Назвалі кадэбіста, які курыраваў завербаванага намдырэктара спецслужбы Малдовы

Камітэт дзяржбяспекі

Камітэт дзяржбяспекі

У Румыніі назвалі імя афіцэра КДБ Беларусі, які курыраваў завербаванага экс-намесніка дырэктара малдаўскай Службы разведкі і бяспекі.  

У жніўні-верасні 2025 года ў некалькіх краінах Еўропы была выкрытая шпіёнская сетка беларускага КДБ. Сярод іншых завербаваных быў арыштаваны і Аляксандру Балан. Як паведамляюць румынскія СМІ, цяпер Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам Румыніі завяршыла расследаванне і перадало яго справу ў суд.

Паводле інфармацыі следства, у 2024 і 2025 гадах Балан двойчы сустракаўся ў Будапешце з супрацоўнікамі беларускай разведкі, што стварыла пагрозу нацыянальнай бяспецы Румыніі. Падчас сустрэч ён атрымліваў за перададзеную інфармацыю грошы, сумы не агучваюцца, заўважыў тг-канал MAYDAY.

Румынскія СМІ даведаліся, што Балан падтрымліваў сувязь з афіцэрам КДБ Уладзімірам Варажбітавым, якому дапамагалі тры іншыя супрацоўнікі КДБ. Той жа афіцэр, дарэчы, курыраваў іншага шпіёна — Уладзіслава Надзейку ў Польшчы.

Для сувязі шпіёны карысталіся агульнай паштовай скрыняй. Яны размяшчалі паведамленні ў тэчцы "Чарнавікі", не адпраўляючы іх. Такія лісты бачаць абодва карыстальнікі скрыні, але яны не праходзяць праз Сеціва, што ўскладняе працу следчых. Адна з паштовых скрынь Балана [email protected] была выдаленая з IP-адрасу ў Беларусі неўзабаве пасля яго затрымання ў Румыніі.

Паведамляецца таксама, што паштовы рахунак Балана быў падлучаны да тэлефона Blackview, які знайшлі ў яго дома пры ператрусе. Тэлефон быў схаваны ў "чахле Фарадэя", які блакуе электрамагнітныя сігналы і прадухіляе аддалены доступ да гаджэта. Файлы шыфраваліся з дапамогай прыкладання VeraCrypt.

За шпіянаж Аляксандру Балану пагражае да 20 гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.