Прадпрымальнікаў у Беларусі застаецца ўсё меней. Чаму гэта дрэнна для эканомікі?

Усё болей прадпрымальнікаў сыходзіць з эканамічнай прасторы Беларусі

Усё болей прадпрымальнікаў сыходзіць з эканамічнай прасторы Беларусі / LookByMedia

За мінулы год беларуская эканоміка не далічылася 35 тысяч прадпрымальнікаў. Малы бізнес працягвае хутка знікаць з мапы краіны, і выглядае, што беларускай уладзе толькі гэтага і трэба.

Чаму Лукашэнка надалей ваюе з прадпрымальнікамі, якія ў большасці краін з’яўляюцца драйверамі росту эканомікі? І чаму чальцы яго сям’і ўжо непрыхавана “заваёўваюць” нішы рынку паслуг, ад шоу-бізнесу да медыцыны? На гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё адказаў Уладзімір Кавалкін, эканаміст і кіраўнік праекта “Кошт урада”.

— Пасля 2020 года колькасць ІП у Беларусі паступова скарачаецца. За мінулы год яна зменшылася яшчэ на 35 тысяч і склала 202 453 ІП. Чым можна патлумачыць гэты працэс? І як ён адбіваецца на развіцці беларускай эканомікі?

— Скарачэнне колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі нельга разглядаць як натуральны рыначны працэс, бо яно ў значнай ступені з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі. Фактычна гаворка ідзе пра паступовае выцісканне ІП як асобнага класа з эканомікі. Дзяржава паслядоўна ўводзіць абмежаванні, якія ўскладняюць вядзенне дзейнасці ў гэтай форме: звужаецца пералік відаў дзейнасці, па якіх  дазволена працаваць як ІП, уводзяцца абмежаванні на выкарыстанне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, павялічваецца адміністрацыйная нагрузка.

Прадпрымальнікаў у Беларусі застаецца ўсё меней. Чаму гэта дрэнна для эканомікі?
Прадпрымальнікі на кірмашы адзення / Lookbymedia

Асабліва моцна гэта закранае найбольш эфектыўныя і высокадаходныя сферы, такія як ІТ, кансалтынг і фрыланс. У гэтых галінах скарачэнне ІП ідзе хутчэй, чым у сярэднім па эканоміцы, бо працаваць у новых умовах становіцца проста эканамічна нявыгадна. У выніку людзі альбо закрываюць сваю дзейнасць, альбо пераходзяць у найм, альбо з’язджаюць за мяжу. Значная частка таксама сыходзіць у ценявы сектар, працягваючы працаваць нефармальна.

Для эканомікі гэта мае негатыўныя наступствы. Дзяржава не атрымлівае істотнага росту падатковых паступленняў, на які, відаць, разлічвала. Замест гэтага зніжаецца агульная прадпрымальніцкая актыўнасць, пагаршаецца бізнес-клімат, узрастае доля шэрай эканомікі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта вядзе да страты чалавечага капіталу і зніжэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.

— Адной з заўважных праяў у прадпрымальніцкай актыўнасці ў Беларусі стаў захоп рыначных ніш розных паслуг людзьмі, звязанымі з сям’ёй Лукашэнкі. Раней гэта спрабавалі хаваць, а цяпер перасталі. Чаму так адбываецца?

— Гэтая тэндэнцыя мае як эканамічныя, так і сістэмныя прычыны. Найперш трэба адзначыць, што пасля 2020 года і ўвядзення санкцый істотна зменшыліся магчымасці атрымання даходаў у буйным і міжнародным бізнесе. Раней асноўныя фінансавыя патокі фарміраваліся за кошт знешняга гандлю, нафтаперапрацоўкі і іншых высокамаржынальных сфер. Цяпер гэтыя крыніцы значна звузіліся, і, адпаведна, узнікла неабходнасць шукаць новыя.

У выніку адбываецца пераразмеркаванне ўвагі ў бок сярэдняга бізнесу. Калі раней асноўныя інтарэсы былі сканцэнтраваны ў буйным сектары, то цяпер назіраецца “спуск” на ніжэйшыя ўзроўні эканомікі. Пры гэтым выкарыстоўваюцца тыя ж механізмы, што і раней: адміністрацыйны ціск, праверкі, рэйдарскія захопы з выкарыстаннем сілавых структур, а таксама прымус да перадачы бізнесу патрэбным асобам.

