Вы тут

"З чаго цяпер плаціць?" Полацкі бізнесмен — пра свой рэзкі адказ чыноўнікам

Уладзімір Захараў / facebook.com

Полацкі бізнесмен Уладзімір Захараў расказаў Еўрарадыё, чаму так смела адказаў мясцовым уладам на прапанову знізіць арэндную плату. Захараву належаць многія гандлёвыя плошчы ў Полацку і Наваполацку. Сітуацыя там цяпер напружаная: пакупнікоў менш, чым звычайна, а прадпрымальнікі ідуць на самаізаляцыю.

"Арандатары вымушана не працуюць і не могуць аплаціць арэнду. А мы, арандадаўцы, у выніку не маем сродкаў для абавязковых плацяжоў. Гэта падатак на нерухомасць, зямельны падатак, адлічэнні на капітальны рамонт, аплата ацяплення. Працэнты па крэдытах, а ў арандатараў — па сваіх, — тлумачыць Еўрарадыё Уладзімір Захараў. — Вось, напрыклад, рэспубліканская ўлада вызначыла суму падатку на нерухомасць і права мясцовым уладам павялічваць яго ў два з паловай разы. Мы так і плацілі. Калі былі даходы з арэнды... Цяпер з чаго плаціць? На пару месяцаў адмяніце павышэнне падаткаў у два з паловай разы, зрабіце іх хоць бы звычайнымі. І мы адразу знізім абавязацельствы арандатара перад намі па арэндзе".

Перапіска полацкіх чыноўнікаў і прадпрымальніка Уладзіміра Захарава / Facebook.com

Прадпрымальнік не лічыць свой адказ занадта рэзкім. На яго думку, ён толькі пералічыў тыя рашэнні, якія ў сітуацыі, якая склалася, павінны быць прынятыя.

У наваполацкім ГЦ "Стралецкі капітал", які належыць Уладзіміру Захараву, тым часам склалася няпростая сітуацыя. Прадпрымальнікі звярталіся да бізнесмена з просьбай знізіць арэндную плату. Так што фактычна Полацкі райвыканкам паўтарыў Захараву іх просьбу.

Уладальнікі некаторых гандлёвых аб'ектаў горада ўжо пайшлі на саступкі сваім арандатарам.

"Пакуль што працуем, у масках і пальчатках. Працэнтаў 20 прадпрымальнікаў пайшлі на самаізаляцыю. А паток пакупнікоў скараціўся разы ў два. Хацелі б, вядома, каб знізілі арэндную плату, напісалі петыцыю. Ведаю, што ў ГЦ "Пралеска" ўладальнік пайшоў на такія саступкі. Але таксама разумеем і падтрымліваем пазіцыю Захарава", — расказвае Еўрарадыё прадпрымальнік з гандлёвага цэнтра "Стралецкі капітал".

ГЦ "Стралецкі капітал" у Наваполацку / arendastrelets.by

Ці пойдуць раённыя ўлады насустрач бізнесу, Уладзімір Захараў загадваць не бярэцца. Але кажа, што "выклікаў абмеркаванне на ўсіх узроўнях".​

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.