“Танны папулізм”. Чаму не варта пачынаць паляванне на “чырванакніжных” жывёл

Паляўнічыя з забітым аленем

Паляўнічыя з забітым аленем / Сайт Веткаўскага райвыканкама (vetka.gov.by)

У канцы лютага кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (далей — БТПР) Ігар Шуневіч нагадаў пра сваё жаданне павялічыць попыт на паляванне ў краіне. Былы сілавік хоча зрабіць гэта за кошт як інвазіўных (завезеных з іншых краін) дзікіх жывёл, так і “чырванакніжнікаў”: рысі і мядзведзя.

Еўрарадыё сумесна з Інэсай Балоцінай, экалогам і экспертам “Зялёнай сеткі”, разабралі агучаныя прапановы чыноўніка.

 

— У апошнім інтэрв’ю Ігар Шуневіч прапанаваў павялічыць спіс дзікіх жывёл, на якіх можна паляваць у Беларусі. Пра што гэта сведчыць? Гэта банальнае жаданне зарабіць больш грошай для дзяржавы ці клопат аб дзікім свеце, на што чыноўнік так настойліва напірае?

— Дык а ў чым тут клопат? Больш розных відаў адстрэльваць — які тут клопат? 

Пачнём з таго, што такое БТПР, якое ўзначальвае Ігар Шуневіч. Ён перарабіў яго з грамадскага аб’яднання ў грамадска-дзяржаўнае. Старшыня там зараз прызначаецца ўладай, а не выбіраецца. Таму ён адчувае сябе чыноўнікам. 

Гэта бачна і па яго паводзінах, і па тым, што ён кажа. Юрыдычна так і ёсць: яго прызначылі, у яго ёсць дзяржаўныя задачы, планы, якія ён павінен выконваць. А яны відавочныя — папаўняць бюджэт, ці хаця б акупляць сваю дзейнасць і не траціць бюджэтныя грошы.

“Танны папулізм”. Чаму не варта пачынаць паляванне на “чырванакніжных” жывёл
Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч / Павел Арлоўскі / Times.by

Шуневіч, як выканаўца, хоча быць кампетэнтным. Паляванне — яго хобі, яму гэта цікава, таму ён з імпэтам бярэцца за справу. Думаю, ён не вывучаў экалогію і не ўлічвае экалагічныя законы, якія дзейнічаюць незалежна ад загадаў. 

Таму ён пастаянна прапануе нешта новае: то жанчын падключыць да палявання, то дзяцей, то развіваць трэцяе, то чацвёртае. Ён асабіста хадзіў да Аляксандра Лукашэнкі, каб дазволілі паляванне на мядзведзя.

Я бачу тут пошук магчымасцей, каб яго ведамства квітнела, каб быў дзвіж. Вобразна кажучы, у тым годзе палявалі на 50 відаў жывёл, у гэтым — ужо на 80. Вось вам і бачны рост.

Ён таксама кажа, што дзяржава ўкладваецца ў біяразнастайнасць больш за іншых у Еўропе. Тут трэба разумець, што ў Еўропе біяразнастайнасць — гэта захаванне дзікай прыроды, аж да 30% тэрыторыі. А ў яго ўспрыманні біяразнастайнасць — гэта завезці новых аленяў, муфлонаў, ланяў, разводзіць іх для палявання. Гэта зусім іншыя паняцці.

— Тады пра які прыбытак ад замежнага палявання ідзе гаворка?

— Ёсць канкрэтныя дадзеныя. За 2024 год БТПР наведалі 2559 замежных паляўнічых. Рост склаў 31% адносна 2023 года. Даходы — каля 20 мільёнаў беларускіх рублёў, расходы — каля 20,3 мільёна, і застаецца прыкладна 50 тысяч еўра чыстага прыбытку. Невялікія грошы па вялікім рахунку.

Ёсць таксама дадзеныя Мінлясгаса: даходы лясгасаў ад паляўнічай гаспадаркі ў 2025 годзе — 12,8 мільёна рублёў (каля 3 мільёнаў еўра), што на 15% больш, чым у 2024-м. Найбольшы ўклад — ад беларускіх паляўнічых (каля 1,7 мільёна еўра).

Зноў жа, гэта не такія ўжо вялікія лічбы. Уся сельская і лясная гаспадарка разам складаюць каля 6–7% ВУП краіны. На гэтым фоне паляўнічая дзейнасць зусім невялікая, тут бізнес “на прыродзе” моцна не маштабуеш.

— І ўсё ж, павелічэнне колькасці дзікіх відаў для палявання — гэта спроба павялічыць прыбытковасць?

“Танны папулізм”. Чаму не варта пачынаць паляванне на “чырванакніжных” жывёл
Паляўнічы з забітым бурым мядзьведзем, Віцебская вобласць, 18 ліпеня 2025 года / Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў"

— Так, логіка простая: чым больш тавару, тым большы можа быць прыбытак. Але гэта не заўсёды працуе, можа быць і нястача. Дзікія жывёлы разглядаюцца як рэсурс: чым большы і разнастайны — тым большы патэнцыял прыбытку.

— Шуневіч кажа, што варта паляваць на інвазіўныя віды, напрыклад, нільскага гуся, амерыканскага янота. Ці сапраўды ў Беларусі дастаткова інвазіўных відаў для такой справы?

— Хто ж яму забараняе паляваць на інвазіўныя віды? Праблема існавання такіх відаў паўстала даўно. Але часта самі паляўнічыя станавіліся стваральнікамі праблемы. 

