Закон аб адказнасці за "прапаганду" ЛГБТК+ і чайлдфры засталося падпісаць Лукашэнку
Галасаванне ў Савеце Рэспублікі / прэс-служба Савета Рэспублікі
Савет Рэспублікі 2 красавіка ўхваліў законапраект "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці". У гэтым законе прадугледжваюцца штрафы за "прапаганду" гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі.
Агулам у КаАП плануецца ўвесці дзевяць новых артыкулаў і 43 новых склады адміністрацыйных правапарушэнняў, перадае дзяржагенцтва БЕЛТА.
Артыкул 19.16 прадугледжвае пакаранне за "прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі". Фізічнай асобе пагражае штраф да 20 базавых велічыняў (900 рублёў на цяперашні час), індывідуальнаму прадпрымальніку — 100 базавых (4500 рублёў), юрыдычнай асобе — ад 100 да 150 базавых (6750 рублёў).
Таксама закон уводзіць адказнасць за "незаконнае прадстаўленне Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах" (арт. 24.62). Напрыклад, за ўдзел у спаборніцтвах без узгаднення з уладамі пагражае штраф ад 10 да 200 базавых (450-9000 рублёў), а для юрыдычных асоб — ад 20 да 1000 базавых (900-45 000 рублёў).
Незалежныя эксперты ААН па правах чалавека ў Беларусі характарызавалі новаўвядзенні наконт ЛГБТК+ як частку рэпрэсій.
Каб законапраект набыў моц, пад ім павінен паставіць свой подпіс Аляксандр Лукашэнка.