Вы тут

Шушкевіч — пра сітуацыю ў Беларусі: У мяне ёсць аптымізм

Станіслаў Шушкевіч / З архіву Еўрарадыё

Станіславу Шушкевічу, першаму кіраўніку незалежнай Беларусі, які паставіў у 1991-м подпіс пад Белавежскімі пагадненнямі, 15 снежня споўнілася 87 гадоў. У гутарцы з Радыё Свабода ён падзяліўся сваім меркаваннем пра цяперашнюю сітуацыю ў нашай краіне.

Шушкевіч вельмі крытычна ацэньвае дзейнасць цяперашніх уладаў, згадвае пра "дзяржаўны тэрарызм". "Зараз гэта ў нас у самым чыстым выглядзе, — кажа ён. — Але ж гэта было і ў СССР — там таксама кіраваў страх. Але тут [у Беларусі] ён доўга панаваць не будзе, таму што гэта ўжо немагчыма".

Станіслаў Шушкевіч падкрэслівае, што "так доўга ў Беларусі ўжо працягвацца не будзе". Ён прызнаецца, што мае аптымізм. Яго радуе, што з'явіліся новыя лідары дэмакратычнага руху — "граматныя, разумныя, з абгрунтаванай пазіцыяй, паліталагічнай свядомасцю".

"Я перакананы, што нам наканавана лёсам: наша моладзь павінна жыць у нармальнай, светлай, дастойнай, дэмакратычнай Беларусі, — працягвае Шушкевіч. — Яна, мне здаецца, гэтага заслугоўвае. І ідзе гэтым шляхам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.