Вы тут

"Усіх сабак павесілі на тату". Гісторыя беларуса, які прытуліў сотні сабак

Прытулак Юрыя Валько ў Мар'інай Горцы / Еўрарадыё

Актывіст з Мар'інай Горкі Юрый Валько чатырнаццаць гадоў адзін утрымлівае прытулак для бяздомных жывёл. Сабакі жывуць літаральна пасярод лесу, кожны дзень Юрый праводзіць тут шэсць-сем гадзін.

Цяпер у яго прытулку каля сотні сабак. А за жыццё Юрый уладкаваў больш за тысячу бяздомных жывёл.

Прытулак у Мар'інай Горцы

Ён прызнаецца, што калісьці разлічваў на аддачу з боку і мясцовых жыхароў, і мясцовых уладаў. Спадзяваўся, што яму дапамогуць вырашыць агульную праблему горада, сачыў за сусветнымі тэндэнцыямі: даведваўся, як ратуюць бяздомных жывёл у іншых краінах.

— Я прапаноўваў увесці падатак на жывёл — як на тых, што ўтрымліваюцца на прыватных падворках, так і на тых, якія жывуць у кватэрах. Прапаноўваў чыпаваць сабак і катоў, каб усе ў горадзе ведалі, чый гадаванец знаходзіцца на вуліцы. Прапаноўваў ужываць бязлітасныя санкцыі да нядбайных гаспадароў, караць іх штрафамі — толькі гэта магло прывесці да нейкіх вынікаў, — тлумачыць Юрый.

Тлумачачы мясцовым уладам, як важна чыпаваць хатніх жывёл, Юрый працягваў дапамагаць тым, хто ўжо застаўся на вуліцы. Усіх гэта задавальняла, у выніку з уладай склалася вусная дамоўленасць: Юрый проста бярэ адказнасць за ўсіх бяздомных сабак у горадзе.

Прытулак Юрыя Валько / Еўрарадыё

— Мары марамі, але неабходна было штодня клапаціцца пра гарадскіх жывёл. І тых, хто жыве ў горадзе, і тых, хто ўжо пасяліўся ў прытулку. Многіх сабак везлі на Гурскага, але я забіраў іх і адтуль. Вось у такой кашы варыўся кожны дзень са сваімі старымі і новымі сябрамі. Плакаў горкімі слязьмі, калі хтосьці паміраў. Але слёзы з часам высыхалі. А безвыходнасць і неразуменне грамадства нарастала.
 

Як з'явіўся прытулак: "Юра, там сабачка бегае — прыбяры"

Некалькі тыдняў таму ў інтэрнэце з'явілася відэа пікета: Юрый у атачэнні паўсотні сабак выйшаў да будынка Пухавіцкага выканкама.

У гэтым пікеце не было палітычнага складніка: Юрый проста хацеў звярнуць увагу чыноўнікаў на праблему бяздомных жывёл і на свой прытулак.

Такім бачаць прытулак унукі Юрыя Валько / Еўрарадыё

Так гэты прытулак бачаць унукі Юрыя Валько. На гэтым малюнку ў прытулку ёсць памяшканне, у якім "сабачкам робяць масаж", ёсць сабачая куханька, а ёсць "месца, дзе лекары робяць так, каб у сабачак не было шчанюкоў".

На самай справе прытулак знаходзіцца на тэрыторыі падсобных памяшканняў былой вайсковай часці. Тэрыторыю вылучылі мясцовыя ўлады: гэта проста вусная дамоўленасць. Тут ёсць некалькі дзясяткаў будак, да прытулку прымыкае лес. Чаго няма — фінансавання. Юрый кожны дзень прыдумляе, як аднаму пракарміць і выгуляць сотню жывёл.

Чатырнаццаць гадоў таму Юрый завёў свайго першага сабаку — ньюфаўндленда. Потым другога — пекінэса. Яго дачка Аляксандра мяркуе, што бяздомныя сабакі Мар'інай Горкі проста зайздросцілі ньюфаўндленду і пекінэсу і, калі Юрый выгульваў іх, увязваліся следам.

Спярша ўвязалася такса — яна стала трэцім сабакам пад наглядам Юрыя. А потым іх стала сто.

