Чаго чакаць беларусам ад росту цэн на нафту? Экспертка — пра наступствы

Вайна на Блізкім Усходзе разагнала цэны на нафту. Што гэта азначае для эканомік Расіі і Беларусі?

Вайна на Блізкім Усходзе разагнала цэны на нафту. Што гэта азначае для эканомік Расіі і Беларусі? / LookByMedia

Працяглая вайна на Блізкім Усходзе штурхае цану нафты ўверх. Ад гэтага ў кароткатэрміновай перспектыве могуць выйграць Расія і Беларусь. Але не ўсё так проста.

Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё разважала эканамістка Аліса Рыжычэнка.

— З аднаго боку, Расія можа выйграць і зарабіць на гэтай сітуацыі, таму што калі цана на нафту расце, растуць і нафтагазавыя даходы Расіі. У Расіі можа з’явіцца магчымасць інвеставаць гэтыя грошы, у тым ліку і ў прадпрыемствы ў Беларусі, якія працуюць на ВПК. А таксама зніжаць стаўкі, стымулюючы ўнутранае спажыванне ў Расіі. Гэта прывядзе да павышэння дзелавой актыўнасці і да аднаўлення попыту на беларускія тавары па грамадзянскім экспарце, — тлумачыць Рыжычэнка.

Але ў гэтага працэсу ёсць і адваротны бок, які ўплывае на фарміраванне валютнага курса.

— З іншага боку, рост цэн на нафту заўсёды прыводзіць да росту інфляцыі. Таму што кошт нафты, а ў выніку кошт паліва — бензіну або чагосьці іншага — заўсёды закладзены ў лагістыку, у лагістычныя выдаткі, і ўключаецца ў сабекошт любога тавару. Адпаведна, гэта прыводзіць да росту цэн. Асабліва гэта датычыцца Еўропы, Злучаных Штатаў і гэтак далей.

І калі адбываецца рост цэн, тады ключавыя стаўкі павышаюцца, каб стрымліваць інфляцыю. І ў такім выпадку, калі мы гаворым пра тое, як гэта паўплывае на курс долара, які таксама можа паўплываць на Беларусь, то гэта якраз з’яўляецца фактарам умацавання долара. Гэта значыць, што гэта ўзмацняе пазіцыі долара, асабліва з улікам таго, што еўрапейская эканоміка больш уразлівая да росту цэн на нафту. Фактычна долар можа ўмацавацца і адносна еўра. Мы назіраем гэта на працягу апошніх некалькіх дзён.

І ў цэлым долар можа ўмацавацца як валюта. Калі яшчэ будуць павышаць ключавую стаўку Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША, тады ўзмацненне долара стане яшчэ больш прыкметным, — падкрэслівае эканамістка.

Чего ждать белорусам от роста цен на нефть? Экспертка — о последствиях

Што ў такім выпадку будзе адбывацца ў Беларусі?

— У Беларусі беларускі рубель у першую чаргу залежыць ад расійскага рубля. І з аднаго боку, павышэнне нафтагазавых даходаў Расіі можа прывесці да ўмацавання расійскага рубля і ў цэлым да ўмацавання эканомікі, таму што бюджэт будзе атрымліваць больш даходаў. І гэта можа пазітыўна паўплываць на Беларусь.

Але з другога боку, мы даволі шмат закупляем тавараў з Еўрапейскага Саюза. І практычна ва ўсіх таварах закладзены кошт лагістыкі. Гэта, у тым ліку, можа прывесці да росту цэн, які нават дзяржаўнае рэгуляванне не зможа стрымаць.

І калі ў нас пачнуць расці цэны, то бок фактычна будзе павышацца інфляцыя, незалежна ад магчымасцей Расіі падтрымліваць беларускую эканоміку, гэта будзе «з’ядаць» даходы беларусаў.

Сітуацыя дваістая: з аднаго боку можа быць падтрымка з боку Расіі для прамысловых прадпрыемстваў і прамысловай вытворчасці, а з другога боку гэта можа даць больш моцны праінфляцыйны імпульс унутры краіны.

Гэта можа прывесці да таго, што павышэнне заробкаў, якое прадугледжана ў гэтым годзе, напрыклад для бюджэтнікаў, будзе цалкам «з’едзена» тым, што цэны будуць расці значна хутчэй, чым гэта планавалі і прагназавалі беларускія чыноўнікі, — папярэджвае Рыжычэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.