Крык душы: навошта зоаабаронца вывеў на плошчу да выканкама 50 сабак?

Юрый Валько на плошчы ля мясцовага выканкама / фота з асабістага архіва Юрыя Валько
Юрый Валько на плошчы ля мясцовага выканкама / фота з асабістага архіва Юрыя Валько

У прытулку ў Мар'інай Горцы жыве каля 150 сабак. Дакладную лічбу ведае толькі адзін чалавек — Юрый Валько. Менавіта ён стварыў гэты прытулак 14 гадоў таму. Ратаваў бяздомных сабак, выходжваў іх, гуляў з імі, шукаў магчымасць іх пракарміць.

Усе гэтыя гады з мясцовымі ўладамі была негалосная дамоўленасць, расказвае Еўрарадыё яго дачка Аляксандра. Калі ў горадзе з'яўляліся бяздомныя сабакі, чыноўнікі казалі: трэба тэлефанаваць Юру. І Юрый Валько выязджаў, каб на ўласнай машыне перавезці сабаку з вуліцы ў свой імправізаваны прытулак.

Юрыдычнага статусу ў прытулку не было. Аляксандра тлумачыць: у краіне проста няма такога паняцця, як "прытулак для жывёл". Юрый стварыў грамадскую арганізацыю "Сонца для ўсіх". Тыдзень таму мясцовы выканкам яе ліквідаваў.

На працягу 14 гадоў усё трымалася на вусных дамоўленасцях з мясцовымі ўладамі.

"Проста ўсім было зручна, што ёсць такі чалавек: і мясцовым жыхарам, і гораду", — кажа Аляксандра.

Учора Юрыя выклікалі ў ЖКП "на размову". Пакуль ішла размова, у прытулак прыехала машына спецыялістаў "Фаўны горада" — і некалькі дзясяткаў сабак забралі ў Мінск у сумна вядомы прытулак на вуліцы Гурскага.

На знак пратэсту Юрый з пяццю дзясяткамі сваіх падапечных пайшоў да будынка мясцовага выканкама. Прыехала міліцыя, Юрыя затрымалі.

UPD, 15:30. Юрыя Валько адпусцілі з РАУС.

Навошта Юрый Валько прыйшоў да выканкама?

"Мы не ведаем, што нас чакае. Цяпер у прытулак прыехаў прадстаўнік выканкама, ЖКГ, міліцыя. Магчыма, забяруць астатніх сабак, каб ліквідаваць іх", — расказвае Аляксандра. Яна кажа "ліквідаваць", каб не гаварыць "забіць", таму што, пакуль мы размаўляем, побач сядзяць дзеці.
 

Вусныя дамоўленасці з выканкамам

Усё пачалося 14 гадоў таму. Юрый завёў двух сабак. Калі ён выводзіў гадаванцаў на прагулкі, бяздомныя ўвязваліся следам.

"За татам пастаянна ўвязваўся які-небудзь сабака, якога трэба выратаваць: то сляпы, то кульгавы, то пакрыўджаны іншымі сабакамі. Праблема бяздомных жывёл у нашай краіне існавала даўно. І тата вырашыў: хачу паказаць людзям, як трэба ставіцца да жывёл, — кажа Аляксандра. — Ён педагог, марыў арганізаваць невялікі прытулак, дрэсіраваць гэтых сабак, паказваць прадстаўленні дзецям, вадзіць школьнікаў".

Тэрыторыя першага прытулку знаходзілася недалёка ад жылой забудовы. Сабак станавілася больш, і мясцовыя ўлады сказалі: давайце перамесцім вас на тэрыторыю былой дапаможнай гаспадаркі.

А потым жывёл стала настолькі шмат, што першапачатковыя планы пайшлі пад адхон: часу цяпер ставала толькі на тое, каб карміць сабак і выгульваць іх.

Так выглядае імправізаваны прытулак для жывёл

Нядаўна выканкам стаў настойваць: сабак трэба зарэгістраваць. І, па словах Аляксандры, літаральна ўчора Юрый пачаў рэгістраваць жывёл, у найбліжэйшы час дваццаць сабак павінны былі атрымаць рэгістрацыю. Апошнія некалькі тыдняў правёў у паездках па інстанцыях.

"Усе гэтыя сабакі — гарадскія. Тату проста на працягу 14 гадоў тэлефанавалі з арганізацый, з ЖКГ і казалі: Юра, тут сабачка перашкаджае, прыедзь забяры! Ніхто яму не даваў за гэта ні капейкі. Але ён на ўсё быў гатовы, каб навесці парадак у прытулку, і займаўся гэтым. А ў выніку нейкія людзі проста без папярэджання прыехалі ў яго прытулак, зламалі вароты — і забралі сабак".

