Школьніцы, памерлай у Ельску, давалі тыя ж лекі, што і парадзісе ў Дзяржынску
Кропельніца, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У 2025 годзе ад антыбіётыку цэфтрыаксон памерлі тры чалавекі. Пра гэта стала вядома пасля смерці парадзіхі і дзіцяці ў Дзяржынску — як мяркуецца, ад гэтага ж антыбіётыку.
Аб праблемах, звязаных з цэфтрыаксонам, выданне "Зеркало" даведалася з непублічных дакументаў, атрыманых з дапамогай арганізацыі былых сілавікоў BELPOL. З іх вынікае, што за апошнія пяць гадоў "непажаданыя рэакцыі" на цэфтрыаксон вытворчасці Барысаўскага завода медпрэпаратаў фіксавалі ў 62 пацыентаў. Прычым двое ўпадалі ў кому, але іх удалося выратаваць. Чацвёра памерлі.
Адзін з самых вядомых выпадкаў — смерць 14-гадовай школьніцы Ірыны з Ельска, якая здарылася амаль год таму. Тады Следчы камітэт праводзіў праверку, але афіцыйна прычыну смерці так і не назваў.
У лісце Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя, які трапіў да журналістаў, гаворыцца, што дзяўчынку лячылі ў мясцовай бальніцы і ставілі кропельніцы з цэфтрыаксонам.
Астатнія падрабязнасці ёсць у заключэнні судова-медыцынскай экспертызы па гэтай справе, якая таксама трапіла журналістам "Зеркала".
Калі маці прывезла дзяўчынку ў лякарню, яна адмоўна адказала на пытанне пра наяўнасць алергічных рэакцый. Доктар прызначыла дзяўчынцы кропельніцу з цэфтрыаксонам. Як вынікае з даных камер відэаназірання, медсястра паставіла Ірыне кропельніцу ў 11:53, а праз хвіліну пайшла на пост. У 11:56 з палаты выбегла іншая пацыентка, якая, відавочна, паведаміла, што суседцы дрэнна. Паводле медыкаў, за гэты час дзяўчынка магла атрымаць прыкладна 50-60 кропель раствору з цэфтрыаксонам.
У 12:05 лекары заняліся рэанімацыяй школьніцы і працягвалі яе 10 гадзін. У Ірыны восем разоў спынялася сэрца. Увесь гэты час яна была ў коме і на апараце ШВЛ. Апошні раз лекары спрабавалі рэанімаваць дзяўчынку з 22:15 па 22:45, але беспаспяхова.
З ліста "Белфармацыі" журналісты даведаліся, што ў ліпені 2025-га Мінздароўя прыпыняла продаж і прымяненне цэфтрыаксона "ў сувязі з існуючай рызыкай для здароўя пацыентаў пры медыцынскім прымяненні лекавага прэпарата". Публічна пра гэта не паведамлялася.
Раней у Беларусі ўжо былі выпадкі анафілактычнага шоку ад цэфтрыаксону. Так, у студзені 2017 года на працягу трох дзён тры чалавекі памерлі пасля ўвядзення гэтага прэпарата. Тады яго часова забаранялі для прымянення ў Беларусі.