Вы тут

Яшчэ адно самагубства ў Печах, якое засталося без увагі СМІ

На фота Міхіл Бяўзюк

Розгалас, які атрымала гібель вайскоўца Аляксандра Коржыча ў Печах, даў надзею бацькам і іншых загінулых пры падобных абставінах салдатаў. У інтэрнэце пачалі з’яўляцца гісторыі розных гадоў, у якіх смерць вайскоўца тэрміновай службы была спісаная на самагубства, але вынікі следства не выклікаюць даверу.

“Я так разумею, што цяпер гэтыя выпадкі на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі, таму мы збіраліся пісаць ліст, каб зноў распачалі справу, але мне трэба знайсці юрыста, каб гэты ліст скласці, — кажа Уладзімір Даніловіч, дзядзька Міхаіла Беўзюка, які нібы пакончыў з сабой у Печах у 2015 годзе. — Але ў нашым выпадку гэта дакладна суіцыд, да якога сто адсоткаў давялі. І ў любым выпадку, калі ёсць вінаватыя, а яны ёсць, то іх не адзін-два чалавекі, а 10-15 чалавек — увесь старэйшы прызыў. Бо ўсе яны ўдзельнічаюць у здзеках вымагальніцтвах і іншых падобных рэчах. Калі нехта з іх не ўдзельнічае, то аўтаматычна ён становіцца ізгоем, а адпаведна, да яго ставяцца, як да маладых, незалежна ад таго, сяржант ён ці не”.

19 сакавіка 2015 года Міхаіл Бяўзюк патэлефанаваў брату Юрыю і папрасіў прыехаць да яго ў бліжэйшыя выходныя (22 сакавіка). Вайсковец прадыктаваў неабходныя рэчы, якія варта было б прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат на што-небудзь са спісу неабходных рэчаў. У той жа дзень, але ўвечары, Міхаіл “маякнуў” брату, той паспрабаваў ператэлефанаваць, але тэлефон ужо быў недаступны. А раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часткі і спыталі нумар мамы, бо адбылася “невялікая надзвычайная сітуацыя — Міхаіл павесіўся”.

 

Вада змыла частку пудры каля вока — там быў вельмі вялікі сіняк

“22 сакавіка яго прывезлі, было такое даволі прахалоднае надвор’е, — узгадвае брат Міхаіла Беўзюка Юрый. — У дом мы яго не заносілі, не пераапраналі, бо яго прывезлі пазней, чым дамаўляліся, і трэба было ўжо хаваць. На ім было так шмат пудры, што калі да яго дакраналіся, усе рукі былі ў ёй. А яшчэ Міша быў ну вельмі худы. Вайскоўцы, якія яго прывезлі, вельмі спяшаліся, спасылаючыся на тое, што ім трэба вяртацца ў часць. Але ў гэты дзень ішоў снег. У пэўны момант з’явілася сонца, растапіла снег на яго твары і вада змыла частку пудры каля вока — там быў вельмі вялікі сіняк. І зноў вайскоўцы пачалі прыспешваць. Калі брата закапвалі, яны далі маме ў рукі канверт, дзе было каля 10 мільёнаў рублёў (1000 рублёў дэмінаваных) і хутка з’ехалі”.

Дзядзька Міхаіла Уладзімір Даніловіч цяпер шкадуе, што не затрымалі пахаванне і не замовілі незалежную экспертызу, бо на яго погляд, яна б паказала, што хлопца збівалі і літаральна прымусілі пайсці на самагубства.

Міхаіл асабліва не скардзіўся на прыніжэнні і дзедаўшчыну, сваякі тлумачаць гэта тым, што размовы па тэлефоне адбываліся выключна па гучнай сувязі, каб тыя, хто стаіць побач, чулі ўсё, пра што гавораць абодва бакі.

“Натуральна, мы прыяжджалі да яго, — кажа брат Юрый. — Але і падчас сустрэч ён нічога не распавядаў. Ён быў рад, што мы прыехалі, разумееце. Ён не хацеў пры маме нічога такога казаць, каб яна не хвалявалася”.

 

Ён даслаў каля пяці лістоў, дзе пісаў пра здзекі, але іх канфіскавала следства

Трошкі пра дзедаўшчыну Міхаіл распавядаў сваёй былой дзяўчыне А., з якой падтрымліваў сувязь, стэлефаноўваўся, спісваўся ў сацыяльных сетках, а таксама перапісваўся папяровымі лістамі.

“Гэта было даўно, я ўжо дакладна не памятаю, але ён мне даслаў каля пяці лістоў, дзе сярод іншага, ён пісаў пра тое, што з яго там здзекуюцца, — кажа дзяўчына. — Ён казаў, што жадае скончыць жыццё самагубствам, бо вельмі стаміўся, бо яго ўжо там давялі. Але не тое, каб ён гэта прама казаў, такімі прыхаванымі выразамі, разумееце. Часам казаў, што яго катуюць, а куды-небудзь звярнуцца ён не можа”.

Пры гэтым дзяўчына дадае, што ні сваякі, ні сама яна ніколі не заўважалі за Міхаілам дэпрэсіўнасці. Таму казаць пра тое, што ён быў схільны да самагубства, немагчыма. На ўліку ў псіханеўралагічных дыспансэрах хлопец таксама не быў. Апошні ліст ад Міхаіла А. атрымала ўжо пасля пахавання, напісаны ён быў напярэдадні смерці.

“Ён яго напісаў на адным нейкім абарваным лісце, — працягвае дзяўчына. — Напісаў, нібы ён нешта там убачыў і менавіта гэта і стала прычынай, што ён прыняў канчатковае рашэнне. То бок я так зразумела, што гэты выпадак стаў апошнім, які яго падштурхнуў да самагубства. Але, на жаль, я падрабязнасцяў ужо не памятаю і тое, што я вам кажу, было напісана не відавочна, гэта так я зразумела, калі чытала”.

Перачытаць лісты ад Міхаіла Бевзюка, дзе могуць быць прамыя доказы давядзення яго да самагубства, ужо немагчыма. Іх канфіскавалі ў дзяўчыны падчас следства і дагэтуль не вярнулі. Калі лісты не былі знішчаныя, то яны мусяць знаходзіцца ў архівах. А адпаведна, маглі б змяніць вынікі папярэдняга следства. Натуральна, калі будзе прынятае рашэнне яго аднавіць і яно таксама трапіць пад уласны кантроль кіраўніка краіны.

Нагадаем, 3 кастрычніка стала вядома пра гібель вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. У першы тыдзень асноўнай афіцыйнай версіяй здарэння называлі самагубства. Але розгалас у СМІ і заява Аляксанра Лукашэнкі пра асабісты кантроль над справай прывялі да крымінальнай справы і прызнання факта нестатутных адносін. На 17-е кастрычніка вядома пра 10-х затрыманых па справе — семярых сяржантаў, аднаго прапаршчыка і двух афіцэраў.