У Беларусі адкарэктавалі новую сістэму рэгулявання цэн, якую прынялі крыху больш за тыдзень таму. Урадавая прэс-служба тлумачыць сітуацыю "аналізам зваротаў".
Адзначаецца, што праўкі зрабілі толькі ў асобных нормах пастановы Саўміна № 713 ад 19 кастрычніка 2022-га. Быў удакладнены парадак правядзення пераацэнкі і даацэнкі рэшткаў спажывецкіх тавараў імпарцёрамі і суб'ектамі аптовага і рознічнага гандлю, устаноўлены парадак аднясення выдаткаў імпарцёраў і суб'ектаў аптовага і рознічнага гандлю па фасоўцы спажывецкіх тавараў, а таксама "канкрэтызаваны асобныя таварныя пазіцыі, у дачыненні да якіх ажыццяўляецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн". Падрабязнае тлумачэнне чакаецца ў чацвер.
Тым часам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання ўнесла змены ў сваю пастанову (№ 61 ад 7 кастрычніка) "Аб рэгуляванні цэнаў на мяса курэй, куранят-бройлераў у выглядзе частак тушкі" (дакумент апублікаваны ў чацвер). Выключаны пункт аб устанаўленні лімітавай максімальнай аптовай надбаўкі, гандлёвай надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі) на курынае філе ў памеры 15%.
