Вы тут

Напад у Стоўбцах: пачаўся суд над 16-гадовым абвінавачваным у двайным забойстве

Працэс у судзе Стаўбцоўскага раёна праходзіць у закрытым рэжыме / Аляксей Карпека, Еўрарадыё​

Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Стаўбцоўскім судзе пачаў разгляд рэзананснай справы аб падвойным забойстве ў Стоўбцах. 16-гадовы школьнік абвінавачваецца ў забойстве настаўніцы і вучня.

Падлетку прад'яўленае абвінавачванне па трох артыкулах: забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 2 арт. 139); замах на забойства дзвюх асоб з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў (ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 139); асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Справа разглядаецца ў закрытым рэжыме, журналістаў у залу паседжанняў не дапускаюць.

Здарэнне адбылося 11 лютага 2019 года ў стаўбцоўскай школе №2. Вучань 10-га класа ўдарыў нажом настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства і вучня 11-га класа, абое памерлі на месцы. Яшчэ двух чалавек абвінавачаны параніў, пасля чаго схаваўся з месца здарэння. Неўзабаве яго знайшлі ў пад'ездзе аднаго з шматкватэрных дамоў. У яго заплечніку быў нож, малаток і піратэхніка, якую ён узяў з сабой у школу, але не выкарыстаў.