Украіны Леанід Краўчук. А Станіслаў Шушкевіч нібыта нават і не ведаў, што яму прапануюць падпісаць у Віскулях…

Станіслаў Шушкевіч: Міфалогія пра часы пераходнага перыяду Савецкага Саюза такая, што часам дзіву даешся! Чаму мы сабраліся ў Віскулях? У Беларусі было вельмі цяжкое становішча: мы не ведалі, як перажыць зіму 1991-1992 гадоў. Нам патрэбныя былі нафта і газ, а грошай не было. І аўтарытэту няма для таго, каб нам далі крэдыт. Мы проста хацелі прытармазіць рынкавыя рэформы, калі за ўсё трэба плаціць, хацелі папрасіць Расію па-савецку, па-старому проста паставіць нам нафту і газ. Прэм’ер Кебіч неаднаразова прасіў мяне запрасіць Ельцына ў Беларусь на паляванне, а мы, маўляў, тут яго ўгаворым на нафту і газ. А каб яго запрасіць, неабходна быць з ім сам-насам.

20 кастрычніка 1991 года Міхаіл Гарбачоў збірае чарговы Дзяржсавет. Дзе прапануе нам да ратыфікацыі парламентамі рэспублік праект новай Саюзнай дамовы. Праект гэты мне жах як не спадабаўся. Што я і сказаў Гарбачову. Мяне ў больш рэзкай форме падтрымаў Ельцын. Гарбачоў моўчкі ўстаў і сышоў. “Вы нас пасварылі з Гарбачовым, ― кажа нам з Ельцыным Карымаў. ― Ідзіце, адшукайце яго і прыводзьце сюды”. Так мы з Ельцыным нарэшце засталіся сам-насам і я запрасіў яго прыехаць у Белавежскую пушчу, у рэзідэцыю Віскулі на паляванне. І ён адразу пагадзіўся. Так была прызначаная гэтая сустрэча. Іншая справа, я лічыў, што будзе непрыстойна, калі газ і нафту Беларусі Ельцын дасць за кошт Украіны ― забярэ нешта ў іх, каб аддаць нам. Па прапанове Кебіча запрасілі на гэтую сустрэчу Украіну.

Еўрарадыё: Не разумею, якім чынам вы перамовы па нафце і газу перавялі на скасаванне СССР?

Станіслаў Шушкевіч: Пачалі мы абмяркоўваць гэтую сітуацыю з нафтай і газам, і ўбачылі, што калі дзейнічаць па законе, як складныя часткі Савецкага Саюза, то ў нас не застаецца іншага шляху, як прасіць Гарбачова, кіраўніка СССР. І тут філосаф, марксіт-ленінец Генадзь Бурбуліс (Дзяржсакратар РСФСР, ― Еўрарадыё), да якога я, як і да ўсіх філосафаў такога кшталту, ставіўся без вялікай павагі, кажа: “А ці не пагодзіцеся вы падпісацца пад такой фразай: “СССР, як геапалітычная рэчаіснасць і суб’ект міжнароднага права заканчвае сваё існаванне”. І ўсе раптам пагадзіліся. “Мала пад гэтым падпісацца, ― кажа Ельцын. ― Мы павінны сказаць, што ў нас будзе з эканомікай, што будзе з межамі, вайскоўцамі, ядзернай зброяй, правамі чалавека”. Імгненна сабралі камісію з экспертаў і даручылі ім за ноч падрыхтаваць пагадненне. Але гэта была не знішчальная дамоўленасць, а стваральная: мы стваралі Супольнасць незалежных дзяржаў. І ведаеце, пра што я тады з гонарам думаў?

Еўрарадыё: Што ставіце крыж на савецкай імперыі?

Станіслаў Шушкевіч: З 1794 года Расія не прызнавала незалежнасці Беларусі. А калі Ленін на гэты конт нешта і казаў, то гэта было крывадушшам. Колькі людзей загінула за нашу незалежнасць, а я прыехаў і сваім подпісам… Карацей, за ноч з 18 артыкулаў гэтага пагаднення былі выпрацаваныя і кожны артыкул мы прымалі кансенсусам. У выніку атрымалі 14 артыкулаў ― вось вам усе прыгоды.

Еўрарадыё: Тры краіны развалілі саюз, у якім было 15 краін. Як іншыя рэспублікі ўспрынялі ваша рашэнне?

Станіслаў Шушкевіч: Прабачце! А хто ўтварыў СССР? Расія, Украіна, Беларусь і Закаўказская Федэрацыя. Закаўказская Федэрацыя 5 снежня 1935 года знікла, правапрымальніка ў яе не было. Усе астатнія стваральнікі СССР былі ў наяўнасці, усё легітымна: мы прынялі рашэнне стварыць СССР ― мы можам яго і ліквідаваць.

