Вы тут

Пратэсты "падаражаюць": у Беларусі прапануюць больш жорсткае пакаранне за 23.34

Марш пенсіянераў у Мінску / Еўрарадыё

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працягваюць працу над змяненнем кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці. У рэдакцыю TUT.by паступіў праект Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Законапраект, у прыватнасці, прапануе зрабіць больш жорсткім пакаранне за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. І вось прыклад зменаў, якія закрануць артыкул 23.34 (у новым КаАП яго нумар 24.23):

Частка 1. Парушэнне ўсталяванага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, здзейсненае удзельнікам такіх мерапрыемстваў, а роўна заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў альбо іншай асобай, —
цягнуць накладанне штрафу да 100 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Раней было: штраф у памеры да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Атрымліваюцца, што штрафы павялічваюцца ў некалькі разоў!

Што тычыцца адміністрацыйнага арышту, то ў праекце за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве паўторна прапануюць павялічыць максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту з 15 да 30 дзён!

Прапануецца ўзмацніць адказнасць і па артыкуле "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў". Калі цяпер ўстаноўлена пакаранне ў выглядзе штрафу ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак), то ў выпадку прыняцця змянаў штраф могуць павялічыць да 100 базавых велічынь.

Праект прапануе і новы від пакарання: грамадскія працы. У ім адзначана, што грамадскія працы — гэта бясплатная праца, якую вінаваты павінен выканаць у вольны ад асноўнай працы або вучобы час.

Яшчэ адно новаўвядзенне: артыкул "Незаконнае выкарыстанне сцягоў, вымпелаў, эмблем, выраб, распаўсюджванне плакатаў, эмблем і сімвалаў". За "выкарыстанне сцягоў ці вымпелаў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, а таксама плакатаў, эмблем і сімвалаў, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян, у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а роўна выраб або распаўсюд такіх сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем ці знакаў" прапануецца прызначыць пакаранне — штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 60 базавых велічынь.
 
Як паведаміла TUT.BY член пастаяннай камісіі па заканадаўстве Ірына Луканская, дакладная дата разгляду праекта ў другім чытанні яшчэ не прызначаная, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца бліжэй да новага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.