Сталі вядомыя падрабязнасці біяграфіі беларускага шпіёна ў Латвіі
Сяргей Баранаў / Белпол, з базы ІС "Пашпарт"
Сталі вядомыя дэталі біяграфіі шпіёна беларускага ГРУ, які працуе на латвійскім напрамку. Напярэдадні латвійская разведка назвала яго імя — Сяргей Баранаў. Больш пра яго паспрабавала даведацца "Наша Ніва" з дапамогай Belpol.
Баранаву 42 гады. Ён нарадзіўся ў нямецкім Лейпцыгу, паходзіць з сям'і савецкіх вайскоўцаў. Ягоная маці — вайсковая пенсіянерка.
Вядома, што ў дзяцінстве Баранаў жыў у Віцебску, дзе скончыў мясцовы ліцэй. У 2005 годзе ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
Пасля ўніверсітэта Баранаў праходзіў службу ў часці №97030 у Барысаве, дзе даслужыўся да намесніка начальніка штаба. Потым ён перайшоў на службу ў вайсковую часць №51886, якая цяпер мае нумар 11709. Як казаў былы супрацоўнік "Байпол" Алег Талерчык, гэта самае закрытае падраздзяленне — дзявятае ўпраўленне ГРУ. На яго базе ў 2014 годзе было створанае дыверсійнае спецпадраздзяленне для працы за мяжой.
Паведамляецца, што Баранаў не раз бываў у Расіі. Напрыклад, 12 чэрвеня 2017‑га і 29 траўня 2019‑га ён рэгістраваў сім-карты ў Маскве на сваё імя. У 2014 годзе мужчына наведваў акупаваны Крым: фота адтуль з'явіліся ў яго сацсетках.
У Латвію Баранаў выязджаў з Беларусі як мінімум двойчы, кожны раз — цягніком праз Бігосава. Згодна з данымі аб перасячэнні мяжы, гэта было з 18 да 24 жніўня 2014-га і з 18 да 23 ліпеня 2015-га. Абедзве паездкі ён пазначаў як прыватныя.
У спісах яго сяброў у сацсетках палова людзей з Расіі і траціна з Украіны ці акупаваных тэрыторый. Мінімум трое з яго інтэрнэт-сяброў паходзяць з Латвіі.
Латвійская разведка мяркуе, што ГРУ вярбуе агентаў для збору разведданых і шукае іншых агентаў. Па звестках службы, Сяргей працуе менавіта на гэтым кірунку. Таксама латвійская разведка адзначала, што беларускія спецслужбы фактычна сталі філіяй расійскіх.