Тое, што гэта перасталі хаваць, можна растлумачыць агульнай эвалюцыяй сістэмы. Калі раней яшчэ існавала патрэба падтрымліваць пэўную бачнасць канкурэнцыі і законнасці, то цяпер такой неабходнасці ўжо няма. 

Сістэма стала больш закрытай і менш залежнай ад грамадскай думкі, таму дзеянні ажыццяўляюцца больш адкрыта. Фактычна гэта лагічны працяг развіцця аўтарытарнай мадэлі, у якой пры змяншэнні рэсурсаў узмацняецца іх прымусовае пераразмеркаванне.

— Беларускія ўлады змянілі пералік сфер дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Навошта гэта рабілася і якія наступствы гэта мела?

— Гэтыя заканадаўчыя змены, найхутчэй, былі накіраваны на павелічэнне падатковых паступленняў у бюджэт. Раней ІП, асабліва ў сферах інтэлектуальнай працы, маглі карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання і плаціць адносна невялікія падаткі. У выпадку пераходу ў форму юрыдычнай асобы падатковая нагрузка істотна ўзрастае, бо з’яўляюцца падатак на прыбытак і падатак на дывідэнды, а таксама павялічваюцца адміністрацыйныя выдаткі.

Прадпрымальнікаў у Беларусі застаецца ўсё меней. Чаму гэта дрэнна для эканомікі?
Прадпрымальнікі на крытым Камароўскім рынку ў Мінску / Lookbymedia

Аднак на практыцы гэты разлік не спрацаваў. Для многіх прадпрымальнікаў пераход у юрыдычную асобу аказаўся нявыгадным і складаным. Гэта патрабуе не толькі дадатковых выдаткаў на бухгалтэрыю і справаздачнасць, але і зусім іншага маштабу дзейнасці, фактычна ператварэння з самазанятага спецыяліста ў кіраўніка кампаніі. Не ўсе гатовы і жадаюць ісці гэтым шляхам.

У выніку значная частка людзей проста адмовілася ад легальнай дзейнасці ў форме ІП. Хтосьці закрыў бізнес, хтосьці перайшоў у нефармальны сектар, хтосьці з’ехаў за мяжу. Пры гэтым колькасць юрыдычных асоб не паказала істотнага росту, што сведчыць пра адсутнасць масавага пераходу ў новую форму. Дадаткова сітуацыю ўскладняюць юрыдычныя і падатковыя рызыкі, звязаныя з перадачай маёмасці ад ІП да юрасобы.

Такім чынам, замест павелічэння даходаў у  бюджэт гэтыя меры прывялі да зніжэння прадпрымальніцкай актыўнасці і росту ценявой эканомікі, што ў доўгатэрміновай перспектыве мае негатыўны эфект.

— Наколькі рызыкоўна адкрываць ІП у Беларусі сёння? Ці ёсць неабходныя ўмовы для вядзення бізнесу?

— На сённяшні дзень адкрыццё ІП у Беларусі звязана з высокімі рызыкамі, галоўным чынам праз непрадказальнасць дзяржаўнай палітыкі. Прадпрымальнік, які плануе сваю дзейнасць, не можа быць упэўнены, што праз некалькі месяцаў або нават раней правілы не зменяцца. Можа быць прыняты новы ўказ або дэкрэт, які зробіць яго дзейнасць немагчымай у форме ІП або істотна пагоршыць умовы працы.

У такіх умовах складана будаваць доўгатэрміновыя планы, інвеставаць у развіццё і маштабаванне бізнесу. Гэта падштурхоўвае людзей шукаць альтэрнатыўныя шляхі. 

Хтосьці выбірае працу як фізічная асоба, хтосьці часткова сыходзіць у шэры сектар, камбінуючы розныя схемы, у тым ліку працу з наяўнымі грашыма або праз замежныя рахункі і крыптаінструменты. Значная частка прадпрымальнікаў разглядае магчымасць эміграцыі як больш стабільны і прадказальны варыянт.

Асабліва гэта закранае тыя сферы, дзе ключавым рэсурсам з’яўляюцца веды і навыкі. Для такіх відаў дзейнасці форма ІП раней была аптымальнай, але цяпер яна губляе сваю прывабнасць. 

У цэлым можна сказаць, што ў Беларусі на дадзены момант адсутнічае стабільны фінансавы мікраклімат і прадказальнае рэгулятарнае асяроддзе, неабходнае для развіцця малога бізнесу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.