— Усе 14 гадоў я стаяў на рынку, абвешаны сабачкамі і коцікамі з ног да галавы. У той першы час за выходныя можна было ўладкаваць да 14-15 коцікаў і сабачак, а часам — і 30. Гэта працягвалася нядоўга — ці то ў людзей знікла цікавасць, ці то яны наеліся ўсяго гэтага, але ўжо праз два гады за цэлы месяц можна было ўладкаваць ад адной да шасці жывёл, — расказвае Юрый.

 

"Не забярэш — закапаю"

З уладамі і мясцовымі жыхарамі склалася вусная дамоўленасць: Юрый проста браў адказнасць за ўсіх жывёл у горадзе.

— Раней мне тэлефанавалі ўсе. Праходзіць гарадское мерапрыемства: Юра, там сабачка бегае — прыбяры? Юра прыбіраў, бо ён разумеў, што выклік службы адлову каштуе гораду дорага. Быў выпадак, калі бяздомны сабака "забарыкадаваў" людзей у краме — не маглі ні зайсці, ні выйсці. Загадчыца тэлефануе: Юра, ратуй. Юра прыехаў, змагаўся з гэтым сабакам, забраў яго, а потым хадзіў з апухлай нагой: засталіся сляды ад укусаў.

Прасілі ўладкаваць сабаку не толькі ўлады — мясцовыя жыхары цяпер таксама ведаюць, каму аддаваць "лішніх" жывёл. Дачка Юрыя — Аляксандра — расказвае, што нярэдка гэта адбываецца праз шантаж:

Аляксандра, дачка Юрыя / Еўрарадыё

— Тэлефануюць і кажуць: не забярэш — закапаю, не забярэш — павешу. Напэўна, праблема таты ў тым, што ён давярае людзям. Часта казалі: мы аддамо табе сабаку, але будзем прыязджаць, дапамагаць, прывозіць ежу.

Пра гэтыя абяцанні хутка забывалі. Сабак станавілася больш. Тады мясцовыя ўлады і адправілі Юрыя і яго прытулак на тэрыторыю былой вайсковай часці. Усе дамоўленасці былі вусныя.

У пачатку верасня, калі Юрый чарговы раз прыехаў у свой прытулак, ён убачыў чатыры машыны службы адлову. Увечары таго ж дня па інтэрнэце разляцелася відэа: жыхар Мар'інай Горкі вывеў да мясцовага выканкама пяцьдзясят сабак.

— Службу адлову выклікаў выканкам. Цяпер там кажуць, нібыта людзі пачалі скардзіцца на прытулак. Але столькі гадоў ніхто не скардзіўся — і раптам пачалі? Мае сабакі адсюль нікуды не могуць пайсці, іх тут кормяць, у сабакі такая псіхалогія, што ён далёка ад гэтага месца не пойдзе, — перакананы Юрый.

— Усіх сабак горада на тату вешаюць, — кажа Аляксандра. — Калі хтосьці бачыць у горадзе бяздомнага сабаку, кажуць, што гэта татаў сабака.

 

Канфлікт з валанцёрамі: "Сабак хутка зробяць вегетарыянцамі"

Калі мы заходзім на тэрыторыю прытулку, да нас насустрач выходзіць дзясятак сабак. Яшчэ некалькі дзясяткаў падцягваюцца следам — яны суправаджаюць Юрыя. І ўсе яны збіраюцца вакол нас і не сыходзяць з месца, пакуль мы не заканчваем інтэрв'ю. Часам хтосьці з іх лезе з абдымкамі да Юрыя, крыху радзей — да карэспандэнта Еўрарадыё. Самыя частыя фразы тут — "вох, ну цяпер вас дакладна выпацкаюць" і "яны ўсе хочуць пагладзіцца".

Прытулку вельмі патрэбныя новыя будкі / Еўрарадыё

— Паглядзіце на іх, хіба яны галодныя? Хіба яны няшчасныя? — кажа дачка Юрыя, знаёмячы нас з пастаяльцамі прытулку.

Гэтымі пытаннямі яна адказвае на папрокі зоаабаронцаў. Валанцёры лічаць, што Юрый арганізаваў не прытулак, а стыхійнік, а ад дапамогі збоку адмаўляецца.

