Вы тут

"Лічыць сябе ахвярай": за двайное забойства ў Стоўбцах школьніку далі 13 гадоў

У зале суда / Еўрарадыё

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў стаўбцоўскім судзе вынес прысуд па рэзананснай справе 16-гадовага школьніка, якога абвінавачвалі ў забойстве настаўніцы і вучня ў Стоўбцах. Вадзіма М. прысудзілі да 13 гадоў выхаваўчай калоніі.

Суд цалкам задаволіў патрабаванні абвінавачання. 13 гадоў зняволення гэта максімальна дапушчальны тэрмін для непаўналетняга. Таксама за нанесеную маральную шкоду з хлопца на карысць сваякоў забітай настаўніцы будзе спагнана 110 тысяч рублёў.

Сваякі тых, каго забіў Вадзім М., і пацярпелыя, якім падчас нападу пашчасціла застацца ў жывых, не сталі каментаваць прысуд. Хіба што сын загінулай настаўніцы сказаў, што асуджаны хлопец лічыць сябе ахвярай.

Гэтае забойства, якое шакавала Беларусь, адбылося ў стаўбцоўскай школе № 2 11 лютага 2019 года. Вучань 10-га класа Вадзім М. ударыў нажом настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства і вучня 11-га класа, абое памерлі на месцы. Яшчэ двух чалавек абвінавачваны параніў, пасля чаго схаваўся з месца здарэння. Неўзабаве яго знайшлі ў пад'ездзе аднаго з шматкватэрных дамоў. У яго заплечніку быў нож, малаток і піратэхніка, якую ён узяў з сабой у школу, але не выкарыстаў.

Падлетка судзілі па трох артыкулах: забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 2 арт. 139); замах на забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 139); асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Паколькі судзілі непаўналетняга, то на пасяджэннях не прысутнічалі журналісты. У залу суда былі дапушчаныя толькі сваякі забітых.