Еўрарадыё:…і паставілі крыж на палітычнай кар’еры Міхаіла Гарбачова. За 25 гадоў яго стаўленне да вас так і не змянілася. Напярэдадні нашай з вамі сустрэчы я патэлефанаваў Міхаілу Сяргеевічу і прапанаваў яму ў тэлефоннай размове з вамі ўзгадаць падзеі 1991 года. Вось што пачуў у адказ: “А што Шушкевіч?.. Усе яны засранцы!”.

 

Станіслаў Шушкевіч: Я магу толькі ганарыцца гэтым! Ведаеце, калі я ў 1984-м годзе ўбачыў, як Гарбачоў без паперкі адказвае на пытанні замежных журналістаў, то павесіў яго партрэт у сваім кабінеце загадчыка кафедры ядзернай фізікі БДУ. Але калі ў 1986-м годзе ён выступіў па Чарнобылі… Ведаеце, гэта было фактычна злачынства! Калі б ён папярэдзіў і сказаў праўду, то значна менш беларускіх дзяцей захварэлі б на рак шчытападобнай залозы. Партрэт парваў і выкінуў. І ён заўжды гэтае маё стаўленне да сябе адчуваў. Мне больш Ельцын падабаўся: чалавек прамы і нават калі яго некаму і ўдалося спаіць, ён ніколі не змяняў свайго пункту гледжання.

Еўрарадыё: А дзе ва ўсім гэтым роля ЗША і ЦРУ?

Станіслаў Шушкевіч: А я неяк прачытаў кнігу аднаго з нашых эмігрантаў, які жыве ў Лондане, дзе напісана, што 8 снежня 1991-га года ў Віскулях усе былі п’яныя ў дым. Апроч мяне, чамусьці. Пакрыўдзіў мяне: я ж быў п’ючы чалавек, мог і мяне асудзіць!

Еўрарадыё: Радуе ўжо тое, што хаця б Беларусь у вашай асобе цвяроза прымала рашэнне, падпісваючыся пад Белавежскімі пагадненнямі.

Станіслаў Шушкевіч: Усе цвяроза прымалі гэтае рашэнне!

Еўрарадыё: Нават па чарцы для смеласці не кульнулі?

Станіслаў Шушкевіч: Усе рашэнні мы прымалі “шасцёркай” (тры кіраўнікі краін і прэм’ер-міністры Беларусі і Украіны і Дзяржсакратар Расіі, ― Еўрарадыё). На стале стаяла бутэлька добрага армянскага каньяку. Думалі, як нешта добрае зробім, то трэба ўжо і чарку выпіць. Але па выніку, прыняўшы 14 з 18 артыкулаў з Пагаднення, мы адпілі ўшасцёх з той бутэлькі толькі грам 150. Толькі вусны памачылі.

Хаця Кебіч паўсюль паставіў “закусачныя” столікі з рознымі напоямі ― у тым ліку, з алкаголем. Магчымасць напіцца была, але яна не была рэалізаваная, бо не было ў гэтым патрэбы. Кебіч зрабіў добрую справу: запрасіў добрага масажыста, каму трэба было зняць стрэс ― таго масажыраваў прафесіянал.

Еўрарадыё: Клікалі ж Ельцына на паляванне ― выходзілі хоць у лес са стрэльбамі?

Станіслаў Шушкевіч: Толькі Фокін (прэм’ер Украіны, ― Еўрарадыё) падстрэліў маладога дзіка, а Краўчук стрэльнуў ды прамазаў. Я ў егера пытаюся: “Як вы так арганізавалі?” Яны кажуць: “Мы і таму, і другому дзіка прывязалі, але першы ў дзіка патрапіў, а другі толькі вяроўку перабіў”. Ведаю, што гэта жарт, але прыемны.

Еўрарадыё: Дзе цяпер беларускамоўны арыгінал Белавежскіх пагадненняў і асадка, якой вы пад ім ставілі ваш подпіс?

Станіслаў Шушкевіч: Асадку тую сваю (я падпісваў чарніламі) я падараваў аднаму з дыпламатаў на развітанне, калі ён ад’язджаў з Мінска. Ён мне падараваў вельмі добры набор інструментаў, я імі на будаўніцтве дачы сваёй працую, і нават калі б мабілізаваў усю сваю маёмасць, то не змог бы яму зрабіць падарунак адпаведнай каштоўнасці. Дзе астатнія асадкі, не ведаю. Што да нашага арыгінала пагаднення… Калі я працаваў над кнігай “Маё жыццё: распад і ўваскрашэнне СССР”, то звярнуўся ў МЗС, дзе той беларускамоўны тэкст павінен быў захоўвацца ― яго там няма. Я здагадваюся, але ў мяне няма доказаў, куды ён падзеўся.

