Што будзе на новых біяметрычных пашпартах беларусаў і навошта яны нам

“У 2019 годзе, думаю, пачнём атрымліваць першыя біяметрычныя пашпарты. Працэдура атрымання падкантрольная Міністэрству ўнутраных спраў”, — заяўляе падчас прэс-канферэнцыі міністр.

Што такое біяметрычны ID-пашпарт

Увогуле, гэты электронны дакумент дзеліцца на ўнутраную ID-картку і замежны біяметрычны пашпарт. Грамадзяне Еўрасаюза маюць нацыянальную ID-картку. Чып карткі захоўвае інфармацыю пра свайго ўладальніка: поўнае імя, нацыянальны ідэнтыфікацыйны нумар, крыптаграфічныя ключы і сертыфікаты, узор электроннага подпісу. У Германіі ID-картка дазваляе атрымаць доступ да дзяржаўных паслуг, у Аўстрыі забяспечвае доступ у базы дадзеных пенсійнага і бальнічнага страхавання, у Эстоніі выкарыстоўваецца для захоўвання віртуальных праязных квіткоў на грамадскі транспарт і інтэрнэт-галасавання на выбарах. Карацей, гэта такая замена звыклых нам папяровых пашпартоў.

У ЗША ID-картка замяняе сабой і пасведчанне кіроўцы, і картку сацстрахавання, утрымлівае дадатковую інфармацыю медыцынскага характару.

Але калі трымальнік ID-карткі з ЕС ці ЗША захоча наведаць, да прыкладу, Беларусь, ён вымушаны будзе атрымліваць замежны пашпарт. Тым больш без пашпарта не абысціся, калі для ўезду ў іншую краіну неабходная віза.

Біяметрычныя пашпарты цяпер актыўна атрымліваюць нашы суседзі ўкраінцы. Для іх гэта было патрабаваннем з боку ЕС, каб атрымаць бязвізавы рэжым. На самім дакуменце і ў яго чыпе ўтрымліваецца наступная інфармацыя: поўнае імя, пол, дата нараджэння, тэрмін дзеяння, грамадзянства, нумар запісу ў Адзіным дзяржаўным дэмаграфічным рэестры.

Што будзе ў нас і з якім “інфармацыйным напаўненнем”

У нас будуць і ўнутраныя ID-карткі, і біяметрычныя пашпарты для замежных паездак, інфармуе начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.

“Будзе біяметрычны пашпарт, прызначаны выключна для выезду за мяжу. Там будзе фотаздымак, адбіткі пальцаў і ўсё астатняе, што павінна быць у адпаведнасці са стандартамі (поўнае імя, пол, дата нараджэння, тэрмін дзеяння, грамадзянства — Еўрарадыё). А вось напаўненне ID-карткі яшчэ абмяркоўваецца”, — тлумачыць Аляксей Бягун.

Колькі гэта будзе каштаваць

Калі браць прыклад той жа Украіны, то там першы пашпарт (падлеткам 14 і 16 гадоў) выдаецца бясплатна, астатнія павінныя заплаціць адміністрацыйны збор у памеры каля 10 долараў.

“Кошт яшчэ не вядомы. Бо яшчэ не выйшлі на напаўненне (якія звесткі будуць утрымлівацца на чыпе — Еўрарадыё). І не вышлі на канчатковы ўзор дакумента — узор узгадняецца з зацікаўленымі бакамі”, — дадае Бягун.

Як можна будзе атрымаць дакументы новага ўзору

“Будуць створаныя цэнтры па прыёме дакументаў. Будзем выдаваць усім, як і цяпер пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Па асабістым жаданні”, — супакойвае Аляксей Бягун.

Хто і на якія сродкі будзе вырабляць “біяметрычныя ID-пашпарты”

Паводле слоў міністра сувязі і інфарматызацыі, работа вядзецца ў межах “дзяржпраграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016-2020 гады”.

“Уся праграма (падзеленая на некалькі падпраграм — Еўрарадыё) каштуе каля 1 мільярда 350 мільёнаў рублёў. Гэта і ўласныя сродкі прадпрыемстваў, і крэдытныя рэсурсы, у тым ліку сусветных банкаў”, — кажа міністр.

Вось толькі на друкарскіх станках “Дзяржзнаку” біяметрычныя пашпарты з чыпамі не надрукуеш!

“Там цэлы тэхналагічны комплекс будзе. Але пакуль яшчэ нічога няма. Яшчэ ўсё ў стадыі напаўнення, правядзення адпаведных мерапрыемстваў, аб’яўлення тэндару і гэтак далей”, — кажа Аляксей Бягун.

Навошта нам гэта патрэбна

Чыноўнікі кажуць, што мы проста развіваемся разам з іншым цывілізаваным светам.

Пра нас будуць ведаць усё

Пра нас і так тыя, “каму трэба”, ведаюць усё неабходнае, супакойваюць эксперты. Калі ж тыя ID-карткі будуць зробленыя з розумам, то яны не толькі заменяць нам шэраг іншых дакументаў, але будуць утрымліваць і іншую, часам вельмі неабходную інфармацыю. Да прыкладу, вашы медыцынскія паказчыкі: групу крыві, супрацьпаказанні да лекаў і гэтак далей.

“Увесь цывілізаваны свет з біяметрычнымі дакументамі! Тэхналогіі ж такія, што дыстанцыйна вашы звесткі сканаваць нельга — там жа без перадачы ўся інфармацыя. Колькі ж яшчэ на гэты конт вялікага неразумення! Мы інфармацыйную кампанію абавязкова спецыяльную па гэтым пытанні будзем праводзіць”, — абяцае Аляксей Бягун.