Сёння Юрый павінен быў ехаць у Мінск па ежу для сваіх падапечных. Але пакуль што ён чакае суда ў РАУС.
 

Трыста кілаграмаў ежы ў дзень

Аляксандра прызнае: спраўляцца з гэтым аднаму было і цяжка, і дорага, не ўсё ў прытулку ідэальна. Ні на стэрылізацыю жывёл, ні на ежу грошы не вылучаюцца — Юрый спраўляецца сваімі сіламі. Яму не зашкодзіла б некалькі памочнікаў — і тады сітуацыя ў прытулку была б іншая, кажа Аляксандра.

"Ён абсалютна адзін. Апошнім часам ён ужо нават не можа працаваць: ён заняты толькі тым, каб знайсці ежу на такую колькасць жывёл. У дзень на ўсіх гэтых сабак трэба трыста кілаграмаў ежы. Мы, як дзеці, стараліся трохі яго падтрымліваць".

Крик души: зачем зоозащитник вывел на площадь к исполкому 50 собак?
Будка для сабакі ў прытулку Юрыя Валько / фота з архіва Юрыя Валько

Адказваючы на пытанне пра тое, як мясцовыя жыхары ставіліся да такога стыхійнага прытулку, Аляксандра дасылае нам фатаграфію будкі. На ёй таблічка: "Пухнатаму сябру ад 1 "Г" класа". Будкі рабілі на ўроках у мясцовай школе, каб хоць неяк падтрымаць прытулак.

Аляксандра кажа, што калі б яе бацьку хоць крыху дапамаглі гарадскія чыноўнікі, калі б вылучылі памочнікаў, паставілі вакол прытулку новую агароджу — туды з часам можна было б вадзіць экскурсіі.

Крик души: зачем зоозащитник вывел на площадь к исполкому 50 собак?
Так выглядае прытулак для жывёл у Мар'інай Горцы / фота з архіва Юрыя Валько

"Бяздомныя сабакі належаць не майму бацьку — яны належаць нам усім, і гэта наша агульная адказнасць. Трэба тлумачыць людзям, як важна рэгістраваць сваіх жывёл, стэрылізаваць іх, адказна да іх ставіцца, каб бяздомных жывёл не станавілася больш".
 

"Тата — не пра палітыку, тата — пра жывёл"

Калі Юрый даведаўся, што частку сабак з ягонага прытулку забралі на Гурскага, ён з дзясяткамі сваіх падапечных выйшаў да мясцовага выканкама. Там яго і затрымалі.

Пра свае планы выйсці на плошчу Юрый нікога не папярэдзіў, нават дзяцей. Аляксандра кажа, гэта быў крык душы.

"Міліцыя нас папракала, маўляў, тата стварае такім чынам небяспеку для людзей. А яны самі не стварылі небяспеку, калі затрымалі яго і не далі нават завесці сабак назад? Але ўсе жывёлы ў таты сацыялізаваныя. Яны хоць і былі ў шоку, калі тату забралі, але мы спакойна вярнулі іх назад у прытулак".

Аляксандра некалькі разоў падкрэслівае: яе бацька не апазіцыянер.

"Ён не займаецца палітыкай, ён займаецца дапамогай жывёлам. На плошчу ён выйшаў адзін, не збіраў ні правых, ні левых. Ён абараняе правы жывёл і прывёў з сабой жывёл, — кажа Аляксандра. — Мы хочам аднаго: каб адпусцілі тату і каб яго справа працягнулася".
 

Што кажуць чыноўнікі?

З чыёй ініцыятывы "Фаўна горада" прыехала ў Пухавічы?

У мясцовага ўнітарнага прадпрыемства "Жылцепласэрвіс" заключана дамова з мінскай "Фаўнай горада" на 2021 год. Гэта значыць, спецыялісты "Фаўны горада" ўпаўнаважаны сёлета займацца тут адловам жывёл.

За пяць месяцаў "Фаўна горада" 11 разоў выязджала ў Пухавічы па заяўцы гэтай арганізацыі. Але ў прыёмнай "Жылцепласэрвісу" карэспандэнта Еўрарадыё запэўнілі, што гэтым разам спецыялістаў арганізацыі ў прытулак не выклікалі. Атрымаць больш падрабязную інфармацыю не ўдалося.

Еўрарадыё паспрабавала звязацца з прадстаўнікамі выканкама, аднак пакуль што атрымаць каментар мясцовых уладаў не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі