Дзеля ўсяго чалавецтва. Гістарычная месячная місія "Артэміда-2" паспяхова завершана
Касмічны карабель NASA "Арыён" з чатырма астранаўтамі на борце паспяхова прывадніўся ў Ціхім акіяне / NASA
11 красавіка ў 00:08 па Грынвічы касмічны карабель NASA "Арыён" з чатырма астранаўтамі на борце паспяхова прывадніўся ў Ціхім акіяне каля ўзбярэжжа Каліфорніі. Экспедыцыя "Артэміда-2" — першы за больш чым паўстагоддзя палёт людзей да Месяца — паспяхова завершана.
"Арыён" прывадніўся ідэальна, у NASA гэта назвалі "пасадкай па падручніку". Чацвёра астранаўтаў — "у выдатнай форме".
Прыкладна за 25 хвілін да ўваходу "Арыёна" ў верхнія слаі атмасферы Зямлі ад карабля аддзяліўся службовы модуль, у якім 10 дзён знаходзіліся ўдзельнікі місіі.
Яго разгарнулі такім чынам, каб увайсці ў атмасферу звыштрывалым цеплавым шчытом наперад. Хуткасць уваходу ў атмасферу была амаль 40 000 км/г. Цеплавы шчыт вытрымлівае тэмпературу да 5000 градусаў па Фарэнгейце (больш за 2700 па Цэльсіі).
Калі хуткасць знізілася з 40 000 км/г да сотняў кіламетраў у гадзіну, "Арыён" выпусціў першыя два тармазныя парашуты з дыяметрам купала ўсяго 7,6 метра. З іх дапамогай хуткасць падзення была зменшана да прыкладна 500 км/г.
Затым настала чарга дапаможных невялікіх парашутаў, якія выцягнулі тры асноўныя парашуты з дыяметрам купала ўжо больш за 35 метраў. На іх, на хуткасці каля 20 міль (больш за 32 км) у гадзіну, "Арыён" і "плюхнуўся" ў Ціхі акіян.
Welcome home Reid, Victor, Christina, and Jeremy! 🫶
— NASA (@NASA) April 11, 2026
The Artemis II astronauts have splashed down at 8:07pm ET (0007 UTC April 11), bringing their historic 10-day mission around the Moon to an end. pic.twitter.com/1yjAgHEOYl
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прывітаў вяртанне астранаўтаў на Зямлю і запрасіў іх у Белы дом.
"Віншую вялікі і вельмі таленавіты экіпаж “Артэміды II”. Увесь палёт быў захапляльным, пасадка — ідэальнай, і як прэзідэнт Злучаных Штатаў, я неверагодна ганаруся! З нецярпеннем чакаю сустрэчы з усімі вамі ў Белым доме ў бліжэйшы час. Мы паўторым гэта зноў, а затым наступны крок — Марс!" — напісаў Трамп у Truth Social.
Да экспедыцыі "Артэміда" вакол Месяца абляталі ўсяго 24 чалавекі — гэта былі астранаўты "Апалонаў", якія ляталі да спадарожніка Зямлі ў 1969–1972 гадах.
Цяпер людзей, якія бачылі Месяц зблізку, стала 28.