Ваенна-прамысловы комплекс Беларусі "працуе пакуль слаба"
![Аляксандру Лукашэнку зноў будуць паказваць айчынныя беспілотнікі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-04/445111.jpg.webp?itok=DJnnWCnu)
Аляксандру Лукашэнку зноў будуць паказваць айчынныя беспілотнікі / t.me/modmilby/
Ваенна-прамысловы комплекс Беларусі "працуе пакуль слаба". Пра гэта заявіў у аўторак Аляксандр Лукашэнка падчас выступу на нарадзе, прысвечанай стану і задачам развіцця прамысловасці. "Больш дакладаў, пстрыкання абцасамі", — западозрыў ён, што яму не расказваюць пра рэальную сітуацыю.
"У бліжэйшы час на палігонах пакажаце разам з вайскоўцамі, якія беспілотнікі, якая ў вас артылерыя і іншае", — сказаў Лукашэнка кіраўнікам ВПК. Ён падкрэсліў, што зверне на гэта "сур'ёзную ўвагу". І дадаў: "Жартаваць тут нельга".
Аляксандр Лукашэнка не стаў спыняцца, якія ж праблемы выявіліся ў ВПК. Як вядома, асноўныя замовы яго прадпрыемствы атрымліваюць з Расіі. Магчыма, расіяне незадаволеныя якасцю прадукцыі (а пра гэта якраз ішла гаворка на нарадзе), ці зрывам паставак.
А магчыма, што ВПК проста не выканаў ранейшыя абяцанні Лукашэнку. Напрыклад, не пачаў серыйную вытворчасць ударных беспілотнікаў.
Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус на нарадзе гаварыў аб рэалізацыі "шэрагу маштабных праектаў па напрамках, якія раней на тэрыторыі краіны не існавалі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.