Уладальнікі АЗС прасілі адмяніць для іх рэгуляванне цэн. Чыноўнікі прадказальна адмовілі

АЗС у Беларусі

АЗС у Беларусі

Уладальнікі аўтазаправачных станцый прапанавалі Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю адмяніць для іх рэгуляванне цэн. Прэс-служба ведамства не прыводзіць аргументаў, якія выказваліся на карысць такога рашэння. Аднак можна меркаваць, што бізнесоўцы спасылаліся на практыку іншых краінаў, дзе тавары на запраўках каштуюць крыху даражэй, чым у звычайных крамах.

У суботу, 9 мая, у МАРТ адбылася сустрэча з прадстаўнікамі буйных АЗС. Удзельнічалі прадстаўнікі канцэрна "Белнафтахім" і сетак аўтазаправачных станцый..

"Па выніках абмеркаванняў, аналізу пазіцый дзяржаўных органаў, якія паступалі ў МАРГ, і ацэнкі магчымага ўплыву на спажыўцоў, прапанова не падтрыманая большасцю ўдзельнікаў рабочай сустрэчы", — лаканічна паведамляе пра вынікі нарады прэс-служба міністэрства.

Такім чынам, выключэння з пастановы №713 для рознічных гандлёвых аб’ектаў пры АЗС рабіць не будуць. Цэны застануцца адрэгуляванымі і там.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.