Юрый не згодны і запэўнівае, што яму сапраўды патрэбная дапамога — але не ў такім фармаце, які бачаць іншыя валанцёры. Корань непаразумення закапаны ў лесе. Вось літаральна ў гэтым лесе, які прымыкае да прытулку.

Разам з Юрыем і некалькімі дзясяткамі сабак мы ідзём у лес, да возера, а па дарозе распытваем, як выйшла, што ён застаўся з сабакамі адзін.

— Самая галоўная прычына непаразумення з валанцёрамі ў тым, што яны інакш сабе ўяўляюць, што такое сабака. Хто ён? Для чаго служыць і што павінен рабіць? Сабака — гэта паляўнічы, і яму лепш займацца сваім рамяством. Убачыў зайца, аленя, качку — і сігай за ёй. Падушкі, хусцінкі, банцікі, канапы — гэта не сабачая тэма. Але цяперашнія зоаабаронцы заўзята прабіваюць гэтую тэму. Сабак хутка зробяць вегетарыянцамі.

У Мінску лабрадоры жывуць у кватэрах, ніколі не бачылі чаротаў і качак. Хаскі і маламуты ніколі не бегалі па прасторах у запрэжцы — яны проста сядзяць на балконах і выюць. Потым іх адвозяць у вёскі і выкідваюць, аддаюць састарэлым бацькам, а то і зусім у чыстае поле. Вось з такой рэчаіснасцю мне даводзіцца сустракацца кожны дзень.

Чалавек перакруціў саму сутнасць жыцця жывёлы, задавальняючы свае капрызы. Усяму Мінску не падабаецца, што сабакі жывуць у лесе. Але гэта іх натуральны стан, так павінна быць.

Пастаяльцы прытулку на прагулцы / Еўрарадыё

Часам валанцёры папракаюць нас: вы не аддаяце сабак, мы хочам іх уладкоўваць. А я паказваю: вось у мяне маладзенькі сабачка, бярыце, уладкоўвайце яго! Яму дрэнна ў прытулку, я не ведаю, калі ён асвоіцца. А навошта забіраць адсюль, напрыклад, Кіма? Вось гэтага вялікага сабаку. Яму тут вельмі весела, яму добра.

Думаеце, мала было сабак, якіх мы спрабавалі ўладкаваць і якія вярталіся сюды? Са мной сабакі бегаюць у лесе за зайцамі — навошта такіх сабак забіраць у кватэры?

Аляксандра расказвае, што за гады існавання прытулку валанцёры неаднаразова спрабавалі далучыцца да справы.

— А ў інтэрнэце пісалі нейкія гадасці. Многія чамусьці лічаць, што тата адмаўляўся ад дапамогі валанцёраў. Але тата адмаўляўся не ад дапамогі, а ад спробаў навязаць яму чужыя ідэі і прынцыпы.

Юрый Валько / Еўрарадыё

А хто хоча, каб табой камандавалі, калі ў выніку яны ўсё роўна з'едуць, а ты застанешся ў Мар'інай Горцы з сотняй гэтых сабак адзін? Мы не ўступаем ні ў якія канфлікты з імі, у інтэрнэце не адказваем.
 

Як іх усіх пракарміць

Юрый любіць праграмы на канале National Geographic, любіць жывёл, любіць фатаграфаваць. Яшчэ да таго, як у яго з'явіўся прытулак, ён марыў фатаграфаваць дзяцей і жывёл. З тых часоў засталіся паштоўкі.

Калі ў прытулку жыло ўжо два дзясяткі сабак, Юрый скарэктаваў планы — цяпер ён марыў ладзіць прадстаўленні для дзяцей. Тады прытулкам цікавіліся ў мясцовай школе: на ўроках працы хлопцы рабілі будкі, хтосьці прыходзіў у прытулак як валанцёр, успамінае Аляксандра.

Юрый купіў для дзяцей чырвоныя футболкі з невялікай лапкай на грудзях. А потым выраслі новыя дзеці — нейкія не такія.

— Прытулак тады быў у іншым месцы, сабак было менш — каля сарака, дый дзеці былі іншыя. Былі размаляваныя будкі, з дзецьмі мы выгульвалі сабак у парку. Цяпер — ні аднаго дзіцяці, нікому не цікава.

Было б выдатна, калі б нейкая школа ўзяла шэфства над прытулкам, дапамагала з вырабам будак, напрыклад. Калі б прадпрыемствы дапамагалі з кормам. Калі б выканкам наогул узяў уладу над намі, а не проста шэфства.

Прагулкі па лесе / Еўрарадыё

Прытулку на самай справе патрэбна дапамога. Плоту патрэбныя брамкі, плот трэба падлатаць — усё гэта патрабуе грошай. Калі б горад узяўся яго падлатаць, мясцовыя жыхары перасталі б пра кожнага бяздомнага сабаку казаць, што ён уцёк з прытулку Юрыя. Будак сабакам дагэтуль не стае. Супрацоўнічаць з мясцовымі прадпрыемствамі Юрый спрабаваў, ды ўсё не выходзіць.

"Неяк мы дамовіліся з начальнікам камгаса: ён паабяцаў вырабіць для прытулку бясплатна 30 будак. Заказалі — зрабілі. А потым гэтага начальніка камгаса прыбралі. Прыходзіць наступны начальнік і выстаўляе нам рахунак — па мільёне рублёў [сто дэнамінаваных рублёў. — Еўрарадыё] за будку. Адзін мой знаёмы нават прапанаваў выкупіць у камгаса гэтыя будкі, пакуль не даведаўся, якую цану там запрасілі", — успамінае Юрый.

Юрый знаходзіць спосабы рэгулярна прывозіць у прытулак ежу. Не дарагі сабачы корм — то субпрадукты, то пратэрмінаванае мяса. Грошы на гэта ніхто не вылучае.

— Я прывозіў ялавічныя страўнікі, вымя, галовы, асабіста, прабачце за падрабязнасці, разбіваў гэтыя галовы, мазгі разляталіся ў розныя бакі. Можна было звар'яцець ад таго, што даводзілася рабіць, каб пракарміць гэтых сабак. Я думаў, што хтосьці зверне ўвагу, усе зразумеюць маштаб праблемы, прапануюць дапамогу — а атрымалася, што я застаўся з сабакамі адзін.

 

"Мяне прыйдуць і спаляць"

Пасля пікета ля выканкама адносіны з мясцовай уладай вярнуліся да ранейшага фармату. Юрый фармулюе гэта так: "Пакуль мяне не чапаюць, я нікуды не хаджу".

— Раней мясцовая газета пра мяне пісала так: "Юрый Віктаравіч са сваімі прыгожымі сабачкамі зноў зрабіў нешта добрае". А цяпер тая самая мясцовая газета піша: "А ці быў прытулак?" Ну і як да гэтага ставіцца?

Паштоўкамі Юрый спадзяваўся прыцягнуць увагу да прытулку / Еўрарадыё

Больш за ўсё ўладальніка прытулку абурае, што горад не разумее — ён сам вінаваты ў праблеме бяздомных жывёл. Вырашаць яе трэба не накіроўваючы чарговую бяздомную жывёлу ў прытулак Юрыя, а абавязваючы людзей браць адказнасць за сваіх жывёл.

— Уладальнікаў сабак трэба штрафаваць, калі яны выкідваюць іх на вуліцу. Для гэтага трэба чыпаваць усіх свойскіх жывёл, каб вы ведалі, чый сабака бегае па горадзе.

Чыпаванне — гэта адзіная сур'ёзная праблема. Ніякія нашыйнікі з бірачкамі чыпавання не заменяць. Гаспадар, выкідваючы сабаку, іх адразу ж здымае.

Ведаеце, што мне на гэтую прапанову адказаў начальнік камгаса? "Мяне прыйдуць і спаляць, калі пачнём штрафаваць". Вы ўяўляеце? У якім стагоддзі мы жывём?

 

Каментар валанцёра: "Трэба ствараць прытулак з працоўнымі месцамі"

Мы пагаварылі з зоаабаронцай Вольгай Кірыльчык, каб зразумець, чаму ў Юрыя і валанцёраў не складваецца сумесная праца.

