Выдаткі Беларусі на армію за час “поўнамаштабкі” ва Украіне выраслі ў 2,8 раза

Тактычныя вучэнні спецпадраздзяленняў ваеннай разведкі і КДБ Беларусі

Тактычныя вучэнні спецпадраздзяленняў ваеннай разведкі і КДБ Беларусі / LookByMedia

Выдаткі бюджэту Беларусі на абарону і сілавы блок растуць хутчэй, чым агульныя бюджэтныя выдаткі. Пра гэта сведчаць лічбы з апублікаванага праекта рэспубліканскага бюджэту на 2027 год.

Мы прааналізавалі Законы аб бюджэце на 2022 год (яго прымалі яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну) і на 2027 год. За гэты перыяд сукупнае фінансаванне артыкулаў “Нацыянальная абарона” і “Праваахоўная дзейнасць і забеспячэнне бяспекі” павялічыцца ў 2,55 раза — з 4,96 да 12,66 млрд рублёў.

У 2027 годзе на гэтыя мэты плануюць накіраваць 20,8% усіх выдаткаў рэспубліканскага бюджэту — кожны пяты бюджэтны рубель.

Агульныя выдаткі бюджэту за той жа перыяд вырастуць з 30,67 да 60,83 млрд рублёў, гэта значыць амаль удвая.

Пры гэтым выдаткі на войска павялічацца з 1,81 млрд рублёў у 2022 годзе да амаль 5,19 млрд у 2027-м — у 2,86 раза. Фінансаванне Міністэрства абароны за гэты час вырасце з 2 млрд да амаль 5,55 млрд рублёў.

 

А што з іншымі сілавікамі?

На праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі ў 2027 годзе прадугледжана 7,47 млрд рублёў супраць 3,14 млрд у 2022-м. Гэта павелічэнне ў 2,38 раза. Доля гэтага артыкула ў агульных выдатках бюджэту вырасце з 10,25% да 12,28%.

Расходы Беларуси на армию за время “полномасштабки” в Украине выросли в 2,8 раза
Беларускія знішчальнікі МіГ-29 узлятаюць падчас ваенных вучэнняў / LookByMedia

Сярод сілавых структур асабліва прыкметна павялічваецца фінансаванне ўнутраных войскаў МУС. У 2022 годзе на іх накіравалі каля 195,4 млн рублёў, у 2026-м прадугледжана 595,1 млн, а ў 2027-м — 698,1 млн рублёў. За пяць гадоў выдаткі на ўнутраныя войскі вырастуць у 3,57 раза.

Фінансаванне органаў дзяржаўнай бяспекі павялічыцца з 241,1 млн рублёў у 2022 годзе да 610,7 млн у 2027-м — у 2,53 раза.

Выдаткі на органы пагранічнай службы вырастуць з 301 млн да 716,7 млн рублёў, а на органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях — з 347 млн да 1,03 млрд рублёў.

Бюджэт Міністэрства ўнутраных спраў павялічыўся з 1,14 млрд рублёў у 2022 годзе да 2,52 млрд у 2026-м. У 2027 годзе выдаткі на органы ўнутраных спраў паводле функцыянальнай класіфікацыі складуць 2,78 млрд рублёў.

Таксама вырасце фінансаванне іншых ведамстваў. Выдаткі на Следчы камітэт павялічацца з 187,6 млн рублёў у 2022 годзе да 380,8 млн у 2027-м, а на Службу бяспекі прэзідэнта — з 33,6 млн да 87,5 млн рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.