Раскрытыя даныя пра НЛА: што мы даведаліся і якое гэта мае значэнне. Меркаванне

Сваім поглядам на рассакрэчаныя матэрыялы пра НЛА падзяліўся папулярызатар навукі Сяргей Бесараб

Сваім поглядам на рассакрэчаныя матэрыялы пра НЛА падзяліўся папулярызатар навукі Сяргей Бесараб / LookByMedia

8 траўня 2026 года Пентагон на сваім сайце апублікаваў рассакрэчаныя даныя пра НЛА. Кожны ахвотны можа азнаёміцца з шматлікімі фотаздымкамі, відэа і дакументамі, якія датычацца тэмы невядомага і пакуль невытлумачальнага.

Еўрарадыё папрасіла папулярызатара навукі і хіміка Сяргея Бесараба падзяліцца сваім меркаваннем на гэты конт. Што мы ўбачылі, чаму важны сам факт публікацыі такіх матэрыялаў і ці азначае гэта, што мы не адны ў Сусвеце?

"Перш за ўсё трэба сказаць, што адкрыццё такіх баз даных — гэта абсалютна важны крок у навуковай камунікацыі. Таму што гэта вучыць людзей давяраць навуцы і адсякае розныя тэорыі змовы. Усё гэта пра празрыстасць, пра этыку даследчыкаў і пра многае іншае, чаго так не хапае ў нашай постсавецкай прасторы.

Таму, дарэчы, усё гэта і недаацэнена лакальнымі медыя. Бо, па-першае, у грамадстве цяпер значна больш вострых паўсядзённых праблем — вось гэтая гульня Мацкевіча, напрыклад, — чым нейкая незразумелая астрафізіка або касмічныя праграмы.

А па-другое, для карэктнай трансляцыі такіх рэчаў у медыя павінна існаваць трывалая інфраструктура навуковай журналістыкі. Да беларусаў звычайна даходзіць толькі нейкі жоўты, сенсацыйны элемент, таму што разумець тэхнічны бок усёй гэтай дакументацыі і адкрытых матэрыялаў складана, і на гэта патрэбны час спецыялістаў.

Што датычыць саміх здымкаў. Тут існуе галоўнае правіла даследчыка: неапазнаны аб’ект — гэта выключна тое, што назіральнік у нейкі канкрэтны момант не змог дакладна апісаць, калі ён проста не зразумеў, што бачыць.

Гэта ніяк не сведчанне існавання нейкіх фантастычных іншапланетных караблёў або нейкай магіі. Абсалютная большасць так званых НЛА пры ўважлівым разглядзе аказваецца проста касмічным смеццем, блікамі аб’ектываў камер або выпадковымі памылкамі прыбораў.

Раскрыты данные об НЛО: что мы узнали и какое это имеет значение для человечества. Мнение

Калі казаць менавіта пра “Апалон-11”, то гэта так. А калі пра сучасныя здымкі — сюды яшчэ можна дадаць беспілотнікі, метэаралагічныя зонды, дроны і што заўгодна яшчэ.

Калі больш канкрэтна пра справаздачы і аповеды Олдрына пра загадкавыя з’явы, то, напрыклад, той аб’ект, які яны назіралі ў манакуляр. Як правіла, уфолагі проста вырываюць такія гісторыі з кантэксту.

Таму што пасля выхаду на траекторыю да Месяца ад карабля аддзяляюцца іншыя ступені ракеты — напрыклад, пустая трэцяя ступень, — а таксама вялізныя ахоўныя панэлі. І ўсё гэта яшчэ доўгі час ляціць прыкладна з той жа хуткасцю ў непасрэднай блізкасці ад астранаўтаў. Адпаведна, калі сонечнае святло адбіваецца ад гэтага металічнага смецця, астранаўты цалкам чакана бачаць яго ў ілюмінатары.

Дарэчы, калі пачытаць транскрыпт Олдрына, то можна ўбачыць, што сам экіпаж таксама выказваў меркаванне, што гэта былі абломкі іх уласнага “Сатурна-5”. То-бок нічога іншапланетнага.

Асобна хацелася б пракаментаваць маленькія ўспышкі, якія астранаўты бачылі, калі заплюшчвалі вочы і, напрыклад, засыпалі. Гэта вельмі цікавая і нават прыгожая тэма.

Сэнс у тым, што ў далёкім космасе няма магутнага магнітнага поля, якое абараняе Зямлю ад радыяцыі. Высокаэнергетычныя часціцы — гэтыя разагнаныя касмічныя прамяні, што рухаюцца праз космас са светлавымі або блізкімі да светлавых хуткасцямі, — лёгка прабіваюць металічны корпус таго ж “Апалона” і літаральна пралятаюць праз галовы і вочы астранаўтаў.

І, натуральна, пакідаюць нейкі мікраскапічны след: уздзейнічаюць на сятчатку вока або нават непасрэдна на зрокавы нерв. Гэтае ўздзеянне стымулюе мозг генераваць выяву светлавой кропкі. Такія з’явы называюцца “касмічнымі фасфенамі”.