— Цяпер спрабуем працаваць па некалькіх напрамках і пачалі з выканкама. Таму што мы разумеем: нават калі мы вывезем усіх сабак, сітуацыю гэта не вырашыць. Праз пару гадоў з'явіцца такая самая зграя, але ў іншым месцы. Людзі зноў будуць звяртацца да Юрыя, ён зноў створыць такі самы прытулак.

Мы падалі запыт у выканкам — папрасілі вылучыць новую тэрыторыю і стварыць часовы пункт утрымання і адлову. Натуральна, гаворка не пра такія пункты, як той, што існуе на Гурскага. Існуюць пункты іншага фармату, дзе з жывёламі працуюць валанцёры, супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі органамі.

У кожным разе трэба разглядаць магчымасць стварэння прытулку з аплатнымі працоўнымі месцамі. Цяпер на гэта з'явіўся невялікі шанц — пакуль гаварыць пра нешта напэўна не магу.

Мясцовыя ўлады ідуць нам насустрач, дазваляюць вывозіць жывёл з прытулку. Нам не здаецца, што ўсе гэтыя гады ўладу ўсё задавальняла. Як нам тлумачылі, выканкам неаднойчы ўздымаў пытанне прытулку, але нейкім чынам удавалася дамаўляцца.

Бачанне прытулку ў разуменні Юрыя і астатніх валанцёраў рознае. Выступіць пад адным сцягам — гэта значыць, што кожны бок будзе рабіць пэўныя крокі насустрач.

Цяпер улады далі нам зразумець: мы пойдзем вам насустрач, а вы дзейнічайце. Шукайце зямлю, месца, у якое перанясём прытулак. Пакуль яно не знойдзена, мы вывозім сабак. Гэта няпроста: у зграі свая іерархія, кагосьці забралі — іншы пачынае паводзіць сябе інакш.

На наш погляд, сам Юрый у працы з валанцёрамі асабліва не зацікаўлены. Палак у колы не ставяць, але некаторыя складанасці ёсць: напрыклад, валанцёры хочуць забраць адных жывёл, а ён прапануе іншых.

У Мар'інай Горцы неаднойчы былі валанцёры, якія спрабавалі працаваць з Юрыем. Хацелі дапамагчы рэарганізаваць прытулак, каб знізіць колькасць боек паміж сабакамі, а таксама паменшыць нараджальнасць ва ўмовах, калі няма магчымасці стэрылізаваць усіх наяўных сук; паставіць вальеры пад шчанюкоў і каранцінную зону.

Мінімальная рэарганізацыя дазволіла б у далейшым прыцягваць грамадскасць да валанцёрскай дапамогі па доглядзе жывёл, а таксама дазволіла б наведваць прытулак людзям, якія жадаюць выбраць сабе гадаванца. Але ўсе прапановы рана або позна ўпіраліся ў нежаданне Юрыя што-небудзь мяняць. Такім чынам усё заставалася на тым самым месцы. У выніку чаго сёння мы маем праблемы як з утрыманнем жывёл прытулку, так і ў дачыненні да незадаволеных гараджан.

 

Дачнікі з'едуць — сабак зноў стане больш

Пасля гучнага пікета ля выканкама падняўся шум. Валанцёры з усёй краіны дапамаглі ўладкаваць частку сабак. Цяпер іх у прытулку ўдвая менш, чым было, — усяго сто.

Юрый прызнае: ён удзячны валанцёрам за тое, што сабак удалося ўладкаваць, выратаваць ад Гурскага. Вось толькі праблема не вырашылася — не толькі ў Беларусі, але нават у маленькай Мар'інай Горцы.

Зусім хутка сабак у прытулку зноў стане больш: раз'едуцца дачнікі, і тыя жывёлы, якіх яны ўзялі да сябе дадому на лета, застануцца на вуліцы. Зразумела, у іх не будзе чыпаў. А значыць, і гаспадароў таксама не будзе. Юрый і Аляксандра назіраюць за гэтым шмат гадоў.

— Мне патрэбны саюз аднадумцаў, вялікая арганізацыя, якая магла б дапамагчы з фінансаваннем прытулку. Але валанцёры дагэтуль не могуць аб'яднацца пад маім сцягам, не могуць падтрымаць патрабаванні аб чыпаванні і штрафах. І мары застаюцца марамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.