Вы тут

СК: школьнік у Стоўбцах спярша зарэзаў настаўніцу гісторыі

Школа ў Стоўбцах, дзе адбылася трагедыя / Еўрарадыё

Вучань у сярэдняй школе №2 у Стоўбцах найперш напаў на настаўніцу гісторыі. Пра гэта распавёў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Дзесяцікласнік прыйшоў у школу каля 7:40. 

"Ён паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі заступіцца два аднакласнікі. Яны атрымалі раненні. Пасля гэтага падазраваны выбег з класа і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа. 17-гадовы школьнік у выніку нападу загінуў", — паведаміў дэталі Кабаковіч.

Па яго словах, загінулай настаўніцы было 50 гадоў. 

Трагедыя ў школе №2 у Стоўбцах адбылася зранку 11 лютага. Адзін са школьнікаў напаў за нажом на настаўніцу і трох вучняў.  Пасля гэтага ён уцёк з месца здарэння. Затрымалі яго праз дзве гадзіны ў пад'ездзе аднаго з дамоў.

Настаўніца і адзін з вучняў памерлі. Двум астатнім зрабілі аперацыі ў Стаўбцоўскай лякарні.