Напрыклад, янотападобны сабака быў завезены і распаўсюджаны ў Беларусі менавіта праз іх. Хай палююць, але каму тыя сабакі цяпер патрэбныя? Раней была каштоўная пушніна, цяпер попыту на яе няма.

Тое самае з амерыканскай норкай, андатрай, янотам-паласкуном. Апошні быў завезены ў 1950-я гады. Ці шмат ахвотных паляваць на яго цяпер? Патрон можа быць даражэйшы за выгаду.

Нільскі гусь — праляцела некалькі над Беларуссю. Страляйце, хто забараняе? Бакланы таксама. Але палююць на іх толькі тады, калі за гэта плацяць. Была жудасная гісторыя, калі за здабычу бакланаў давалі грошы, і людзі адразалі дзюбы жывым птушанятам.

Таму словы Шуневіча — танны папулізм і неразуменне экалагічных законаў.

Дарэчы, лань таксама лічыцца для беларускай прыроды чужароднай. Яе завезлі як нібыта “рэінтрадукцыю”, а не інтрадукцыю, каб абысці забарону на новыя віды. 

Хаця археалагічна яна пасвілася на тэрыторыі краіны тысячы гадоў таму, але клімат змяніўся, і лань знікла. І вось завезлі зноў. 

З гэтай нагоды была гісторыя: у Гомельскім лясгасе вальер з ланямі паставілі ў месцы, дзе жыла сям’я рысяў. Рысі задралі каля трыццаці ланяў, і пасля падзею выкарысталі як аргумент для адкрыцця палявання на рысь: маўляў, глядзіце, якія яны драпежнікі.

“Танны папулізм”. Чаму не варта пачынаць паляванне на “чырванакніжных” жывёл
Рысь у лесе / Дзмітры Іўчанка / Фотаэнцыклапедыя Беларусі

— Кіраўнік БТПР сцвярджае, што колькасць ваўкоў пастаянна расце, нягледзячы на тое, што на іх актыўна палююць. Гэта адпавядае рэчаіснасці?

— Не. У прыродзе ніякі від не расце бясконца. Ёсць межы, цыклы. Паводле Мінстата, у 2024 годзе было 1960 ваўкоў. У 1995–1998 гадах было каля 3000. У 1980-я — больш за 2000. То-бок цяпер колькасць меншая, чым раней.

З 2010 года колькасць вагаецца ў межах 800–2000 асобін. Кожны год здабываюць 700–1100 ваўкоў — гэта значыць забіваюць 60% папуляцыі. Гэта не пастаянны рост, а ваганні.

Калі паляўнічыя павялічваюць колькасць капытных, каб давесці да аптымальнага ўзроўню, то натуральна, што ў ваўкоў з’яўляецца больш ежы, каб пладзіцца. Але прэсінг на іх у Беларусі з боку паляўнічых вельмі моцны.

— А як актыўнае паляванне ўплывае на паводзіны ваўкоў? Ёсць шмат гісторый, калі самотныя ваўкі заходзяць у вёскі і ядуць хатнюю жывёлу, сабак на цэпе. 

— Ваўкі — зграйныя жывёлы, жывуць сем’ямі. Калі бацьку або маці забіваюць, сям’я распадаецца. Маладыя ваўкі застаюцца без падтрымкі і не могуць заваліць буйную здабычу, таму і ідуць у вёскі, душаць сабак на ланцугах. Так паляванне стварае відавочныя праблемы.

Была прапанова — на запаведных тэрыторыях не чапаць ваўкоў. У лясах без аховы  падыходзіць дыферэнцыравана. Прафесар Вадзім Сідаровіч прапаноўваў не забіваць ядро воўчай сям’і (бацькоў), а рэгуляваць толькі колькасць маладых. Інакш узнікаюць тыя “адзіночкі”, якія ідуць да людзей, бо без зграі яны не могуць знайсці сабе ежу.

З пазітыўнага можна дадаць, што ваўкі рэгулююць колькасць баброў, якія складаюць 70–80% іх рацыёну ў асобныя гады, душаць ліс і янотападобных сабак — пераносчыкаў шаленства, канкурыруюць з рысямі, узаемадзейнічаюць з мядзведзямі. Яны маюць шмат сувязяў у экасістэме.

— Шуневіч актыўна лабіруе паляванне на мядзведзяў і рысяў, якія яшчэ нядаўна былі на мяжы знікнення. Чым такая справа можа абярнуцца?

— Па-першае, рэпутацыйным стратамі і дыскрэдытацыяй механізму дзейнасці “Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь”. Калі чырванакніжныя віды прызнаюць паляўнічымі, то механізм аховы відаў разбурыцца.

Па-другое, Беларусь — арэал для папуляцый рысі і мядзведзя. Гэта жывёлы, якія прыстасаваліся жыць у еўрапейскіх умовах побач з чалавекам, дарогамі, паселішчамі. Калі іх выбіваць, прыйдуць асобіны з іншых рэгіёнаў, напрыклад, з Расіі, з іншымі, больш агрэсіўнымі для людзей паводзінамі.

Мядзведзі і рысі патрабуюць шмат дзікай прыроды для існавання, якой становіцца ўсё меней і меней. Мядзведжыя берлагі зніштажаюць падчас высечак лесу, медзведзяняты застаюцца без маці, рысі трапляюць у капканы. 

Гэта вельмі ўразлівыя віды, вяршыня экалагічнай піраміды беларускай прыроды, звязаныя з многімі іншымі відамі. Калі знікнуць яны, то пачнуць знікаць і астатнія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.