За год у Беларусі анулююць каля 2 тысяч відаў на жыхарства

5 лістапада будзе прынятае рашэнне аб магчымай дэпартацыі праваабаронцы Алены Танкачовай, якую днямі пазбавілі беларускага віда на жыхарства. Па словах самой Алены, якая з’яўляецца грамадзянкай Расіі, але з дзяцінства жыве і працуе ў Беларусі, прычынай разбіральніцтваў сталі некалькі зафіксаваных парушэнняў правілаў дарожнага руху. Еўрарадыё вырашыла даведацца, за што ўвогуле можна пазбавіць беларускага віда на жыхарства і ці часта такія працэдуры праходзяць.

“Артыкул 57 і 38 закона “Пра прававое становішча замежных грамадзян у РБ” утрымлівае вельмі шмат прычын для пазбаўлення грамадзянства, — каментуе кіраўнік Дэпартамента міграцыі МУС Аляксей Бягун. — Там і знаходжанне за межамі краіны больш 183 сутак, і атрыманне дазволу на сталае жыхарства ў іншай краіне, і страта падставаў, паводле якіх выдаваўся від на жыхарства, і адсутнасць законнай крыніцы даходаў цягам шасці месяцаў… Па стане на 6 месяцаў 2014 года ў нас стала пражывала больш за 157 тысяч чалавек. За год мы праводзім больш за 2000 ануляванняў па розных прычынах”.

Больш за ўсё стала ў Беларусі жыве расіян, менавіта іх часцей за ўсё і пазбаўляюць віда на жыхарства. Асноўныя прычыны — страта падставаў для такога статусу ды крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні.

Наяўнасць маёмасці, непаўналетніх дзяцей беларускага грамадзянства, сталай працы і г.д. могуць станоўча паўплываць на рашэнне аб дэпартацыі. Але тут ужо вырашае тэрытарыяльны орган па міграцыі. Усё залежыць ад саміх парушэнняў замежніка ды іх перыядычнасці.

“Паводле рэдакцыі закона за 2010 год дастаткова было двух адміністрацыйных парушэнняў за год, каб пазбавіць віда на жыхарства, — працягвае Аляксей Бягун. — Цяпер мы зрабілі ліміт у пяць адміністрацыйных парушэнняў. Рашэнне ж аб дэпартацыі стоадсоткава будзе станоўчым для тых, хто адбывае пакаранне ў месцах зняволення, і амаль стоадсоткава для асобаў, якія злосна парушаюць заканадаўства”.

Вярнуць від на жыхарства можна тады, калі знікаюць падставы для адмовы, тлумачыць кіраўнік Дэпартамента міграцыі МУС. То бок, калі пазбавілі статусу з-за адміністрацыйных парушэнняў, то трэба, каб яны былі ануляваныя — паводле нашага заканадаўства, адбываецца гэта праз год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі