У ваенны час арганізацыі Беларусі змогуць браніраваць да 40% супрацоўнікаў — BELPOL
Войска, ілюстрацыйнае фота / ТАСС
У Беларусі некалькі гадоў таму быў прыняты дакумент пра браніраванне ваеннаабавязаных супрацоўнікаў у ваенны час. Афіцыйна дакумент не публікаваўся, але яго выявіла ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL.
Гэта палажэнне "Аб парадку браніравання ваеннаабавязаных, якія працуюць у дзяржаўных органах, арганізацыях незалежна ад формаў уласнасці, на перыяд мабілізацыі і ваенны час". Палажэнне было зацверджанае пастановай Саўміна №252-18С ад 11 красавіка 2023 года.
У дакуменце вызначаюцца ваеннаабавязаныя, якіх не прызавуць у войска ў першую чаргу ў выпадку мабілізацыі ў ваенны час. У палажэнні адзначана, што ёсць арганізацыі, дзе бронь атрымаюць усе супрацоўнікі. Аднак самі гэтыя арганізацыі не ўдакладняюцца.
Астатнія арганізацыі могуць забраніраваць не больш за 40% ваеннаабавязаных. Рашэнне пра тое, хто атрымае бронь, будзе прымаць кіраўніцтва прадпрыемства.
Аднак пазначана, што бронь абавязкова атрымаюць кіраўнікі ды іх намеснікі ў дзяржорганах і арганізацыях. Таксама бронь дадуць навукоўцам са ступенямі доктара навук або званнямі прафесара і дацэнта.
Не трапяць пад браніраванне людзі, якія да 27 гадоў не служылі і не мелі на тое законных падстаў.
Акрамя таго ў палажэнні адзначаецца, што ў выпадку мабілізацыі тэхнікі будзе мабілізаваны і замацаваны за ёй персанал.