Еўрарадыё: Вынікам Віскулёў стала тое, што ўсе кіраўнікі саюзных рэспублік сталі лідарамі незалежных краін. Можа, да гэтага яны найперш і імкнуліся?

Станіслаў Шушкевіч: Калі вы прааналізуеце шведскую дыпламатычную перапіску таго часу ― там паўсюль ішла гаворка пра пагрозу грамадзянскай вайны. І на думку шведскіх дыпламатаў, сваім рашэннем мы перадухілілі ўзнікненне грамадзянскай вайны на тэрыторыі Савецкага Саюза, у якой маглі ўдзельнічаць тры-чатыры ядзерныя дзяржавы.

Еўрарадыё: Хто з кім мог пачаць ваяваць?

Станіслаў Шушкевіч: Падчас грамадзянскай вайны ваююць бедныя з багатымі і прадстаўнікі розных рэлігій паміж сабой. Падставы для пачатку такой вайны на той час былі. Добры вам прыклад ― Югаславія.

Еўрарадыё: 25 гадоў мінула, а здаецца, што мы не так ужо і далёка адышлі ад савецкага мінулага. У чым прычына?

Станіслаў Шушкевіч: А вы ўзгадайце еўрапейскія буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі: колькі гадоў прайшло ад іх перамогі да таго, калі ўсё было ўладкавана па правілах, якія яны прапаведавалі спачатку? Колькі было знішчана і рэвалюцыянераў і тых, хто супрацьстаяў рэвалюцыі. Раней не разумеў, што найперш трэба змагацца за ментальнасць людзей. Трэба лагодна даводзіць людзям парады тых, хто прайшоў працэс трансфармацыі грамадства. А ў нас так: “Трэба вярнуць старыя парадкі ― мы ішлі да добрага!” І нам ставяць у прыклад Кітай, а не Еўропу, дзе маральная вольнасць людзей, свабода непараўнальныя з нашымі. Але мы да гэтага не вядзём грамадства, тэлебачанне прапагандуе зусім іншыя каштоўнасці. А расійскае тэлебачанне, дык і ўвогуле прапагандуе імперскае адраджэнне ў садружнасці з расійскай праваслаўнай царквой. Заўважце, Патрыярх Кірыл выступае, як сакратар ЦК КПСС, а не як святар. А лідар Расіі кажа пра тое, што развал СССР — трагедыя савецкага народа.

Еўрарадыё: Але ж і беларускі лідар неаднаразова выказваў шкадаванне наконт развалу “вялікай дзяржавы”.

Станіслаў Шушкевіч: Беларускі лідар таксама казаў, што ён ў Вярхоўным Савеце галасаваў супраць ратыфікацыі Белавежскіх пагадненняў, але электронная рэгістрацыя сведчыць, што ён увогуле ўхіліўся ад галасавання!

Еўрарадыё: Добра, Белавежскія пагадненні падпісаныя, але ж трэба было ратыфікаваць у парламенце, там камуністы…

Станіслаў Шушкевіч: Пра гэта я не думаў, пакуль ішлі перамовы ў Віскулях, але калі ехаў у Мінск у сваім “членавозе”, то занепакоіўся: калі парламент пагадненні не ратыфікуе ― канец маёй палітычнай кар’еры! Але ўсё ў выніку было добра, адзін голас толькі быў супраць, прафесара Ціхіні…

Еўрарадыё: Як бы вы адным словам назвалі тое, што адбылося ў Віскулях?

Станіслаў Шушкевіч: Развод. Без гвалту і крыкаў. І ўсе астатнія рэспублікі СССР гэта прызналі 19-21 снежня 1991 года ў Алма-Аты. Далей трэба было цяпер ужо незалежным краінам будаваць сваё жыццё. А тут дазволена і памыляцца, і ісці за папулістамі, як зрабіла Беларусь. Нічога, Беларусь перажывала розныя перыяды, перажыве і гэты.

Еўрарадыё: Вы хоць раз пасля таго, як адышлі ад улады, бывалі ў Віскулях?

Станіслаў Шушкевіч: У Віскулі нікога не пускаюць і там не бывае экскурсій ― там цяпер рэзідэнцыя Лукашэнкі. Ведаю, што і раней, і цяпер розныя тэлеканалы імкнуліся туды, каб зрабіць здымкі, але Лукашэнка туды нікога не пускае. Бо лічыць Белавежскія пагадненні дрэннай справай. А вось Назарбаеў, які казаў, што ён нібы тое пагадненне ніколі не падпісаў, вывесіў мемарыяльную дошку ў Алма-Аты, дзе напісана, што там 21 снежня 1991 года адбылося стварэнне СНД. А мы і ўвесь свет лічым, што гэта адбылося 8 снежня ў Віскулях! Некалі там будзе і мемарыяльная дошка, і экскурсіі там будуць ― гэта немагчыма абмінуць.

Фота Еўрарадыё