Як пераканацца, што эўтаназія гадаванца не была пакутлівай? Тлумачыць ветэрынар

У Беларусь завезлі прэпарат для эўтаназіі, ад якога жывёліны ажываюць? Здаецца, гэта страшылкі

У Беларусь завезлі прэпарат для эўтаназіі, ад якога жывёліны ажываюць? Здаецца, гэта страшылкі / pixabay

Чытачы Еўрарадыё расказалі, што праз санкцыі ў Беларусь амаль перасталі завозіць прэпарат для эўтаназіі жывёлаў. "Цяпер многія клінікі перайшлі на расійскія прэпараты, але яны такія дрэнныя, што сэрца жывёліны можа праз 20 хвілін пасля смерці зноў пачаць біцца", — піша чытач Еўрарадыё і запэўнівае, што бачыў гэта на свае вочы.

Але доктар-ветэрынар запэўнівае, што "ажыць" пасля эўтаназіі жывёліна не можа. Затое ўладальнікі гадаванца могуць няправільна трактаваць некаторыя працэсы, якія адбываюцца ў арганізме пасля смерці.

Напрыклад, могуць здзімацца лёгкія, а чалавек вырашыць, што яго гадаванец падае прыкметы жыцця.

 

На чым могуць паспрабаваць эканоміць нядобрасумленныя клінікі?

Праблема можа быць не ў тым, які прэпарат ўводзяць жывёліне падчас эўтаназіі, а ў тым, ці карэктна праводзіцца працэдура.

Пры правільнай працэдуры жывёліне ўводзяць наркоз, і яна засынае глыбокім сном. А потым унутрывенна ўводзіцца прэпарат, які спыняе працу сардэчнай мышцы, — тлумачыць ветэрынар.

У Беларусі ў прыватных клініках у буйных гарадах працэдура выконваецца гуманна. Нашы прыватныя клінікі арыентуюцца на заходнія тэхналогіі. Нават калі дактары-ветэрынары праходзяць навучанне ў Расіі, яно заснаванае на даследаваннях ЗША і еўрапейскіх краін, тлумачыць ветэрынар.

А як выглядае негуманная эўтаназія?

Да мяне даходзілі чуткі ад аднагрупнікаў: часам у дзяржклініках, дзе яны праходзілі практыку, жывёліне проста ўколвалі прэпарат, які выклікаў спыненне сардэчнай мышцы. Жывёліну пры гэтым не пагружалі ў сон. Гэты прэпарат прыводзіць да смерці, але ў працэсе жывёліна праходзіць усе яе стадыі: ад страты прытомнасці да агоніі. Думаю, некаторыя клінікі могуць так паступаць дзеля эканоміі прэпаратаў.

А ёсць прэпараты, якія абязрушваюць жывёліну, але не пагружаюць у сон. І тады гадаванец, хоць і не рухаецца, працягвае ўсё адчуваць.

Таму ў большасці прыватных клінік ўладальніку хатняй жывёліны дазваляюць прысутнічаць падчас эўтаназіі гадаванца.

— Пасля таго як жывёліна пагрузілася ў сон, у яе не павінна быць ніякай рэакцыі на вонкавыя раздражняльнікі. Яна не павінна рухацца ці выдаваць гукі, зрэнкі не павінны рэагаваць на святло. Калі сэрца жывёлы спынілася, чакаюць яшчэ некалькі хвілінаў. Толькі пасля гэтага можна канстатаваць, што наступіла клінічная смерць.

 

Нельга папрасіць аб эўтаназіі, калі не хочацца траціцца на лячэнне

Доктар падкрэслівае, што гэтая працэдура крайняя мера. Яе дазваляюць толькі для жывёліны з невылечным дыягназам, каб палегчыць яе пакуты.

Але калі хвароба паддаецца лячэнню, а ўладальнік проста не хоча займацца здароўем свайго гадаванца, дактары адмаўляюцца праводзіць эўтаназію, бо ў такім выпадку гэта проста пазбаўленне жывёліны жыцця. Рашэнне прымае доктар, а не ўладальнік жывёліны.

Наш суразмоўца прызнае, што і для саміх ветэрынараў гэта маральна складаная працэдура. Бо многія з іх прывязваюцца да гадаванцаў сваіх кліентаў, асабліва калі гаворка ідзе пра адказных уладальніках, якія заўсёды падтрымліваюць сувязь з доктарам.

Вось тут мы расказвалі, як шукалі прэпараты, якія ў беларускіх клініках выкарыстоўваюць для эўтаназіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі