Лукашэнка хоча паўдзельнічаць у расійскіх праграмах па беспілотніках
![Расійскія вайскоўцы з беспілотнікам](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-05/tass_55809644-pic_32ratio_1200x800-1200x800-98008.jpg.webp?itok=OjXSvvWd)
Расійскія вайскоўцы з беспілотнікам / ТАСС
Аляксандр Лукашэнка хоча паўдзельнічаць у расійскіх праграмах па беспілотніках. Гэта вынікае з выказвання пасла РБ у Расіі Дзмітрыя Крутога. "Мы хацелі б больш маштабна і больш сістэмна паўдзельнічаць у расійскіх праграмах па гэтым напрамку", — цытуе яго словы ТАСС.
Крутой не выключае, што Лукашэнка абмяркуе гэтую тэму падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. У панядзелак стала вядома, што 8-9 траўня ён правядзе ў Маскве.
Дзмітрый Крутой падкрэсліў асаблівую зацікаўленасць ва ўдзеле ў расійскіх праграмах па беспілотніках Аляксандра Лукашэнкі. Іх важнасць у сучасных канфліктах дэманструе вайна ва Украіне.
"У бліжэйшы час на палігонах пакажаце разам з вайскоўцамі, якія беспілотнікі, якая ў вас артылерыя і іншае", — гаварыў Лукашэнка кіраўнікам ВПК месяц таму. Ён, відаць, расчараваны працай айчынных спецыялістаў над вытворчасцю беспілотнікаў, а абяцанняў у апошнія гады было шмат. Ваенна-прамысловы комплекс Беларусі "працуе пакуль слаба", зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.