Вы тут

Спадзяюся, не хочуць адцягнуць увагу: сястра Бандарэнкі пра крымінальную справу

Вольга Кучарэнка, сястра загінулага Рамана Бандарэнкі / Еўрарадыё

"Я пачытала фармулёўку пра недатычнасць сілавых структур да здзяйснення забойства, і для мяне гэта больш шакавальная навіна, чым завядзенне крымінальнай справы", — расказвае Еўрарадыё Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Праз тры месяцы пасля гібелі 31-гадовага жыхара "Плошчы Перамен" Генпракуратура нарэшце завяла крымінальную справу па факце наўмыснага прычынення цяжкіх траўмаў, якія пацягнулі "па неасцярожнасці" смерць Рамана. Як паставіліся да гэтага ў сям'і забітага?

Вольга: Тры месяцы ўсе нашы сілы былі накіраваны на тое, каб справу ўсё-ткі завялі. Таму сённяшняя навіна, хутчэй, не радасная, а са знакам пытання. Яна выклікае ў мяне насцярожанасць. Чаму не распачалі раней, адразу пасля таго, як Рома памёр? Я не ведаю, чаго ад гэтага чакаць. Вядома, вельмі спадзяюся, што лёд крануўся і нарэшце будуць дапытвацца ўсе, хто быў датычны да забойства, але пакуль нам нічога не вядома на гэты конт.

Еўрарадыё: У Генпракуратуры запэўніваюць: "дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення цялесных пашкоджанняў не ўстаноўленае"...

Вольга: Нам кажуць, што людзі яшчэ не апазнаныя. Але мы ўсе бачылі расследаванне BYPOL з усімі білінгамі. Людзі ж не сляпыя. Ёсць відэадоказы. Што да "па неасцярожнасці", асабіста мне нават з відэа, якія былі знятыя на дваровай пляцоўцы, зразумела, што яны [злачынцы. — Еўрарадыё] відавочна гэтага хацелі. Яны, можа, і не хацелі яго забіваць, але тое, як яны ўдарылі яго галавой аб асфальт... Мне здаецца, у гэтым выпадку можна было кантраляваць свае дзеянні. Паглядзім, які ланцужок развіцця падзей у ходзе праверкі змагла выявіць Генпракуратура. Пакуль у мяне ў галаве толькі абурэнне наконт гэтага ўсяго.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Можаце хаця б выказаць здагадку, чаму крымінальную справу завялі менавіта цяпер?

Вольга: Як паказвае практыка, здагадкі лепш пакідаць пры сабе, высноў можна шмат зрабіць. Спадзяюся, што проста ўжо нарэшце сабрана шмат карыснай інфармацыі, якая гаворыць пра тое, што гэта смерць была гвалтоўная. Вось у Генпракуратуры і ўбачылі сэнс у завядзенні крымінальнай справы. Можа, у іх з'явіліся падазраваныя. Не ведаю, па-мойму, падазраваныя вядомыя ўжо даўно.

Я спадзяюся, што, заводзячы крымінальную справу, нашу ўвагу не хочуць адцягнуць ад нейкіх важных спраў, якія цяпер праходзяць у судах, напрыклад, або ад будучай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. Спадзяюся, што ўсё гэта сапраўды так, як павінна быць па законе.

Еўрарадыё: Як змянілася жыццё вашай сям'і пасля смерці Ромы?

Вольга: Гэта барацьба. Мы пастаянна знаходзімся ў нейкім стрэсе. Мы выдатна разумеем, што нас праслухоўваюць. Нейкія ўзаемадзеянні з Генпракуратурай або яшчэ кімсьці гаварылі пра тое, што праверка вядзецца не ў тым напрамку, у якім хацелася б нам. Тым не менш спадзяюся, што цяпер, паколькі мама Ромы будзе прызнаная пацярпелай, ёй дадуць азнаёміцца і з вынікамі гэтай праверкі, і з высновамі судова-медыцынскай экспертызы. Магчыма, так мы атрымаем адказы на гэтыя пытанні.

У цэлым стан вельмі цяжкі, таму што было праліта нямала слёз. Гэта і злосць, і сум... Не ведаю, як перадаць. Вядома, думаю, што мама Ромы сядзіць і плача ад таго, што распачалі крымінальную справу, але ў мяне іншыя эмоцыі.

Еўрарадыё: У вас ёсць дзеці? Пасля таго як Рому забілі, вам не страшна выходзіць на вуліцу?

Вольга: Тое, што ў Беларусі небяспечна, стала зразумела не пасля смерці Ромы, а яшчэ летам да выбараў. Я не жыву ў нейкім вакууме і бачу, што адбываецца ў краіне. Валасы ўстаюць дуба. Але што хачу сказаць: усё тое, што мы... асабіста я раблю датычна завядзення крымінальнай справы па факце смерці брата, не кідаю ў тым ліку дзеля будучыні майго дзіцяці. Я не разумею, як маёй дачцэ жыць у краіне, дзе закон ідзе па нелагічных шляхах. Для мяне гэта нешта страшнае.

Еўрарадыё: Журналістак, якія здымалі стрым на "Плошчы Перамен", прысудзілі да двух гадоў калоніі...

Вольга: Я глядзела стрым і ў шоку ад гэтага прысуду. Як і большасць людзей, якія мяне абкружаюць, лічу, што ў дзеяннях Дар'і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай не было нічога супрацьпраўнага. Дзяўчаты ні да чога нікога не заклікалі. Гэта відаць няўзброеным вокам любому адэкватнаму чалавеку. І я не разумею, якім шляхам рухаюцца думкі ў тых, хто гэтага не бачыць. Гэта проста нейкі вар'яцкі прысуд! Два гады людзі будуць сядзець ні за што. Гэта абсурд, бо яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

Журналісткі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева / "Наша Ніва"

Я не ўяўляю, як наогул можна далей жыць, разумеючы, што проста за тое, што ты выканаў сваю працу, цябе могуць пасадзіць на два гады, а то і на больш. На такія рэчы спакойна рэагаваць нельга. Тут, з аднаго боку, ты выходзіш у двор — цябе забіваюць, з іншага боку, ты працуеш — цябе за гэта саджаюць. І вось пытанне — што ж тады трэба рабіць, каб цябе не пасадзілі і не забілі?

Еўрарадыё: Вы спадзеяцеся на справядлівае расследаванне?

Вольга: Я чалавек, які заўсёды аптымістычна глядзіць у будучыню, таму, вядома, спадзяюся, што ўсё будзе добра. Калі — гэта ўжо іншае пытанне. Мы пакуль яшчэ ад Генпракуратуры нічога не пачулі. Спадзяюся, што там ёсць людзі, зацікаўленыя ў тым, каб усё было па законе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.