Іх, натуральна, лепш за ўсё відаць у абсалютнай цемры і з заплюшчанымі вачыма. Гэта, дарэчы, даволі вядомая і старая гісторыя.

Такія скаргі часта ўзнікалі яшчэ ў 70-х гадах, і, калі не памыляюся, у NASA нават абвяшчалі конкурс на стварэнне спецыяльнай прылады для даследавання ўплыву касмічных прамянёў на зрок чалавека падчас касмічных місій.

Уся гэтая касмічная фатаграфія ўвогуле падманвае гледача ў тысячу разоў мацней за зямную. І гэта вельмі важна разумець.

Раскрыты данные об НЛО: что мы узнали и какое это имеет значение для человечества. Мнение

Таму што ў вакууме, у космасе, наш мозг і аб’ектыў цалкам пазбаўленыя звыклых аптычных арыенціраў. Там амаль адсутнічае перспектыва. На Зямлі мы разумеем памеры аб’екта дзякуючы візуальным арыенцірам: гарам, аблокам, паветранай смузе, ступені рэзкасці. Наш мозг праз гэта ацэньвае адлегласць.

У космасе ніякай паветранай смугі няма. Рэзкасць святла там амаль аднолькавая як для прадметаў за метр ад нас, так і для аб’ектаў за сотні кіламетраў. Таму калі на фатаграфіі ў чорнай прасторы свеціцца нейкая белая кропка або пляма, то без прыбораў і тэлеметрыі практычна немагчыма зразумець, што гэта такое.

І менавіта на гэтым заўсёды гуляюць уфолагі: маўляў, гэта двухкіламетровы карабель прышэльцаў за 500 кіламетраў ад карабля. Хоць з пункту гледжання фізікі гэта можа быць проста мікраскапічнае смецце, шруба або кавалак фальгі за дваццаць сантыметраў ад аб’ектыва камеры.

Па-другое — шматслойныя ілюмінатары. Тут трэба разумець, што касмічныя ілюмінатары — гэта не звычайнае кухоннае шкло. На тым жа “Апалоне” яны складаліся з некалькіх незалежных тоўстых слаёў браняванага шкла. І калі фатаграфаваць абсалютна чорны космас, знаходзячыся пры гэтым у асветленай кабіне са свецячымі кнопкамі і панэлямі, то нават найменшае адлюстраванне святла пачынае блукаць у гэтым шкле, як у люстраным калідоры: раздвойваецца, растрайваецца, множыцца.

У сетцы вельмі шмат здымкаў ілюмінатараў “Апалона” з гэтымі светлавымі кропкамі за шклом. І вакол гэтага ўжо будуюць гісторыі пра нейкія фармацыі НЛА, пра тры-чатыры апараты, што вісяць у цемры.

Але насамрэч гэта проста блікі аднаго і таго ж тумблера за спінай фатографа, якія шмат разоў праламляюцца і адлюстроўваюцца ў слаях шкла.

Раскрыты данные об НЛО: что мы узнали и какое это имеет значение для человечества. Мнение

І зноў, вяртаючыся да касмічных прамянёў. Калі гэтыя высокаэнергетычныя часціцы прабіваюць чалавечыя вочы і зрокавы нерв, сапраўды гэтак жа яны прабіваюць і фотаплёнку. А ў “апалонаўскіх” здымках выкарыстоўвалася менавіта фотаэмульсія, а не лічбавая тэхніка.

Калі цяжкая зараджаная часціца або прамень з вялікай энергіяй прабівае фотаапарат і трапляе ў рулоны плёнкі, ён пакідае засвечаны след. Гэта ў нейкім сэнсе нагадвае прынцып камеры Вільсана.

І пасля вяртання на Зямлю, ужо пры праяўцы, на чорным фоне космасу з’яўляюцца ідэальныя белыя лініі, кропкі або стрыжні. І ўсё — адразу пачынаюцца размовы пра сляды варп-рухавікоў і невядома што яшчэ.

Калі шчыра, усе гэтыя здымкі НЛА, на мой погляд, прыкладна на 90% — гэта крышталі лёду, касмічнае смецце, адходы паліва, блікі оптыкі і іншыя падобныя рэчы. Усё гэта абсалютна не прывязана да рэальнага маштабу. Гэта вельмі суб’ектыўныя выявы.

Яшчэ дзевяць або дзевяць з паловай працэнтаў я б аддаў на фізічныя збоі аналагавых матэрыялаў, артэфакты сканавання і алічбоўкі: пыл, радыяцыйныя прабоі фотаэмульсіі, дэфекты плёнкі.

І толькі дзесьці 0,5 працэнта — і тое з вельмі вялікай нацяжкай — я б пакінуў на нейкія сапраўды невытлумачальныя рэчы. Не больш".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.