Тэхна рэйв у Белавежскай пушчы. Як шумавое забруджванне ўплывае на людзей і прыроду
Беражыце прыроду
— Ужо сам праект “Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы” — гэта засмечванне мазгоў людзей. Дазвол на правядзенне начной дыскатэкі ў гэтым месцы ўказвае нам на неадэкватнасць захадаў адміністрацыі нацыянальнага парку, якая ім кіруе.
Так рэагуе беларускі арнітолаг Уладзіслаў [імя зменена] на пытанне Еўрарадыё: “Ці нармальна праводзіць у цэнтры запаведнага лесу гучныя начныя мерапрыемствы з фудкортамі пад "магутныя біты" тэхна-рэйву?”
Мерапрыемства, афіша якога абяцае “зламаць цішыню Белавежскай пушчы”, мусіла праходзіць 18 красавіка.
Некалькі тыдняў пасля анонса сацсеткі разрываліся ад каментароў абураных беларусаў:
— Мне страшна жыць на адной планеце з людзьмі, якім нармальна ладзіць тэхна рэйвы ў Белавежскай пушчы, бл*ць!
— Увогуле ах*елі… гэта ж запаведнік! Куды глядзяць улады?!
Знайшліся, безумоўна, і тыя, хто не заўважыў у мерапрыемстве нічога кепскага: маўляў, “квіткі куплены, тачкі запраўлены, настрой заведзены на максімум — рукі прэч ад тэхна рэйву”.
Тым не менш, у апошні момант мерапрыемства адмянілі і перанеслі яго на жнівень. Як аказалася, справа зусім не ў пратэстах беларусаў. Цяпер арганізатары плануюць зрабіць не проста дыскатэку, а “маштабны праект электроннай музыкі” каля варот у Нацыянальны парк.
У размове з Еўрарадыё арнітолаг распавядае, чым небяспечна шумавое забруджванне і чаму само існаванне маёнтка Дзеда Мароза, які штогод наведваюць не менш за 150 тысяч турыстаў, выклікае трывогу за будучыню Белавежскай пушчы.
“Дыснэйлэнд” у першабытным лесе
— Дыскатэкі ды іншыя гучныя мерапрыемствы ў запаведніку — гэта шумавое і часам светлавое забруджванне. Але перш чым падрабязней распавесці пра гэтую з’яву, я хацеў бы пагаварыць пра тое, што можна было б акрэсліць тэрмінам “забруджванне мазгоў”, а менавіта — саму ідэю такога турыстычнага аб’екта, як Рэзідэнцыя Дзеда Мароза.
Сядзіба з’явілася ў 2003 годзе. Турыстам прапануюць трэш-экспірыенс з гарэлкай, салам і нейкімі карагодамі. Шмат дзяцей і дарослых, якія даязджаюць сюды з розных гарадоў Беларусі і не толькі, не бачаць сапраўднага першабытнага лесу.
Замест таго, каб вучыць людзей берагчы прыроду, ім прапануюць нейкі “дыснэйлэнд”, дзеля працы якога вырубалі дрэвы, клалі асфальтаваную дарогу, пабудавалі нейкія аб’екты.
Дыскатэка ў цэнтры першабытнага лесу — неадпаведная гэтаму месцу з’ява. У той жа час дазвол на правядзенне такога мерапрыемства добра ілюструе сутнасць самой сядзібы. Людзі, што прыязджаюць, прызвычайваюцца да таго, што нармальна — ездзіць у цэнтр лесу па асфальтаваных дарогах, скакаць, вадзіць карагоды і пець песні пад музыку. А цяпер яны будуць думаць, што ў цэнтры першабытнага лесу можна ладзіць дыскатэкі. Гэта зусім не тое, чаму нацыянальны парк павінен вучыць людзей, і не адпавядае яго ролі.
Як шум уплывае на птушак і экасістэмы
— Цяпер пра шумавое забруджванне. Ёсць даследаванні, напрыклад, пра тое, што птушкі, якія гняздуюцца ўздоўж дарог і на якіх уплывае шум, павінны спяваць гучней, каб перакрычаць дарожны шум. Камусьці гэта можа падацца нязначным, але спеў — вельмі энергазатратная актыўнасць.